Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэа Рыгоні не запытваў аб сустрэчы з апазыцыяй, — Самасейка


Андрэа Рыгоні
Андрэа Рыгоні

Спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні наведае Менск 24–26 лютага.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды старшыня cталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалай Самасейка.

Андрэа Рыгоні плянуе сустрэцца з кіраўнікамі Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, міністрамі замежных спраў, юстыцыі, інфармацыі, старшынямі ЦВК і Канстытуцыйнага суду. А таксама з амбасадарамі краін Эўразьвязу.

Ці будуць у яго сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі? Спадар Самасейка сказаў:

«Ведаеце, ён не запытваў. Але паколькі ў яго ёсьць вольны час, то ён, відаць, скарыстае яго для гэтых мэтаў. Я думаю, што ў парлямэнта ён не прасіў бы арганізаваць такія сустрэчы».

Паводле Самасейкі, візыт гэты будзе азнаямленчы.

На пытаньне, ці гатовая Беларусь да выкананьня асноўнага патрабаваньня з боку ПАРЭ — адмены сьмяротнага пакараньня, і ці зьмянілася тут пазыцыя афіцыйнага Менску, спадар Самасейка адказаў так:

«Гэта асобная размова, таму давайце ня будзем абмяркоўваць. Я ўжо няраз на гэты конт даваў інфармацыю. І пра сваё бачаньне, і па сытуацыі ў Беларусі. Проста нічога новага я вам не скажу. Проста давядзем да яго сёньняшнюю сытуацыю. Зьменаў у пазыцыі Беларусі няма».

Падчас візыту Андрэа Рыгоні мае закрануць пытаньні, зьвязаныя з палітвязьнямі, правамі чалавека і свабодай СМІ.

Папярэднюю справаздачу пра вынікі візыту ў Беларусь Рыгоні прадставіць 18 сакавіка на пасяджэньні паліткамітэту ПАРЭ ў Парыжы.

Дата прадстаўленьня ягонага дакладу па сытуацыі ў Беларусі пакуль невядомая.

Раней Рыгоні ўжо быў спэцдакладчыкам па Беларусі і наведваў краіну ў 2009 годзе. Яго зноў прызначылі на гэтую пасаду ў 2014 годзе, пасьля таго як папярэдні дакладчык ПАРЭ па Беларусі, эстонскі дэпутат Андрэс Хэркель, ня быў пераабраны ў склад нацыянальнай дэлегацыі ў ПАРЭ.

У мінулым годзе Рыгоні правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску ў Рыме і Страсбуры.

У 2009 годзе падчас сваёй першай кадэнцыі Андрэа Рыгоні прапаноўваў вярнуць Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею. Ён заявіў тады: «Нягледзячы на тое, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Эўропы ў сфэры дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека, яе кіраўніцтва зрабіла важныя крокі ў правільным кірунку». Таму, маўляў, Беларусі трэба вярнуць статус спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ.

Прапанова была адкінута дзякуючы прынцыповай пазыцыі дэпутата з Кіпру, аўтара дакладу «Зьніклыя людзі ў Беларусі» Хрыстаса Пургурыдэса. Ён, сярод іншага, прапанаваў перагледзець прапанову Рыгоні і вылучыць дадатковае патрабаваньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Статус афіцыйна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею быў замарожаны для Беларусі яшчэ ў студзені 1997 году. Такой была рэакцыя Рады Эўропы на шматлікія парушэньні пры правядзеньні лістападаўскага (1996 году) рэфэрэндуму, які ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка.

Хрыстас Пургурыдэс у 2004 годзе быў адмысловым дакладчыкам ПАРЭ па Беларусі і займаўся расьсьледаваньнем палітычных зьнікненьняў. Ягоныя даклады пра зьніклых людзей, а пазьней — пра злоўжываньні ў сыстэме крымінальнага правасудзьдзя, атрымалі вялікі міжнародны розгалас і падвысілі ўвагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG