«Тэрарызм ня мае веравызнаньня» — як гэтая тэза раздражняе многіх, якім паліткарэктным вар’яцтвам здаецца пасьля чарговай вакханаліі тэрору ў Парыжы, учыненай прадстаўнікамі абсалютна пэўнай рэлігіі. І менавіта гэтую веру вызнавалі выканаўцы і замоўшчыкі пераважнай часткі тэрактаў апошніх гадоў. Гэта факт. Але што зь яго вынікае?
Зараз гучаць галасы пра вайну цывілізацыяў, пра іманэнтна агрэсіўную прыроду ісламу як такога, пра неабходнасьць «крыжовага паходу».
Аднак можна зрабіць і больш глыбокае назіраньне: пераважная частка тэрарыстаў — мужчыны. Так было і так ёсьць. У Парыжы 13 лістапада сёлета тэрарысты ўсе былі мужчыны, у ЗША 11 верасьня 2001 году тэрарысты ўсе былі мужчыны.
Гэта заканамернасьць не абсалютная, можна прыгадаць шэраг тэрарыстак ад Соф’і Пяроўскай і Ўльрыкі Майнхоф да сучасных шагідак, але львіная доля тэрарыстаў — мужчыны. Тэрор мае пол і гэты пол — мужчынскі.
І гэта зусім невыпадкова. Нават у прыродзе самцы больш агрэсіўныя за самак, а ў грамадзтве культура толькі замацоўвае гэты падзел палавых роляў. Памятаю бачаны недзе псыхалягічны экспэрымэнт: на вуліцы б’юцца маленькія хлопчыкі — мінакі абыякава праходзяць міма: «мужыкі растуць». Ладзяць бойку маленькія дзяўчынкі — мінакі кідаюцца іх разьнімаць: «дзеўкі-дуры, што вы робіце?»
Больш высокая ў сярэднім мужчынская агрэсіўнасьць, абумоўленая прыродай і замацаваная культурай, праяўляецца шмат у чым, у тым ліку і ў тым, што ў тэрору, як і ў вайны — пераважна «мужчынскае аблічча».
Ну дык і што — значыць, усе мужчыны — па прыродзе тэрарысты, прынамсі, патэнцыйныя, абвясьцім бязьлітасную вайну мужчынам?
Што за лухта? — скажа чытач. Тэрарысты — мізэрная частка мужчынаў, змаганьне з тэрорам — таксама пераважна мужчынская справа, ды і каму скіраваны заклік да крыжовага паходу — жанчынам? А ў іх ёсьць шанцы выйграць такую вайну?
А хіба з ісламам — ня тое самае? Не прэтэндую на ляўры рэлігіязнаўцы, у сурах Карану, як у Кнізе кожнай вялікай рэлігіі, можна знайсьці аргумэнты для абгрунтаваньня любой пазыцыі. Існуюць розныя інтэрпрэтацыі, і яны мяняюцца з цягам часу. У рэшце рэшт у Эвангельлі не зьмянілася ані літары з тых часоў, калі крыжацкія аддзелы бралі штурмам Ерусалім, да часу цяперашняга, калі Захад вызнае рэлігійную талерантнасьць. Але сапраўды трэба прызнаць, што, відаць, ёсьць нешта ў сучасным ісламе, што робіць некаторых мусульманаў тэрарыстамі.
Але мізэрную частку. Да таго ж асноўны цяжар барацьбы з ісламскімі экстрэмістамі нясуць якраз ісламскія грамадзтвы і дзяржавы. Іншая справа, што мы часам успрымаем гэта з ужываньнем двайных стандартаў: калі выбухнула ў Парыжы ці Нью-Ёрку — гэта жах, вайна, а калі бомбы рвуцца ў Каіры, Стамбуле ці іншай ісламскай краіне — ну дык гэта нейкія іхнія тубыльныя разборкі, дзікуны, адным словам. Не, не тубыльныя, улады пераважнай большасьці мусульманскіх дзяржаваў трымаюць там у сябе агульны фронт цывілізацыі супраць барбарства. Гэта не вайна паміж цывілізацыяў, а вайна цывілізацыі як такой, і мусульманскай яе часткі ў тым ліку, зь яе адмаўленьнем.
І гэтым, дарэчы, тлумачыцца, чаму лідэры немусульманскіх краінаў, у якіх адбываюцца тэрарыстычныя напады, паўтараюць як мантру — «тэрор ня мае веравызнаньня». Гэта ня мае рацыі фактычна, але мае вялікую рацыю палітычна.
Бо што азначае альтэрнатыва практычна, апэрацыйна? За кроў Парыжа бамбаваць Ташкент, высаджваць дэсантнікаў у Каіры, раўняць зь зямлёй Ісламабад? Калі «вайна з ісламам» — гэта не пустая рыторыка, то менавіта гэта. А ў такім выпадку нічога ня трэсьне, груба кажучы, у найноўшых «крыжакоў»?
Тым больш, што «вайна з ісламам» — гэта менавіта тое, на што натхняльнікі і арганізатары тэрору і разьлічваюць. Тэрор — не садызм, а палітыка, якая бярэ ахвяру ў абцугі, падштурхоўваючы альбо да слабай рэакцыі — адступленьня, капітуляцыі — альбо да звышмоцнай рэакцыі, калі ахвяра пачынае крушыць усё навокал. Зараз тэрарыстаў — тысячы, можа дзясяткі тысячаў, іх прыхільнікаў, сымпатызантаў — сотні тысячаў, хай сабе нават некалькі мільёнаў. Калі «няверныя» палічаць сваімі ворагамі мірных казахаў, туркаў, інданэзійцаў, увесь мільярд мусульманаў Зямлі — такое папаўненьне стане для ідэолягаў тэрору зьдзяйсьненьнем іх самай запаветнай мары.
Бо калі ўвесь гэты мільярд людзей будзе абвешчаны ворагамі — яны і стануць ворагамі. Noblesse oblige (становішча абавязвае), як кажуць французы.
«Даць па мазгох» — выдатная ідэя. Але пры выбары варыянту, як гэта зрабіць, нават канапным фэйсбучным стратэгам ня варта губляць свае мазгі.
Ксэнафобія, ісламафобія — кепскі адказ на тэрор як у маральным, гэтак і ў практычным сэнсе. Напала «Ісламская дзяржава» — дык ёй і трэба адказаць. І пераважная большасьць мусульманаў сьвету будуць паплечнікамі ў гэтым змаганьні.