Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін пра вяртаньне Літвы да прызыўной службы: «Яны атрымаюць ад НАТО і тэхніку і зброю»


Аляксандр Алесін
Аляксандр Алесін

Ініцыятыва кіраўніцтва Літвы аб аднаўленьні прызыўной сыстэмы актывізавала спрэчкі пра тое, кім камплектаваць сучаснае войска: прызыўнікамі ці кантрактнікамі? Якія з краін вакол Беларусі перайшлі на кантрактную сыстэму, а дзе прызыў захаваўся?

У 2008 годзе ў Літве быў адменены прызыў у войска, які адбываўся паводле старой, адпрацаванай у СССР схемы — праз прызыўныя камісіі, на пэўны тэрмін, калі забіралі служыць усіх маладых людзей, за выключэньнем тых, хто меў хранічныя хваробы або адтэрміноўку з той ці іншай прычыны. На замену прызыўной сыстэме прыйшла кантрактная, пры якой войска значна скарацілася і стала цалкам прафэсійным. Чаму цяпер кіраўніцтва Літвы зьбіраецца вярнуцца да прызыву?

Сярод мінусаў пераходу на кантрактную сыстэму — ня толькі рэзкае зьніжэньне памеру войска, але і значнае скарачэньне колькасьці вайсковай тэхнікі і зброі, якая стаіць на ўзбраеньні. «У выпадку вайны, калі людзей яшчэ можна мабілізаваць і папоўніць войска, то адкуль узяць для іх тэхніку і зброю?» — пытаецца незалежны вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін.

«Пасьля падзеяў на Ўкраіне пытаньне пра прызыў зноў стала спрэчным. Кантрактная сыстэма не дазваляе ўтрымліваць шмат вайсковай тэхнікі, а вось прызыўная сыстэма дазваляла здымаць з захаваньня і абслугоўваць вялікую колькасьць тэхнікі. Гэта рабілася за кошт прызыўнікоў. А бязь іх як тую тэхніку абслужыць? Вось немцы, галяндцы, калі перайшлі на кантрактную сыстэму, распрадалі шмат вайсковай тэхнікі, і цяпер у іх ня хопіць тэхнікі, калі яны рэзка павялічаць армію. Палякі падлічвалі, колькі змогуць назьбіраць паўнавартасных дывізіяў, калі што. Дык аказалася, што не зьбяруць і дзьвюх дывізіяў з навучанага кантынгенту. Таксама падумваюць пра вяртаньне да часткова прызыўной сыстэмы».

Армія Казахстану
Армія Казахстану

Дзе ў краінах былога СССР захавалася прызыўная сыстэма, дзе яна стала зьмяшанай, а дзе цалкам перайшлі на кантракт?

Паводле афіцыйных зьвестак, цалкам перайшлі на кантракт ва ўсіх прыбалтыйскіх краінах яшчэ ў першым дзесяцігодзьдзі 2000-х. У Эстоніі апошнім часам назіраецца уздым добраахвотніцтва. Калі прафэсійнае войска Эстоніі налічвае 3,8 тысячы чалавек, дык на канец 2014 году добраахвотніцкая арганізацыя «Ліга абароны Эстоніі» ўжо налічвала 14,5 тысяч — туды за паўгода завэрбавалася 600 чалавек, удвая больш, чым за такі самы пэрыяд пазамінулага году. Матывіроўка большасьці навабранцаў наўпрост зьвязаная з падзеямі ва Ўкраіне, паведамляў The Wall Street Journal.

У сярэднеазіяцкіх краінах былога СССР сытуацыя з прызывам у апошні час мянялася ў бок кантрактнага набору. Хоць самае моцнае войска гэтага рэгіёну, войска Ўзбэкістану, працягвае камплектавацца ў асноўным праз прызыў, кантрактнікаў і там становіцца ўсё больш. А ў войску Казахстану яны сталі пераважаць з 2013 году, калі там абвясьцілі пра паступовы пераход на кантрактную сыстэму.

Армія Грузіі
Армія Грузіі

У краінах Закаўказьзя найбольш рашучыя крокі ў пераходзе да прафэсійнага войска зрабіла Грузія. Але гэты працэс у Грузіі быў спынены агрэсіяй Расеі ў 2008 годзе.

Мяркую, Літва атрымае ад НАТО і тэхніку, і зброю. Ня новыя ўзоры, але гэта будзе таньней і, галоўнае, хутчэй

«Агрэсія 2008 году не дазволіла ім да канца выканаць гэтую задачу, хоць у іх была пастаўленая такая задача. Асабліва што тычыцца падразьдзяленьняў спэцыяльных апэрацыяў. Але не пасьпелі. Ці будуць у Грузіі, як у Літве, вяртацца да прызыўной сыстэмы? Ня думаю, бо гэта даволі дарагая справа. Прызыўное войска першапачаткова патрабуе вялікіх укладаньняў, бо трэба аднавіць інфраструктуру. Што да Літвы, як мяркую, яна разьлічвае гэтыя пытаньні вырашыць праз дапамогу НАТО. Мяркую, яны атрымаюць ад НАТО і тэхніку, і зброю. Ня новыя ўзоры, але гэта будзе таньней і, галоўнае, хутчэй. Яны хочуць вельмі хутка гэта ўсё разгарнуць, бо лічаць, што пагроза набліжаецца», — кажа Аляксандар Алесін.

Штуршком да вяртаньня прызыўной сыстэмы ў Літве наўпрост называюць падзеі ва Ўкраіне. Чаму Ўкраіна вырашыла ў свой час перайсьці на кантрактную сыстэму і чаму цяпер гэты падыход таксама карэктуе? Паводле Аляксандра Алесіна, рашэньне аб пераходзе на кантрактнае войска, якое прымалася пры праўленьні Віктара Януковіча, было цалкам папулісцкае, бо дазваляла зьнізіць выдаткі на войска і адначасова задаволіць тых, хто не жадаў служыць. Калі ж здарылася рэвалюцыя і давялося абараняць тэрыторыю краіны ад сэпаратыстаў і наёмнікаў, аказалася, што прафэсійнага войска недастаткова, а правесьці мабілізацыю цяжка, бо старая мабілізацыйная сыстэма разбураная. Паводле Аляксандра Алесіна, войска лепш камплектаваць паводле зьмяшанай схемы — часткова праз кантракт, часткова праз мабілізацыю:

«Вазьміце Румынію, Вугоршчыну. Там зьмяшаная сыстэма камплектаваньня войска. Пытаньне ў прапорцыях. У адных больш кантрактнікаў, у другіх — прызыўнікоў. Толькі вельмі багатыя краіны могуць сабе дазволіць мець чыста прафэсійнае войска, ды яшчэ тыя, хто лічыць, што калектыўная абарона ім дапаможа ў выпадку агрэсіі. Вось сябры НАТО на гэта разьлічваюць».

Войска Расеі папаўняецца адначасова і за кошт прызыву, і за кошт набору кантрактнікаў. Паводле назіральнікаў, менавіта кантрактнікаў часьцей выкарыстоўваюць для вядзеньня баёў ва Ўкраіне пад выглядам добраахвотнікаў, якія нібыта знаходзяцца ў адпачынку ад службы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG