У школе слова пыл (дробныя часьцінкі цьвёрдага рэчыва) прымушаюць запомніць у шэрагу адрозных ад расейскіх граматычным родам: беларускі пыл (мужчынскі род) — расейская „пыль“ (жаночы род), як перапіс — „перепись“ або сабака — „собака“.
Але ж у расейскай ёсьць і „пыл“ — нашаму пылу міжмоўны паронім, падобнае слова зь іншым значэньнем. І з адваротным эмацыйным напаўненьнем — у шэрагу блага/благо і падобных.
Беларускі пыл абыдзённы, ён падымаецца ад ветру ці пад нагамі падарожніка, асядае на падлозе і рэчах у нядбайных гаспадароў, бывае радыяактыўны і алергенны. Толькі кветкавы пылок хутчэй пазытыўны, прынамсі для пчол.
Выраз Аж(но) пыл куры́ць (значыць ‘віецца’, у прошлым часе курэў) -- пра нейкае дзеяньне, якое робяць як мага лепей, ад душы. У такім значэньні беларуская фразэма адпавядае расейскай „дым коромыслом“. Але паходзіць яна ад літаральнага апісаньня хуткай язды на кані і тады мае іншы расейскі адпаведнік:
Доўбня ўраз на кабылу сеў
Ды вярсту праскакаў, ажно пыл курэў.
Пераклад Алены Церашковай, арыгінал Аляксандра Пушкіна:
Сел Балда на кобылку верхом
Да версту проскакал, так что пыль столбом.
Затое расейскі „пыл“ толькі ўзьнёслы. У сучаснай мове суседзяў слова ўжываецца ў пераносным рамантычным значэньні: „любила со всем пылом юности“, дзе пыл азначае жарсьць.
„в пылу сражения“ – у гарачцы бою
„умерить пыл“ – стрымаць запал
Расейскі назоўнік роднасны дзеяслову „пылать“ (бел. палаць), адпаведна перш азначаў ‘полымя, жар’. Адсюль расейская фразэма „с пылу, с жару“ – пра нешта сьвежапрыгатаванае. А вось беларускі пыл з кулінарыяй кепска спалучаецца. У нас іншы выраз: проста зь печы, таксама ў пераносным значэньні пра штосьці гарачае.
То беларускую ацэнку нечай бытавой неахайнасьці „Ну і пыл!“ па-расейску ў пэўнай сытуацыі могуць успрыняць і адваротна. Нават этымалягічна беларускі пыл і расейскі „пыл“, як лічаць сучасныя мовазнаўцы, паходзяць ад розных словаў-продкаў. Першы ад індаэўрапейскага кораня ‘дзьмуць’, а другі – ад словаў з значэньнем ‘гарэць’.