26 сьнежня ў Маскве праходзіць чарговая сэсія Парлямэнцкага сходу так званага Саюзу Беларусі і Расеі. Спакойны рытм мерапрыемства парушыў старшыня Палаты прадстаўнікоў і адначасова першы намесьнік старшыні Парлямэнцкага сходу Ўладзімер Андрэйчанка.
Ён заявіў, што ў Эўразійскім эканамічным саюзе не прымаецца важных рашэньняў, а сам саюз ператвараецца ў палітычны праект. Спадар Андрэйчанка таксама адзначыў, што ў дачыненьнях Беларусі і Расеі ня ўсё дабратворна, рэгулярна прымаюцца пратэкцыянісцкія рашэньні, якія супярэчаць заканадаўчай базе Саюзнай дзяржавы і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў расейскай інфармацыйнай прасторы робяцца спробы перафарматаваць вобраз Беларусі і беларусаў:
З найлепшых сяброў і адданых саюзьнікаў нас спрабуюць прадставіць як няшчырых, несамастойных партнэраў, якія жывуць за кошт Расеі
«У інфармацыйнай палітыцы складаецца адчуваньне, што ў расейскай грамадзкай думцы спрабуюць перафарматаваць вобраз Беларусі і беларусаў. З найлепшых сяброў і адданых саюзьнікаў нас спрабуюць прадставіць як няшчырых, несамастойных партнэраў, якія жывуць за кошт Расеі і якія ў кожны момант могуць стаць русафобамі і паўтарыць шлях Украіны».
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў падкрэсьліў, што падобныя рэчы нэгатыўна ўплываюць на інтэграцыйныя працэсы і могуць іх наагул затармазіць. Ён нагадаў, што Беларусь зрабіла свой выбар на карысьць стратэгічнага саюзу з Расеяй на сьвітанку сваёй незалежнай гісторыі:
«І з таго часу заўсёды заставалася яму верная. Гэтая вернасьць была пацьверджаная ня словамі і дэклярацыямі, а канкрэтнымі справамі і рашэньнямі. Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі, які стварыў абʼяднаную групоўку войскаў для абароны нашых народаў. Беларусь — адзіная з краінаў сьвету, якая прызнала рускую мову дзяржаўнай. Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, якая не далучыўся ні непасрэдна, ні ўскосна да варожых Расеі блёкаў і кааліцыяў. Беларусь — адзіная з рэспублік былога СССР, якая адкрыта паставіла ўсебаковую інтэграцыю з Расеяй у цэнтар сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі».
Дэпутаты абралі новае кіраўніцтва Парлямэнцкага сходу. Гэта была неабходная працэдура, паколькі ў абедзьвюх краінах прайшлі парлямэнцкія выбары. Тут ніякіх нечаканасьцяў не было. Традыцыйна старшынём Парлямэнцкага сходу стаў старшыня Дзяржаўнай думы. Гэта Вячаслаў Валодзін. Уладзімер Андрэйчанка застаўся першым намесьнікам старшыні. Дарэчы, гэтую пасаду ён займае ўжо ад 2008 году.Таксама сёньня абралі чатырох намесьнікаў старшыні — па два ад Расеі і Беларусі. Беларускую квоту аддалі Марʼяне Шчоткінай і Валеру Варанецкаму.