Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоган хакейнага «Дынама» — «Верым! Можам! Пераможам!», а ў баскетбалістаў «Цмокі-Мінск» — усё па-беларуску


Абодва клюбы выступаюць на «Мінск-Арэне» і абодва прадстаўляюць Беларусь у міжнародных чэмпіянатах. Ці атрымоўваецца ў іх годна прэзэнтаваць беларускую мову і культуру перад замежнымі заўзятарамі? Сёньня пагаворым аб Хакейным клюбе «Дынама-Мінск», які гуляе ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, і Баскетбольным клюбе «Цмокі-Мінск», які выступае ў Адзінай лізе ВТБ, Эўрачэленджы і Чэмпіянаце Беларусі.

ХК «Дынама-Мінск»

Вось што распавёў аб прасоўваньні беларускай мовы і культуры генэральны дырэктар ХК «Дынама-Мінск» Максім Суботкін:

Максім Суботкін
Максім Суботкін

«Хакейны клюб ужо сем сэзонаў запар з годнасьцю прадстаўляе Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне — у КХЛ. На працягу гэтага часу мы ўвесь час актыўна прасоўваем беларускую мову і культуру на прасторы КХЛ, якая ўключае, апрача Беларусі, Расею, Казахстан, Латвію, Славаччыну, Харватыю і Фінляндыю. Сярод захадаў па падтрымцы беларускай мовы, якія робяцца нашым клюбам, я б вылучыў стварэньне афіцыйнага гімну ХК «Дынама-Мінск» гуртом «Палац», правядзеньне прэс-канфэрэнцыяў з удзелам галоўных трэнэраў па-беларуску, існаваньне на форуме клюбу беларускамоўнай галінкі «Спытай прэс-службу», якая зьяўляецца афіцыйным каналам зваротнай сувязі з заўзятарамі.

Таксама хачу зьвярнуць Вашую ўвагу, што на хатніх гульнях клюбу рэгулярна гучыць беларуская музыка ад «Трох чарапахаў» N.R.M., якая зьяўляецца неафіцыйным гімнам фан-сэктару ByZONE, да «Мая краіна — Беларусь» гурту Bez Bileta.

Дарэчы, адным з найбольш выкарыстоўваемых заўзятарамі «Дынама-Мінск» лёзунгаў ёсьць беларускамоўны «Верым! Можам! Пераможам!»

Ігар Случак
Ігар Случак

Як заўзятар, які ня раз бываў на гульнях дынамаўцаў, магу пацьвердзіць словы генэральнага дырэктара — усё апісанае вышэй сапраўды адпавядае рэчаіснасьці. І гэта вельмі ўсьцешвае, бо я, напрыклад, ужо гадоў восем ня меў магчымасьці слухаць N.R.M. зь Лявонам Вольскім і безь яго на вядучых канцэртных пляцоўках Беларусі, а тут гэты гурт можа чуць да 15 тысяч чалавек адначасова, хоць і ў выкананьні адданых фанатаў, але ўсё роўна ад душы і сэрца. А з гімнам у выкананьні «Палацу» наагул файная ідэя.

Далей Максім Суботкін дадае: «Сярод наступных плянаў клюбу, зьвязаных з выкарыстаньнем роднай мовы, можна прыгадаць хуткі выхад у сьвет сэрыі банэраў „Каманда тваёй краіны/Каманда твайго горада“, якія неўзабаве ўпрыгожаць Менск і іншыя гарады Беларусі».

Гэта таксама добрая задумка, бо ў мінулыя гады гэтыя банэры сапраўды шырока разьмяшчаліся па ўсёй Беларусі, але надпісы былі выкананы па-руску. Спадзяюся, хутка мы іх сапраўды пабачым на вуліцах нашых гарадоў. Але ня можа быць заўжды ўсё добра і гладка, і гэта пацьвярджае генэральны дырэктар:

«Што тычыцца іншых Вашых прапановаў наконт выкарыстаньня беларускай мовы, то, на жаль, не заўжды яны выканальныя: шмат аспэктаў, такіх, напрыклад, як абвесткі на арэне і надпісы на форме, рэгулююцца наўпрост рэглямэнтам КХЛ».

З аднаго боку пагаджуся з Максімам Суботкіным — сапраўды, рэглямэнт КХЛ як міжнароднай лігі даволі сур’ёзна расьпісаны і патрабаваньні павінны працаваць для ўсіх, хто дабраахвотна ў гэту лігу ўступіў. Тым ня менш, выкарыстаньне беларускай мовы на форме хакеістаў магчыма і пры ўмове выкарыстаньня лацінскага алфавіту — для гэтага дастаткова выкарыстоўваць беларускую лацінку. Тут і ваўкі з КХЛ будуць сытыя, і беларуская мова будзе выкарыстоўвацца.

Што тычыцца абвестак на арэне, то мне даводзілася быць на арэнах рыскага «Дынама» і фінскага «Ёкерыту», якія таксама гуляюць у КХЛ, і там фармат абвестак наступны: нацыянальная мова, латыская ці фінская адпаведна, а затым пераклад на ангельскую. Думаю, на арэнах клюбаў са Славаччыны, Харватыі і Казахстану, што выступаюць у КХЛ, сытуацыя аналягічная. І лягічная з усіх бакоў. Таму выкарыстоўваць пры абвестках на «Мінск-Арэне» беларускую і ангельскую мову, замест рускай, цалкам магчыма. Неабходна прыняць валявое рашэньне і пачаць, а дыктар, упэўнены, справіцца і ня будзе ў яго праблемы замест «Шайбу забросил» сказаць «Шайбу закінуў».

Тая ж сытуацыя і з мовай на афіцыйным сайце. Сайт узгаданага рыскага аднаклюбніка мае тры моўныя вэрсіі: латыскую, расейскую і ангельскую, як і сайт «Ёкерыта». Прычым у фінаў галоўнай і асноўнай мовай зьяўляецца, натуральна, фінская, а расейскамоўная і англамоўная вэрсіі ўтрымліваюць толькі інфармацыю, як набыць на гульню квіткі. Мне ўяўляецца, што і зубры могуць сабе такое дазволіць. А калі не хапае рэсурсу на латыскі варыянт, то можна і фінскім скарыстацца, і зрабіць асноўнай беларускамоўную вэрсію сайту.

Мяркуючы па цікавым і пісьменным адказе, які падрыхтаваў кіраўнік прэс-службы ХК «Дынама-Мінск» Раман Стронгін, з валоданьнем беларускай мовай у супрацоўнікаў клюбу поўны парадак. Зараз жа афіцыйны сайт дынамаўцаў утрымлівае толькі расейскамоўную і англамоўную вэрсію. Такім чынам, рэглямэнт КХЛ дазваляе і больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы, проста трэба ўмець ім карыстацца і жадаць гэтага.

Свой ліст Максім Суботкін скончвае на аптымістычнай ноце:

«Са свайго боку магу Вас запэўніць: «ХК Дынама-Мінск» і надалей працягне актыўна спрыяць разьвіцьцю і прасоўваньню беларускай мовы і культуры».

Не сумняваюся, што «Дынама» сапраўды выканае сваё абяцаньне, бо ўжо зараз клюб зрабіў для беларускай мовы столькі, колькі не зрабіў ніводзін клюб беларускага нацыянальнага чэмпіянату па хакеі. Дакладней, у нацыянальным першынстве для разьвіцьця беларускай мовы і культуры ніводзін хакейны клюб не зрабіў нічога.

Уладзімір Беражкоў
Уладзімір Беражкоў

Тут я магу цалкам пагадзіцца са словамі генэральнага мэнэджэра ХК «Дынама-Мінск», былога галоўнага рэдактара спартовай газэты «Прэсбол» Уладзіміра Беражкова, што беларускі хакей — гэта балота. Вядома, ён казаў гэта аб якасьці чэмпіянату, але гэта справядліва і ў пляне стану беларускай мовы і культуры ў ім.

БК «Цмокі-Мінск»

Зараз паглядзім, якая сытуацыя зь беларускай мовай і культурай у прадстаўніка беларускага баскетболу на міжнароднай арэне.

