Кіраўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі, муфцій Абу-Бекір Шабановіч адказвае на пытаньне Свабоды: ці магчымыя ў сёньняшняй Беларусі праявы ісламскага радыкалізму? Муфцій такую імавернасьць цалкам выключае і тлумачыць, чаму гэта стала магчымым у Заходняй Эўропе.
— У Беларусі няма такіх умоваў, таму ў нас і спакойна. І слава Богу. Няма базы, якая да гэтага прыводзіць. І стагодзьдзямі не было. Таму тут жывуць мусульмане больш за 6 стагодзьдзяў з усімі астатнімі ў сяброўстве. У нас няма разьні, няма выбухаў. Раней усе захапляліся камуністычным атэізмам. А цяпер молісься? Маліся. Пакланяесься? Пакланяйся. Цярпліва ставіліся і ставяцца адзін да аднаго, таму ў нас і няма такой базы, такіх прычынаў, якія могуць — ня дай Бог — прывесьці да такога.
— А што, як вы мяркуеце, можа быць прычынай тэрактаў, як у Парыжы?
— Каб адказаць, трэба паглыбіцца ў гісторыю. Хто стагодзьдзямі эксплюатаваў краіны Магрыбу, хто эксплюатаваў Афрыку? Якая была палітыка і хто стаіць за ёй сёньня? Чаму там знаходзяцца гэтыя гнёзды, якія ўзбуджаюць увесь ісламскі сьвет? Дзеля чаго? Ёсьць дакумэнты, зь якімі можна азнаёміцца. Пасьля распаду блёку Варшаўскай дамовы на саміце ў Лёндане было прынятае рашэньне, што камунізм ужо не ўяўляе пагрозы сьвету, пагрозы Захаду і заходняй цывілізацыі. Але прызналі, што нібыта пагрозу ўяўляе ісламскі сьвет. І, у прыватнасьці, іслам ім не падабаецца. Чаму? Шукайце адказы, калі вы пісьменныя людзі. Але каму іслам пагражае? Там жа няма вайны, што сёньня рыхтуюць. То яны рыхтуюць у «Аль-Каіду», то ў «ІГІЛ», у розныя групы. Супроць гэтых, супроць тых. Сваю палітыку зьмешваюць з ідэалёгіяй, раскладаючы ўсё што магчыма. Дзеля сваёй выгады, дзеля сваіх гэтак званых абвешчаных інтарэсаў, але не інтарэсаў народу.