Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына хоча правесьці прэзыдэнцкія выбары 11 кастрычніка

абноўлена

Палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што перанос можа быць зьвязаны зь дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне. А палітык Тацяна Караткевіч думае, што ўлады папросту баяцца канкурэнцыі.

Пра гэта журналістам паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае БЕЛТА.

Па словах Ярмошынай, гэтая дата апраўданая, таму што ня прыйдзецца зьбіраць пазачарговую сэсію парлямэнту. «Парлямэнт, працуючы цяпер, да свайго сыходу на вакацыі можа абвясьціць дадзеную выбарчую кампанію», — сказала яна. Кіраўнік ЦВК будзе зьвяртацца ў парлямэнт, каб гэта адбылося 30 чэрвеня. Ярмошына мяркуе, што гэты дзень можна будзе лічыць пачаткам выбарчай кампаніі.

Раней Ярмошына заяўляла, што найбольш імаверная дата выбараў — 15 лістапада.

Кароль: Магчыма, зьвязана зь дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне

Палітоляг Аляксей Кароль у інтэрвію Свабодзе выказаў думку, што перанос выбараў можа быць зьвязаны як з унутрыэканамічнымі, так і зьнешнепалітычнымі фактарамі.

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

"Я думаю, што тут перш за ўсё эканамічны складнік, і пакуль не абвалілася, трэба хутчэй правесьці, замацавацца на тых жа пазыцыях і быць пераабраным. Ну, лёгіка тут вядомая. Яшчэ адным матывам можа быць зьнешнепалітычны чыньнік, зьвязаны з апошнімі кантактамі Лукашэнкі з Пуціным і з паездкай Макея ў Маскву — магчыма, там гэта нейкім чынам абгаворвалася і ўзгаднялася. Магчыма гэта будзе нейкім чынам зьвязана зь дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне. Але гэта пакуль развага на грунце вельмі ўскосных фактаў — дакладных публічных фактаў па тых жа перамовах у Маскве мы ня маем«, — мяркуе Кароль.

Карняенка: Улады блытаюць карты

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка лічыць, што ва ўладаў няма важных патрэбаў пераносіць дату выбараў з 15 лістапада на 11 кастрычніка. Але такі перанос магчымы, каб нашкодзіць палітыкам, якія сур’ёзна рыхтуюцца да выбарчай кампаніі паводле ўжо распрацаванага іхнімі штабамі календара.

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

«Я ня думаю, што перанос выбараў моцна на нешта паўплывае. Але сам факт такіх паводзінаў улады сьведчаць пра іх жаданьне заблытаць карты і стварыць пэўныя перашкоды тым палітыкам, якія рыхтуюцца да кампаніі паводле календара. Якія ёсьць патрэбы хуценька пераносіць выбары? Што здарылася? Што такога важнага на 15 лістапада заплянаванае? Нічога. Гэта проста хітрыкі, якія сьведчаць пра тое, што ўлада ў Беларусі аднаасобная і зыходзіць толькі са сваіх інтарэсаў як мага даўжэй захавацца. Але я думаю, што тыя палітыкі, якія сур’ёзна рыхтаваліся да ўдзелу ў гэтай кампаніі (ня буду называць іх выбарамі), ня будуць засьпетыя зьнянацку».

Янукевіч: Выбары прысьпешвае кепскі стан эканомікі

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што ідэю правесьці прэзыдэнцкія выбары ўжо ў кастрычніку выклікала кепская сытуацыя ў эканоміцы Беларусі.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Можна казаць пра яўнае прысьпешваньне даты выбараў, і зьвязана гэта ў першую чаргу з тым станам эканомікі, які мы можам цяпер назіраць. Ён пагаршаецца, а рэсурсаў, каб да выбараў трымаць высокі ўзровень заробкаў, каб трымаць курс беларускага рубля, у беларускай дзяржавы няшмат. Каб не дапусьціць перад выбарамі нейкага сур'ёзнага пагаршэньня, і зьявілася прапанова правесьці іх раней, чым плянавалася. У гэтым я перакананы», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Аляксей Янукевіч.

Някляеў: Улады задаволеныя станам апазыцыі

Ініцыятар руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» Ўладзімер Някляеў заявіў Свабодзе, што сярод прычын, якія стаяць за ідэяй пераносу выбараў на больш раньнюю дату, — разьяднаны стан апазыцыі і эканоміка, якая будзе пагаршацца з кожным месяцам.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Перанос выбараў на ранейшы тэрмін быў запраграмаваны. Я неаднойчы казаў пра гэта на сустрэчах апазыцыйнай кааліцыі і настойваў праз гэта на прыняцьці як найхутчэйшых рашэньняў. Прапанова пераносу зьвязаная ня столькі з палітыкай, колькі з эканомікай. Цяпер стан эканомікі кепскі з тэндэнцыяй да зусім кепскага. І чым глыбей у восень, тым глыбейшы будзе крызіс і тым больш будзе ўзмацняцца незадаволенасьць людзей, з магчымымі акцыямі пратэсту. Таму вось і вырашылі правесьці выбары яшчэ на летнім тлушчыку электарату. Гэта першая прычына. А другая — гэта стан апазыцыі. Сёньня ўлады цалкам задаволеныя пастраеньнем апазыцыі перад выбарамі, гэтымі некалькімі калёнамі, якія вырашылі ісьці і асобна перамагаць. А ўсе сур’ёзныя дзеяньні пачнуцца ў нашай краіне пасьля выбараў. Вось да пасьлявыбарнай барацьбы за будучыню Беларусі нам і трэба рыхтавацца».

Караткевіч: Улады баяцца сапраўднай канкурэнцыі

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Навіну аб прапанове правесьці прэзыдэнцкія выбары 11 кастрычніка Свабодзе пракамэнтавала Тацяна Караткевіч, адзін з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта.

— Ці гэта нечакана? Вядома. Бо яны раней казалі, што нібыта няма ніякіх падстаў, каб пераносіць дату выбараў і рабіць іх раней, але зараз усё зьмянілі. Відавочныя два фактары ў такім рашэньні. Першае: калі ўлада прызначае выбары фактычна на лета, гэта значыць, што яна ня хоча, каб грамадзтва актыўна ўдзельнічала ў гэтай кампаніі. І не зьбіраецца слухаць патрэбы беларусаў. І другі фактар — гэта канкурэнцыя. Сёньняшняя ўлада відавочна баіцца сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і таму будзе ўсё рабіць у сваіх інтарэсах.

— Як вы мяркуеце, ці паўплывала на гэтае рашэньне сытуацыя ў Расеі?

— Вядома, паўплывала, і тут наўпроставая сувязь з сытуацыяй у Беларусі. Бо ўлады ня могуць утрымаць тую стабільнасьць, пра якую раней казалі. Цяпер яна зьмяншаецца з кожным днём, і таму ўлады вырашылі не цягнуць з выбарамі, а правесьці іх як мага хутчэй.

— Якіх дадатковых высілкаў ад вас запатрабуе такое рашэньне? Што будзеце рабіць неадкладна?

— Я ўжо пачала сваю кампанію. Сёньня была ў Мікашэвічах, зараз вось еду ў Лунінец. Праводжу сустрэчы зь людзьмі, з актывістамі, размаўляю зь імі пра выбары, пра ідэю «Народнага рэфэрэндуму». Я проста вымушана буду рабіць гэта больш актыўна.

— У сувязі з такой сьпешкай ці не зьявіліся ў вас апасеньні, што ня ўдасца сабраць 100 тысяч подпісаў?

— Ды не, такіх думак у мяне няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG