Нават у генэтычна роднасных мовах бываюць амаль аднолькавыя словы з процілеглым значэньнем: беларускі чэрствы хлеб і чэскі čerstvý chléb — значыць ‘сьвежы’. Або беларускае слова благі (пра якое не падазраваў маркетоляг, які без згрызотаў завёз да нас грэчку „Благую“).
Беларускі прыметнік бясьпечны і расейскі „беспечный“ маюць рознае значэньне. А госьць можа зразумець беларускае слова і зусім адваротна: у яго небясьпечныя паводзіны — ага, „не беспечное поведение“, значыць, адказны чалавек, можна даверыцца.
Пры пандэміі Арт Сядзіба і Эўрарадыё запусьцілі чараду онлайн-канцэртаў „Бясьпечны LIVE“— для адказных за здароўе сваё і блізкіх. Не для „беспечных“!
Ці дачакаемся абгрунтаванай заявы эпідэміёлягаў: „Турыстам ехаць у Беларусь бясьпечна“? А пакуль тое, у беларускія санаторыі едуць „беспечные туристы“.
Таксама і ў фармальных, і ў папулярна выкладзеных правілах дарожнага руху гэта важны тэрмін. Малых вучаць бясьпечна пераходзіць вуліцу (а „Гаварун“ надае павучальным мульцікам беларускі голас):
І дарослыя беларусы мусяць ведаць, што менавіта бясьпечная язда, а не „беспечная“, — наш нацыянальны брэнд.
У беларускай мове словы гэтай асновы былі спрадвеку. „Кажнаму вольны і бясьпечны прыступ да справядлівасьці“ гарантаваў Статут Вялікага Княства Літоўскага.
У слоўніку беларускай народнай мовы Івана Насовіча (1870) прыметнік небясьпечны, акрамя звыклага і сёньня сэнсу (небясьпечная дарога), азначае яшчэ і ‘ненадзейны’: „Ён небясьпечны чалавек, яму няможна паверыць гэтага дзела“.
Nizkiz. Небясьпечна
Такім чынам, яшчэ адзін нюанс значэньня слова бясьпека — гэта ‘гарантыя’, адсюль у міжваеннай беларускай мове былі альтэрнатывы русізму „страхаваньне“: убесьпячэньне Янка Станкевіч узяў з Насовіча; забесьпячэньне прапаноўвалі як варыянт Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у сваім культавым слоўніку 1928 году.
Цікава, як у роднасных мовах адзін і той самы набор прыстаўкі-кораня-суфікса пачынае абазначаць рознае. Слова бясьпека першапачаткова азначала стан бязь „пекі“ (параўн. слова апека; бяз клопату, без пагрозаў). Адсюль прыметнік бясьпечны. У расейскай мове такога назоўніка няма, а прыметнік „беспечный” — пра таго, хто „ни о чём не печётся“ (ні пра што ня рупіцца).
Да таго ж словы „беспечный“ і „беспечальный“ (цяпер састарэлае) нейкі час успрымалі як сынонімы (напрыклад, Уладзімір Даль). А знакаміты расейскі лінгвіст Леў Усьпенскі дзяліўся сваім дзіцячым успрыманьнем слова „беспечный“ — ён думаў, што гэта пра вельмі беднага чалавека, у якога нават печкі няма.
Беларускае слова бясьпечны сёньня ўжываецца ў двух асноўных значэньнях: ‘надзейна абаронены ад пагрозаў’, а таксама ‘няшкодны’, напрыклад бясьпечны лек.