У Вільні адбыліся кансультацыі спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасьці зь беларускімі праваабаронцамі. Спадар Харасьці рыхтуе цяпер чарговы даклад па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які будзе прадстаўляць у чэрвені на паседжаньні Рады па правах чалавека. Там жа будзе вырашацца і пытаньне падаўжэньня мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі.
Рада ААН па правах чалавека прызначыла Харасьці спэцдакладчыкам па Беларусі ў 2012 годзе, але афіцыйныя беларускія ўлады ў краіну яго ні разу не запрасілі. Таму, каб вывучыць сытуацыю, зь беларускімі праваабаронцамі ён вымушаны сустракацца ў суседняй Літве. На кансультацыях былі прадстаўлены многія праваабарончыя арганізацыі — ад «Вясны» і БХК да Офісу па правах асобаў з інваліднасьцю, актывістаў ЛГБТ-супольнасьці, праваабаронцаў з рэгіёнаў.
Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», распавёў Радыё Свабода:
«Мы прадставілі свой погляд на сытуацыю ў самых розных аспэктах грамадзянскіх і палітычных правоў, і таксама закранулі праблему сацыяльна-эканамічных правоў, бо гэта становіцца ўсё больш і больш актуальным у зьвязку з дыскусіямі па барацьбе з так званымі дармаедамі і ўстанаўленьнем адказнасьці для людзей, якія зь нейкіх прычынаў не працуюць. То бок вяртаньне да савецкай практыкі барацьбы з дармаедамі. Гэта пры тым, што ў Канстытуцыі запісана права на працу, а не абавязак.
Спадар Харасьці цікавіўся нашымі праблемамі, занатоўваў для сябе шмат інфармацыі. Мы прадставілі розныя дакумэнты, перадалі свае даклады — апошні быў «Адвольныя затрыманьні ў Беларусі», а таксама даклад адносна нашага маніторынгу пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Прадстаўніца праваабарончага парталу «Гей-Беларусь» Натальля Манькоўская выказала спэцдакладчыку меркаваньне, што ніякіх зьменаў да лепшага ў адносінах да сэксуальных меншасьцяў у Беларусі няма, то бок сытуацыя застаецца стабільна дрэнная:
«Я засяродзіла ўвагу спадара Харасьці на тым, што злачынствы на глебе нянавісьці, на жаль, так не клясыфікуюцца. Я нагадала пра выпадак зь Міхаілам Пішчэўскім, які знаходзіцца ў коме пасьля жорсткага зьбіцьця, а злачынца атрымаў 2 гады 8 месяцаў, і тое, што гэта было ўчынена на глебе нянавісьці, ніяк не разглядалася судом. Сказала, што рэпрэсіі з боку дзяржавы да ЛГБТ-праваабаронцаў дагэтуль маюць месца, нас неаднаразова выклікалі на так званыя прафіляктычныя гутаркі ў МУС, былі пагрозы за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі. Таму, на жаль, мы ня можам канстатаваць ніякага паляпшэньня сытуацыі з правамі ЛГБТ. Вядома, праблемай застаецца і неадукаванасьць міліцыянтаў, дый увогуле ўлады — яны ня ведаюць, як ставіцца да тых, хто сутыкнуўся са злачынствамі на глебе нянавісьці».
Каардынатар Офісу па правах асобаў з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі таксама засяродзіў увагу на праблеме дыскрымінацыі інвалідаў:
«Мы на гэтай сустрэчы выклалі сваё бачаньне таго, наколькі дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да інвалідаў уплывае на стан выкананьня правоў чалавека. Нашы спэцыфічныя дапаўненьні тычыліся і ўсіх астатніх праблемаў — і свабоды сходаў, і свабоды перасоўваньня, і доступу да правасудзьдзя. Безумоўна, мы не маглі не сказаць пра тое, што ў заканадаўстве адсутнічае паняцьце дыскрымінацыі, то бок чалавек ня можа абараняцца ад дыскрымінацыі на падставе закону, а для інвалідаў гэта вельмі сур’ёзная праблема. Мы не маглі не сказаць, у якім непрыглядным стане знаходзяцца інтэрнаты для інвалідаў».
Беларускія праваабаронцы ўзьнялі і праблему палітвязьняў. Эўразьвяз цяпер лічыць палітвязьнямі толькі трох асобаў: экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколу Статкевіча, анархістаў Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка. Беларускія ж праваабаронцы лічаць палітвязьнямі яшчэ і Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.
На кансультацыях спадар Харасьці толькі слухаў праваабаронцаў, не выказваючы свайго меркаваньня.