У лістападзе 2014 году старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць 15 лістапада 2015 году. І падрабязна абгрунтавала гэтую дату, спасылаючыся на заканадаўства. З таго часу ўлады арыентаваліся на яе.
У незалежных мэдыях зьяўляліся прагнозы, што палітычнае кіраўніцтва можа наблізіць прэзыдэнцкую кампанію, правесьці датэрміновыя выбары. Але Лукашэнка з праведным гневам і абурэньнем абвяргаў такія меркаваньні. У кастрычніку мінулага году ён заявіў: «Падладжвацца пад выбары, як мне прапануюць (тут ужо ўсе пішуць, пачынаючы ад некаторых апазыцыянэраў), — давайце правядзем не ў лістападзе наступнага году, як патрэбна, калі тэрмін канчаецца, а ў сакавіку, маўляў, цяпер абстаноўка прыдатная, рэйтынг у дзейнага прэзыдэнта ледзь не 90%, давайце правядзем. Гэта будзе падман нашых выбаршчыкаў і насельніцтва. Мы не павінны гэтага рабіць, тым больш падстаўляцца там, дзе ня трэба, пад крытыку».
І ў аўторак, 9 чэрвеня, прымаючы Лідзію Ярмошыну, Аляксандар Лукашэнка зноў з абурэньнем адрынуў ідэю правядзеньня датэрміновых выбараў: «Пісаньняў у канцы мінулага году было шмат: Лукашэнка правядзе выбары ў лютым, сакавіку, пакуль тут не наступілі горшыя часы, скарыстаецца сытуацыяй ва Ўкраіне і гэтак далей, і да таго падобнае. Я тады сказаў, што мы сумленна правядзём гэтыя прэзыдэнцкія выбары і ў тэрмін. Мы гэтае слова трымаем».
Сказаўшы так, Лукашэнка тут жа падтрымаў прапанову Ярмошынай правесьці фактычна датэрміновыя выбары, перанесьці іх на 11 кастрычніка, то бок больш як на месяц. Гаспадар свайго слова. Ніхто ня ўмее так шчыра называць чорнае белым, як Аляксандар Рыгоравіч. І прычым талент не падуладны гадам.
Самае цікавае тут вось у чым. Ва ўсіх незалежных мэдыях ужо шмат часу ўсе кажуць, што выбараў у Беларусі няма, што вынікі прэзыдэнцкай кампаніі прадвызначаныя, што апазыцыя ў палітычнай коме, што ўсе перадвыбарчыя дзеяньні — гэта суцэльны балаган, фуфло, імітацыя і інш. Таму ўладам, здавалася б, застаецца толькі ладзіць фармальныя працэдуры і спачываць на ляўрах, бо ўсё пад кантролем. Але вось высьвятляецца, што само палітычнае кіраўніцтва так зусім ня думае. Ліхаманкавы перанос даты выбараў сьведчыць пра тое, што там, наверсе, няма такой упэўненасьці. Яны моцна нэрвуюцца — і вось раптам замітусіліся. Вядома, што Аляксандар Лукашэнка — вялікі перастрахоўшчык. Але перастрахоўвацца трэба тады, калі нешта трывожыць.
Лукашэнка пайшоў на прысьпешваньне тэрміну выбараў, нягледзячы на тое, што тым самым ён дэманструе сваю слабасьць
Лукашэнка пайшоў на прысьпешваньне тэрміну выбараў, нягледзячы на тое, што тым самым ён дэманструе сваю слабасьць, няўпэўненасьць — дэманструе і намэнклятуры, і вонкавым суб’ектам як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
На май погляд, існуюць прынамсі дзьве прычыны такога рашэньня. Найперш, улады зразумелі, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне ня проста кепская, але мае тэндэнцыю да пагаршэньня. На дадатак да скарачэньняў на прадпрыемствах, пераводу на няпоўны працоўны тыдзень пачаліся затрымкі ў выплаце заробкаў. Плюс адбываецца рэзкае зьніжэньне абменнага курсу беларускага рубля. І наперадзе ніякіх пэрспэктыў. Відаць, пляны па хоць бы сымбалічным падвышэньні заробкаў перад выбарамі выявіліся невыканальнымі. Магчыма, і з расейскай дапамогай не ўдаецца так, як хочацца. Заявы пра пралянгацыю доўгу гучаць толькі зь беларускага боку. Расейскія афіцыйныя асобы на гэтую тэму апошнім часам маўчаць. У такой сытуацыі выбары варта правесьці раней.
Другая прычына. Правядзеньне выбараў на месяц раней азначае, што зьбіраць подпісы давядзецца ў асноўным у жніўні. І гэта стварае дадатковыя цяжкасьці для апазыцыі. Найперш, значная частка апазыцыйнага электарату, прадстаўнікі сярэдняй клясы гэтым часам будуць адпачываць дзесьці на цёплым моры. Акрамя таго, жыхары гарадоў масава едуць на лецішчы. Таму вечарам, пасьля працы, калі ў асноўным зьбіраюцца подпісы, большасьць кватэраў будзе зачынена. Пікеты на вуліцах ва ўмовах грамадзкай апатыі і фаталізму наўрад ці дадуць такі эфэкт, як у 2010 годзе.
Гэта азначае, што ўлады гэтым разам імкнуцца да таго, каб у выбарчых бюлетэнях апазыцыйных кандыдатаў было як мага менш. Тактыка мінулых выбараў, калі ўлады рабілі стаўку на масавасьць у асяродзьдзі апанэнтаў Лукашэнкі, цяпер выкарыстоўвацца ня будзе. То бок высьвятляецца, што якая апазыцыя ні слабая, але для ўлады яна ўсё роўна ўяўляе пагрозу. Бывае, варта глядзець на сябе вачыма праціўніка.
Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.