Часам падобныя словы ў беларускай і расейскай азначаюць зусім адваротнае (як „блага“ і „благо“). Не трапляйма ў моўныя пасткі! Працягваем сэрыю „Па-беларуску зусім наадварот!“
Нечакана для тых, хто гадаваўся у расейскамоўі, будзе ўведаць, што слова ўрод у нас зусім пазытыўнае. Гэта багаты ўраджай, калі ці то пшаніцы, ці то бульбы, ці то яблыкаў шчодра ўрадзілася.
Урод, ураджай, урадзіцца — словы аднаго шэрагу.
Ёсьць і адпаведная прыказка — філязофская мудрасьць:
Дзе ўрод, там i ўмалот.
Мала таго. У клясычным расейска-беларускім слоўніку С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928 год) расейская „красота“ перадаецца цэлай чарадой беларускіх адпаведнікаў: хараство, прыгожасьць (цяпер прынялася форма прыгажосьць), гожасьць, пекнасьць, пекната, краса. А таксама і ўрода. Гэта не пазычаньне з польскай, такое беларускае слова ёсьць і ў значэньнях ‘фігура, рост, статнасьць’.
Яшчэ ад Некрашэвіча — Байкова:
плодовитый = уродлiвы (поруч зь іншымі сынонімамі);
породистый = уродны;
природное свойство == урода, натура.
А ў расейскай мове слова з тым самым коранем і паходжаньнем набыло адмоўнае значэньне. Расейскі „урод“ — той, хто нарадзіўся звыродна, вырадак.
Мысьляр, шукальнік патаемных сэнсаў Лявон Вашко расстаўляе кропкі:
Страта або зьмена сакралу ў слове часьцяком прыводзiць гэтае слова да страты свайго першапачатнага значэньня. У беларускiм слове ўрод чуецца сакрал жыцьця, творчасьцi, росту, i слова гэтае азначае добры ўраджай: сёлета ўрод на бульбу, на грыбы, на ягады i г.д. У рускай мове урод гарыць полымем занядбаньня, недасканаласьцi i азначае сабою адпаведныя якасьцi – пачварнасьць, недалужнасьць: человек-урод, уродливое лицо, в семье не без урода.
Вось чаму ў беларускай прасторы нельга ўжываць слова ўрод з расейскім значэньнем, а пагатоў як абразу. Беларускія вырадак, вылюдак і пачвара куды лепей справяцца з гэтаю задачаю.
А расейскі выраз в семье не без урода мае шмат беларускіх адпаведнікаў:
няма роду без выроду; у балоце не бяз чорта, а ў роду не без выроду; і ў добрай сям’і вырадак бывае (сабраў З. Санько).