Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмен кукішамі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Бурыцца яшчэ адзін бастыён канструкту сацыяльнай дзяржавы. Пасьля росту камунальных тарыфаў рэжым робіць замах на яшчэ адну сьвятую карову беларускай мадэлі — пэнсійны ўзрост. Пасьля нарады ў Лукашэнкі 10 сакавіка стала зразумела, што палітычнае рашэньне па гэтым пытаньні прынятае. Неўзабаве будзе вядомы тэрмін і канкрэтны альгарытм працэдуры.

Апошнія гады Лукашэнка як мантру паўтараў, што з эканамічнага гледзішча варта было б падвышаць пэнсійны ўзрост, але народ супраць, таму мы гэтага рабіць ня будзем. На нарадзе ў сьнежні мінулага году ён зазначыў, што, відаць, усё ж давядзецца гэта рабіць, але толькі пасьля таго, як параімся з народам. Паколькі каналаў зваротнай сувязі ўлады з грамадзтвам у Беларусі не існуе, то рада з насельніцтвам магла ажыцьцявіцца толькі ў выглядзе імітацыі. Што і адбылося насамрэч. Дзяржаўныя мэдыі друкавалі матэрыялы на гэтую тэму, былі там і лісты чытачоў. Гэтым усё і абмежавалася.

І што ж высьветлілася, як думае народ на гэты конт? Лукашэнка адзначыў на нарадзе: «Скажу шчыра, паводле маіх дадзеных (я ўпэўнены, што яны дакладныя), мы пакуль не дасягнулі пераважнай большасьці сярод насельніцтва, якое б падтрымлівала гэтую прапанову ўраду аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. Мы блізкія да паловы».

Незразумела, на якія дадзеныя спасылаецца Лукашэнка. У студзені кіраўніцтва Інстытуту сацыялёгіі на сустрэчы з журналістамі канстатавала: «Паводле нашых апытаньняў, прыкладна 18% працуючага насельніцтва ў 2013 годзе адзначыла, што яны гатовыя адкласьці ўзрост выхаду на пэнсію з умовай павышэньня пэнсіі». Зьвяртаю ўвагу, што гаворка ідзе толькі пра 2013 год, апытаньне праводзілася сярод працуючага, а не ўсяго насельніцтва. Дый гатоўнасьць адкласьці выхад на пэнсію абумоўлівалася падвышэньнем пэнсіяў. НІСЭПД у сьнежні 2015 году зафіксаваў наступныя лічбы: 20,3% рэспандэнтаў падтрымалі думку, што «пэнсійны ўзрост варта падвышаць, каб павялічыць пэнсіі», 73,1% выказалася супраць. 20% — гэта вельмі далёка да паловы. Дый тыя згодныя на падвышэньне пэнсійнага ўзросту толькі пры ўмове, што пэнсіі павялічацца. А на згаданай нарадзе ў кіраўніка дзяржавы пра павелічэньне пэнсіяў гаворкі не было.

Такім чынам, народ супраць, але пэнсійны ўзрост будзе павышаны. Бо заканчваюцца грошы.

Вось вам і народнае меркаваньне, на якое актыўна спасылаюцца ўлады, напрыклад, адмаўляючыся ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Хоць рашэньне практычна прынятае, але Лукашэнка ня быў бы самім сабой, каб не працягваў гуляць у папулізм. «Мы павінны параіцца зь імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды. Мы папросім у іх падтрымкі. Пагодзяцца — правядзем зьмены. Не — значыць, не».

Чаму ж дасюль не ўдалося пераканаць? Справа тут ня толькі ў тым, што, як трапна заўважыў Віталь Цыганкоў, пытаць у людзей, ці хочуць яны, каб падвысілі пэнсійны ўзрост, гэта тое самае, як пытаць у дзяцей, ці хочуць яны хадзіць у школу.

Тут праблема глыбейшая. Справа ў тым, што ў патэрналісцкай дзяржаве ня можа быць грамадзян, якія адчуваюць адказнасьць за краіну, яе лёс і пэрспэктывы. Тут жыве проста насельніцтва, дзяржаўныя падданыя. «Государевы люди», як выказалася віцэ-прэм’ер Натальля Качанава.

Беларусы не атаясамліваюць сябе зь дзяржаваю. Уладныя інстытуты для іх — гэта нешта чужое, вонкавае. Людзі ж ня плацяць самі падаткі, адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта ўсё аўтаматычна вылічваецца зь іх заробку ў бухгальтэрыі па месцы працы. Калі б яны самі прыходзілі ў падатковую інспэкцыю ці ў банк, самі вылічвалі свой падатак, самі пералічвалі, то гэта быў бы першы крок да ўсьведамленьня сябе грамадзянамі.

У іх бы ўзьніклі пытаньні: а на што і ці эфэктыўна ўлада траціць мае грошы? І як я магу на гэта ўплываць, як можна кантраляваць уладу? Праз дэпутатаў? Дык тады я ж павінен іх выбіраць. Дык патрэбныя сапраўдныя выбары, а не тэхнічны рытуал галасаваньня.

А калі ўлада сама сябе выбірае, а падаткі забірае аўтаматычна, то няма ўяўленьня, што бюджэтныя грошы — гэта мае. Людзей не цікавіць, як бюджэт напаўняецца і як траціцца.

І калі ўлада паспрабавала зьвярнуцца да грамадзянскай адказнасьці беларусаў, то ў адказ атрымала кукіш. Па-іншаму і быць не магло, гэта ж не Швайцарыя.

На добры лад, падвышэньне пэнсійнага ўзросту павінна было б быць часткай глыбокай рэформы ўсёй пэнсійнай сыстэмы, пераходу да назапашвальнай мадэлі. Але ўлады адмаўляюцца ад рэформы ня толькі таму, што яна дасьць эфэкт у выглядзе падвышэньня пэнсіяў і зьмяншэньня нагрузкі на Фонд сацыяльнай абароны толькі празь некалькі гадоў.

Праблема, зноў жа, глыбейшая. Цяпер дзяржава — манапаліст у пэнсійнай сфэры. І я сам сустракаў людзей сталага веку, якія шчыра лічаць, што пэнсіі ім плаціць Лукашэнка, таму за яго і галасуюць. А ў выніку сапраўднай пэнсійнай рэформы зьявіліся б прыватныя фонды, якія б акумулявалі накапленьні людзей, і потым зь іх жыхары атрымлівалі б пэнсіі, прычым вышэйшыя. То бок рэформа разбурае мадэль патэрналісцкай дзяржавы. А гэта ўжо рэвалюцыя сьвядомасьці.

Тое, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту адбудзецца ў момант крызісу, стварае для немаладых людзей праблему, нават, у пэўным сэнсе, пастку. Прадпрыемствы спыняюцца, хутка пачнецца хваля банкруцтваў, расьце беспрацоўе. Найперш звальняюць людзей сталага веку, іх неахвотна бяруць на новую працу. І замест таго, каб атрымоўваць пэнсію, яны будуць вымушаны плаціць дзяржаве падатак за дармаедзтва. Такім чынам улады, у сваю чаргу, паказваюць народу кукіш. Усё па справядлівасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG