Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі гучаць заявы пра штучнасьць Беларусі», — расейскі паліттэхноляг


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Правакацыяй назваў кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» расейскі паліттэхноляг Канстанцін Калачоў заявы дырэктара Расейскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Леаніда Рашэтнікава наконт Беларусі.

Леанід Рашэтнікаў у сваім выступе, растыражаваным у СМІ, назваў Беларусь «малой краінай, якая ня можа жыць самастойна», і заявіў, што «беларуская мова была створаная пастановай паседжаньня аргбюро ЦК ВКП(б) у 1926 годзе».

Канстанцін Калачоў адзначыў у інтэрвію Свабодзе: «Па-імпэрску настроеныя дзеячы сустракаюцца часта і ў многіх дзяржаўных установах Расеі. З пачаткам так званай „рускай вясны“, з 2014 году даводзіцца сапраўды ўсё часьцей чуць выказваньні пра штучнасьць Беларусі і беларускай мовы. Таксама гучаць узгадкі пра Віцебск і Магілёў як частку былой РСФСР, прапановы аднавіць імпэрыю ў тым ці іншым выглядзе».

Паводле экспэрта Калачова, асноўную цікавасьць уяўляюць не антыбеларускія заявы самыя па сабе, а рэакцыя на іх афіцыйных дзяржаўных асобаў абедзьвюх дзяржаваў. У якасьці прыкладу паліттэхноляг прыводзіць сытуацыю зь нядаўнім затрыманьнем аўтараў рэсурсу «Рэгнум» Алімкіна і Паўлаўца:

«Тады амбасадар РФ Сурыкаў проста адхрысьціўся ад гэтых людзей, ня стаў заступацца за іх, каб ня выклікаць далейшага абвастрэньня. Магчыма, камусьці хацелася б больш адназначнага, больш жорсткага адказу Расеі на гэтыя затрыманьні».

Экспэрт падкрэсьліў, што «ў сёньняшняй Расеі заклікаў вярнуць імпэрыю ня толькі не спыняюць — да іх заахвочваюць, бо грамадзтва жыве мінулым».

«Высокае кіраўніцтва глядзіць на ўсё праз пальцы і такія заклікі ўспрымае як неабходнасьць выпусьціць пару. Наўрад ці рыторыку Рашэтнікава на дадзены момант можна прыраўняць да палітыкі афіцыйнай Масквы», — адзначыў Калачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG