Сярод удзельнікаў дыскусіі зь беларускага боку былі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч ды іншыя.
Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту Свабоды:
«Адбылася дыскусія па сытуацыі ў Беларусі і пэрспэктывах яе разьвіцьця. Яе ініцыявала Паўночная Рада і Балтыйская асамблея. На сустрэчы прысутнічалі дэпутаты з краін паўночнай Эўропы, дыпляматы, дарадца прэзыдэнта Літвы. Зь беларускага боку — прадстаўнікі палітычных арганізацый і грамадзкага сэктару. Беларусь сёньня ўсё ж не тая краіна, якой шмат цікавяцца ў Эўропе. І любую дыскусію, абсалютна адкрытую і шчырую, у якой бяруць удзел людзі, якія ўплываюць у сваіх краінах на міжнародную палітыку, трэба вітаць. І ў гэтым ёсьць вялікая карысьць. Беларуская праблематыка разглядалася ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Другі аспэкт — у сувязі з прэзыдэнцкай кампаніяй, якая адбудзецца ў Беларусі ў наступным годзе. Таксама абмяркоўвалася наколькі трэба мяняць стратэгію ЭЗ адносна Беларусі. Розныя гучалі думкі і аргумэнты. Было заплянавана, што прыедзе спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, але ён не прыехаў. Я думаю, што ён асьцярожны ў гэтых пытаньнях і хоча прыехаць у Беларусь, таму не рызыкнуў узяць у дзел у мерапрыемстве, дзе няма прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. Але была прадстаўніца ПАРЭ, якая агучыла пазыцыю, якая зводзіцца найперш да ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне і таго, што трэба шукаць нейкія кропкі ўзаемадзеяньня зь беларускімі ўладамі. Мы тут выказалі сваю пазыцыю. Такая дыскусія вельмі важная, хаця і без прыняцьця нейкіх рэзалюцый. І гэта паўплывае так ці інакш на рашэньні, якія будзе прымаць Швэцыя, Нарвэгія, Літва і іншыя краіны».
Карэспандэнт: «Якой была пазыцыя беларускага боку?»
Лябедзька: «Я заўсёды кажу пра стратэгію трох крокаў:вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, свабодныя і сумленныя выбары і плян мадэрнізацыі для Беларусі. Але перад гэтым гаварыў пра Ўкраіну, наколькі актуальна і важна сёньня дапамагчы Ўкраіне выйсьці са стану вайны і правесьці рэформы. Бо гэта дапаможа ў пэрспэктыве Беларусі. Таксама трэба ствараць шырокую кааліцыю ўнутры Беларусі і з удзелам міжнародных суб’ектаў. Гэта кааліцыя „За сумленныя выбары дзеля пераменаў у Беларусі“. Калі гэта не ўдасца зрабіць, то рэформы і перамены адкладаюцца на больш далёкую пэрспэктыву».
Паўночная Рада — арганізацыя парлямэнцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Эўропы, яна аб’ядноўвае дэпутатаў парлямэнтаў пяці дзяржаў (Данія, Ісьляндыя, Нарвэгія, Фінляндыя, Швэцыя) і трох аўтаномных тэрыторыяў (Аляндзкія астравы, Фарэрскія астравы і Грэнляндыя).