Як Піліп з канапель:
- Зусім нечакана, неўспадзеўкі, зьнянацку, раптоўна (выскачыць, зьявіцца)
- Нечакана і недарэчна (выказацца, учыніць нешта)
Выраз агульнабеларускі, спадзяюся — і агульнавядомы.
Выскачыў журавель,
Як Піліп з канапель,
Напалохаў жабку,
Адтаптаў ёй лапку.
(Якуб Колас. Рак-вусач)
Салідная гісторыя гэтага сталага выразу — як ніякага іншага — поўная вэрсіяў і містыфікацыяў. Упершыню запісаны ў польскай, датуецца 1562 годам.
Cóż wżdy się z nami dzieje, iż tak nic nie dbamy,
Jako Filip w konopiach prawie ulegamy.
(Зборнік эпіґрамаў „Зьвярынец“ Мікалая Рэя)
Значэньне трохі розьніцца ад звыклага нам сёньня — гэта пра засьпетага зьнянацку і таму пакорлівага чалавека.
Выраз бытуе ў вялікім рэгіёне нашай Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Яго ведаюць і ўкраінская (як Пилип з конопель), і літоўская (lygu Pilypas iš kanapių), і чэская, і славацкая (ako Filip z konopí). Наўрад ці ўсе гэтыя мовы яго пазычылі з польскай.
Пісьменьнік і філёляг Салямон Рысінскі, родам з полацкай шляхты (той самы, што першым у пісьмовым дакумэнце назваў сябе беларусам — Leuсorussus), яшчэ ў 1618 годзе зафіксаваў выраз у польскамоўнай вэрсіі свайго зборніку фразэмаў і прыказак, выдадзенага ў Любчы над Нёманам:
Wymknął go jak Philipa z konopi ‘выгнаў яго як Піліпа з канапель’.
У беларускай школьнай інтэрмэдыі „Літарат, Селянін i Самахвальскі“, запісанай у пачатку XVIII ст., а ўзьніклай, відаць, яшчэ раней, Літарат кпіць зь Селяніна, які зьбіраецца весьці зь ім дыспут: маўляў, вырваўся Піліп з канапель. А Селянін яму:
...Хоць ты, Вашэць, мудрэц, не Піліп я, да Гаўрыло.
Першы патлумачыў выраз ксёндз Бэнэдыкт Хмелёўскі ў модным у той час зборніку „Новыя Атэны, альбо Акадэмія ўсялякай сцыенцыі поўная і г.д.“ (Львоў, 1745): маўляў, недалёкі шляхціч Філіп за Аўгуста І быў паслом на сойме ў Петракове і праславіўся тым, што выступаў у парлямэнце не на тэму.
Пазьней высьветлілася, што Хмелёўскі ўсё выдумаў, але пісьменьнікам настолькі спадабаўся вобраз правінцыйнага недарэкі Філіпа, што яны наперабой выводзілі яго ў літаратурныя пэрсанажы.
Прычым бедны Філіп/Піліп ня мог знайсьці геаграфічнага прытулку. Аўтары з Кароны Польскай яго выпраўлялі ў Сандамірскае ваяводзтва. А беларускі вучоны і літаратар Павал Шпілеўскі ў 1852 г. патрыятычна прыпісаў Піліпа да засьценку Каноплі ў тагачасным Ігуменскім павеце. Але Канопляў на Ігуменшчыне мне знайсьці не ўдалося, быў толькі засьценак зь пяшчотнаю назваю Канапелькі Ігуменскага павету (цяпер Узьдзенскі р-н).
Практычна ў той самы час (1854) беларускі пісьменьнік Уладзіслаў Сыракомля ў польскамоўных „Фрагмэнтах пра Філіпа з Канапель, сьпісаных рытмам“ лякалізуе яго радзіму на Падольлі, пад Астрогам.
Шляхціч Філіп, няшчасны герой Сыракомлевай паэмы, меў вельмі альтруістычныя шляхотныя (міжвольны калямбур) памкненьні, а таму вечна рабіў нешта неўпапад, насуперак чаканьням навакольля. Яго сватаюць да каханай дзяўчыны — а ён ладзіць ёй заручыны з хлопцам, у якога закаханая яна. Павятовая шляхта выбірае яго на агульнадзяржаўны сойм — а ён патрабуе правоў для сялянаў. У выніку зь яго сьмяюцца і зьневажаюць нават пасьля сьмерці. Карацей, прагрэсіўны, але не зразуметы рэакцыйным асяродзьдзем Піліп з Канапель...
Урэшце дасьледнікі прыказак і фразэалягізмаў зразумелі, што ніякага наіўнага й недалёкага дэпутата Філіпа не было. Аляксандар Вярыга-Дароўскі ў 1874 годзе вылучыў „паляўнічую“ вэрсію: маўляў, словам піліп (або filip) завуць зайца. Ён хаваецца у пахучых каноплях ад сабак, якія там ня могуць узяць сьлед, але са страху выскоквае. Пасьля гэтую канцэпцыю паўтаралі шматлікія філялягічныя аўтарытэты, яна паўплывала нават на правапіс выразу ў польскай мове (у ім слова filip патрабуецца пісаць з малой літары).
Але мяне насьцярожыла нязгода паміж дасьледнікамі. Беларускія навукоўцы гэты выраз лічаць пазычаным з польскае мовы і сьцьвярджаюць, што словам filip завуць зайца ці то ў польскіх гаворках, ці то польскія паляўнічыя. А польскія аўтары, наадварот, кажуць, што філіп — назва зайца то ў гаворках неакрэсьленай „Русі“, то канкрэтна ў Галіцкай Русі, на Падольлі, то ў „жыхароў Палесься“, то ў беларускіх дыялектах. Ніхто ня хоча лічыць сваім таго заечага піліпа-філіпа, не раўнуючы як Фэлікса Дзяржынскага! Відаць, польскія/беларускія/украінскія мовазнаўцы ня сьмелі пярэчыць старым аўтарытэтам, але кожны ў сваёй мове не маглі знайсьці такіх дыялектызмаў. Таму і аддавалі слова суседзям.
Да таго ж немагчыма, каб у беларускіх ці ўкраінскіх дыялектах быў філіп з пачатным [ф]. Беларуская, украінская і літоўская мовы ўласнага гуку [ф] ня ведалі, ён толькі ў запазычаных словах, дзе часта замяняўся на [п] або [хв]. На гэты момант у слоўніках і тэматычных артыкулах ані філіпа, ані піліпа ў ролі зайца і я не знайшоў; няма яго і ў пашпартызаваных зборах лексыкі польскага паляўнічага арго. У Беларусі з жывых істотаў дыялектную назву з коранем піліп- мае хіба што піліпéц ‘кнігаўка’ (на Браслаўшчыне).
Выраз мае сынонімы:
у 1-м значэньні ('нечакана') —
ні стуль ні сьсюль, ні з таго ні зь сяго, ні села ні пала, адкуль ні вазьміся, нібы з грому, як сьнег на галаву, (выскачыў) як жаба з куста, як казак з маку, як чорт з лазы, як сарока на вярбе, як цецярук, як варам абліты, як апараны, як з полымя.
у 2-м значэньні ('недарэчна') —
(боўтнуў) як жаба ў калодзежы, не пажаваўшы пляснуў, ляснуў як пярун у зацірку, пляснуў як пранікам па вадзе, ляпнуў як з пастала, як чорт у лужыну плюнуў. На няісных ужо Мерлінскіх хутарах на Століншчыне (саветы зрабілі там авіяпалігон) пра няўдалае выказваньне казалі ляпнуў як карова на трэску.
А з канапель, акрамя Піліпа, выскокваюць: певень, шляхціч, Раман. Певень ня надта разумная птушка, а ўжываньні словаў шляхціч і Раман у тым самым выразе падказваюць, што і Піліп тут проста чалавек — магчыма, з пэўнымі адмоўнымі характарыстыкамі. У беларускай фразэалёгіі й парэміялёгіі Піліп даволі часты пэрсанаж:
Дзядзька Піліп, ці ты да лаўкі прыліп?
Піліп да чаркі прыліп.
Калі Піліп уесца, то і Пятро ня выганіць.
Калі шанцуе, то і Піліп танцуе.
Лепей было, пане Піліпе, сядзець табе ў Ліпе, — тут ужо Цыпрыян Камуняка (sic! гэта беларускае прозьвішча!) казаў у адрас канкрэтнага Піліпа — Абуховіча — за здачу маскоўцам Смаленску.
Відавочна, Піліпа ўва ўсіх выразах трэба пісаць зь вялікай літары.
P. S. Калі я ўжо дакапаўся да адказу, знайшоў 30-гадовае даўніны публікацыю гомельскага навукоўца У. Коваля „Да паходжаньня фразэалягізма як Піліп з канапель“ (Беларуская мова. Міжведамасны зборнік. Вып. 14. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1986). Мовазнаўца пацьвярджае, што нідзе зайца піліпам не завуць, і наагул што каноплі вырошчвалі на ўгноеных землях побач з чалавечым жытлом, дзе заяц, як правіла, ня шыўся.
Мноства імёнаў, што трапляюць у адпаведны фразэалягізм ці прыказку, набывае кантэкстуальнае значэньне толькі ў іх (параўнай Хто бесіцца, а Саўка цешыцца або Хомка сядзіць ціханька, а думае ліханька). Як ужо згадвалася, поруч зь Піліпам з канапель можа выскачыць (вырвацца) і Раман. Ва ўкраінцаў — чорт, казёл, верабей, Дзям’ян і Марцін. Ёсьць ва ўкраінскай мове і выразы Вася з Коноплянівки (пра наіўнага або абкуранага), як ведзьма ў каноплях (пра адпаведнага выгляду жанчыну).
А ключавое слова ў ідыёме як Піліп з канапель -- менавіта каноплі, густы пах якіх уплываў на паводзіны чалавека, робячы іх зусім не альтруістычна-шляхотнымі.
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.