Генэральны дырэктар БК «Цмокі-Мінск» Юры Шакола
Генэральны дырэктар БК «Цмокі-Мінск» Юры Шакола

Генэральны дырэктар БК «Цмокі-Мінск» Юры Шакола адказаў наступнае:

«Вы, безумоўна, ведаеце, што сымбалем клюбу пасьля рэбрэндынгу ў 2012 годзе стаў герой беларускага эпасу, і гэта цалкам адлюстроўвае нашу пазыцыю па прапагандзе нацыянальнай спадчыны. „Цмокі-Мінск“ лічаць прынцыповым ужываньне беларускай мовы ў сваёй маркетынгавай і піяр-дзейнасьці. Спартовыя заўзятары ведаюць, што ўсё аўдыёвізуальнае суправаджэньне матчаў на „Мінск-Арэне“ арганізоўваецца намі на роднай мове, як і ўся друкаваная прадукцыя (афішы, праграмкі), атрыбутыка (ад магнітаў да маек і баек).

Таксама адзначым, што інфармацыйнае суправаджэньне жыцьця каманды рэгулярна вядзецца на беларускай мове — афіцыйны твітар @TsmokiMinsk, афіцыйныя старонкі клюбу ў сацыяльных сетках апэратыўна паведамляюць навіны, якія тычацца калектыву. Прома-ролікі, што анансуюць матчы ў Эўрачэленджы і Адзінай лізе ВТБ, таксама выходзяць на беларускай мове, гэтак жа, як і радыё- і інтэрнэт-трансьляцыі хатніх матчаў на сайце клюбу».

Такую прынцыповую і пасьлядоўную пазыцыю можна толькі вітаць і ганарыцца, што ў клюбе працуюць людзі, якія цьвёрда стаяць на пазыцыях беларушчыны. Тут можна ўзгадаць і ХК «Дынама», які пакуль не арганізоўвае аўдыёвізуальнае суправаджэньне на арэне (а гуляюць абодва клюбы на «Мінск-Арэне») па-беларуску. Думаю і рэглямэнты ў міжнародных турнірах «Цмокаў» ня менш жорсткія, чым у КХЛ, але яны магчымасьць ужываньня роднай мовы знайшлі. Усьцешвае выкананьне друкаванай прадукцыі па-беларуску і асабліва вядзеньне па-беларуску сацыяльных сетак.

Падзяліўся генэральны дырэктар і тым, як клюб ангажуе ў беларускую культуру рускамоўных заўзятараў:

«Рацыянальная маркетынгавая палітыка спартовага клюбу ва ўмовах Беларусі дыктуе неабходнасьць улічваць інтарэсы пераважнай рускамоўнай часткі аўдыторыі. Мы аднолькава старанна імкнемся як ужываць беларускую мову ў працы, так і пашыраць колькасьць рускамоўных прыхільнікаў клюбу. Такім чынам нашы небеларускамоўныя заўзятары атрымліваюцца ў складзе нашай агульнай аудыторыі, на якую накіроўваюцца намаганні клюбу па прапагандзе нацыянальных каштоўнасьцяў».

Але і «Цмокі» ня могуць выканаць усе прапановы па больш шырокім выкарыстаньні беларускай мовы. Юрый Шакола працягвае:

«Беларускамоўнае напісаньне прозьвішчаў на майках, на жаль, на дадзены момант немагчыма. Клюб выступае адразу ў двух міжнародных спаборніцтвах. Адпаведна, для мінімізацыі выдаткаў і захаваньня рэглямэнтных патрабаваньняў усе надпісы першапачаткова робяцца на ангельскай мове. Паколькі партыі экіпіроўкі вырабляюцца оптам і на ўвесь сэзон, стандартны выгляд джэрсі мае і ў гульнях чэмпіянату Беларусі. Рабіць унікальную форму выключна на матчы плэй-оф нацыянальнага першынства, зь якога „Цмокі“ пачынаюць шлях унутры краіны, не дазваляе абмежаванасьць бюджэту».

Лягічная пазыцыя, але тут можна параіць тое ж самае, што і хакейнаму «Дынама» — выкарыстоўваць беларускую лацінку.

Юрый Шакола дадае: «Мовы прэс-канфэрэнцый таксама прапісаныя ў рэглямэнтах Адзінай лігі ВТБ і фэдэрацыі „ФІБА-Эўропа“. Разам з тым, клюб не абмяжоўвае індывідуальныя зносіны гульцоў і трэнэраў нашай каманды з прэсай на беларускай і іншай мовах — у такіх выпадках дзейнічае прынцып узаемнай дамоўленасьці паміж бакамі».

Цалкам слушна — патрабаваньні рэглямэнтаў трэба выконваць, але і не абмяжоўваць гульцоў і трэнэраў у магчымасьці ўжываць любую з моваў. Вядома, хочацца, каб у гэтым выбары яны абіралі менавіта беларускую.

Наконт беларускамоўнай вэрсіі сайту генэральны дырэктар адзначыў наступнае:

«Беларускамоўная вэрсія сайту пакуль застаецца ў плянах па доўгатэрміновым разьвіцьці клюбу. З аднаго боку, толькі ў студзені створанай прэс-службе пакуль не хапае магутнасьцяў для вырашэньня шматмоўных задач. Зь іншага боку — прыярытэтам клюбу на дадзены момант зьяўляецца прывядзеньне ў аптымальную форму англамоўнай вэрсіі сайту, запатрабаванай фэдэрацыяй „ФІБА-Эўропа“ і Адзінай лігай ВТБ».

Пазыцыя абгрунтаваная, але спадзюся, што ў хуткім часе беларускамоўная вэрсія сайту зьявіцца і ў менскіх цмокаў, бо ўсе іншыя ўдзельнікі міжнародных ліг, дзе гуляе каманда, вэрсіі сайтаў на нацыянальных мовах маюць. Ды і вядзеньне ўсіх сацыяльных сетак па-беларуску паказвае, што прэс-служба павінна з гэтай задачай з годнасьцю справіцца.

Напрыканцы Юрый Шакола падсумоўвае: «Такім чынам, БК „Цмокі“ імплемэнтуе шэраг намаганьняў па папулярызацыі беларускай мовы ў спорце, і будзе імкнуцца і далей ашыцьцяўляць сваю палітыку ў гэтым накірунку ў адпаведнасьці з даўгатэрміновымі маркетынгавымі мэтамі клюбу, умовамі рэглямэнтаў турніраў і магчымасьцямі бюджэту».

Аляксандар Куль
Аляксандар Куль

Няма сумневаў, што так гэта і будзе. У зьвязку з такой пазытыўнай сытуацыяй БК «Цмокі» нельга не ўзгадаць і яго дырэктара цэнтру эканамічнага разьвіцьця і спартовага маркетынгу, былога гульца баскетбольнай нацыянальнай зборнай Беларусі і проста самага вядомага баскетбаліста краіны, маркетоляга з дыплёмам Вашынгтонскага ўнівэрсытэту Аляксандра Куля — яго імпэтам і намаганьнямі былы БК «Мінск-2006» стаў беларускім нацыянальна арыентаваным БК «Цмокі-Мінск». Што казаць — таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Дарэчы, у гэтым годзе Аляксандар Куль быў у журы Фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK — 2014, што яшчэ раз падкрэсьлівае, што клюб зацікаўлены ў пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў беларускім спорце і рэкляме.

Пры некаторых недахопах у выкарыстаньні беларускай мовы ў ХК «Дынама» і, у меншай ступені, ў БК «Цмокі», можна казаць, што беларуская мова і культура для іх сапраўды прыярытэтны кірунак і прынцыповая пазыцыя. Беларускія «Зубры» і «Цмокі» годна прадстаўляюць Беларусь за межамі, культывуюць беларускую культуру і зьяўляюцца арыентырамі для беларускіх баскетбольных і хакейных клюбаў. Як кажуць у «Дынама» і ня толькі — «Верым! Можам! Пераможам!»

Ня толькі хакеем і баскетболам прадстаўлена Беларусь на міжнароднай арэне. У гэтым сэзоне краіна прадстаўлена і ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў і Лізе Эўропы, а таксама гандбольнай Лізе чэмпіёнаў. Як зь беларускай мовай у гэтых спартовых амбасадараў на эўрапейскай арэне? Аб гэтым у наступных публікацыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG