Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартуе кампанія “Эўрапейская Беларусь” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Дэмакратычныя сілы распачынаюць кампанію “Эўрапейская Беларусь”, якая мае на мэце ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз. Ініцыятары кампаніі плянуюць правесьці шэраг вулічных акцыяў, зьбіраць подпісы насельніцтва, а таксама распаўсюджваць агітацыйную літаратуру.


У ініцыятыўную групу кампаніі “Эўрапейская Беларусь” увайшлі каардынатар “Хартыі’97” Андрэй Саньнікаў, лідэр аргкамітэту для стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч і былы палітвязень Міхаіл Марыніч.

Ініцыятары кампаніі ўпэўненыя, што насельніцтва краіны падзяляе іхнюю асноўную мэту — далучэньне Беларусі да Эўразьвязу.

“Задачы кампаніі: першае — папулярызацыя сярод насельніцтва эўрапейскага выбару. Давядзеньне, што Эўропа нас хоча (інфармаваньне пра 12 прапановаў), што нам гэта выгадна. Другое — нам трэба адказаць на зварот Эўразьвязу да беларускага народу, што мы хочам у Эўропу, што мы іх пачулі, што мы ня “белыя рускія”, а эўрапейцы. Трэцяе — мы павінны ціснуць на ўладу, каб яна пайшла на выкананьне эўрапейскіх прапановаў. Такім чынам, тры аб’екты нашага ўзьдзеяньня – беларускія людзі, беларуская ўлада і грамадзкасьць Эўропы”, – расказаў Віктар Івашкевіч.

У рамках кампаніі “Эўрапейская Беларусь” пачынаецца збор подпісаў грамадзянаў за ўваход краіны ў Эўрапейскую супольнасьць. Паводле Міколы Статкевіча, беларусы павінны самі падаць Эўропе сыгнал пра сваю гатоўнасьць далучыцца да Эўразьвязу.

Андрэй Саньнікаў упэўнены, што кампанія мае аптымістычныя пэрспэктывы:

“За пэрыяд існаваньня рэжыму Лукашэнкі Эўразьвяз павялічыўся ўдвая. Гэта сьведчыць пра тое, што мадэль Эўразьвязу прывабная, і прывабная ня толькі для краінаў Усходняй Эўропы, таму што ў 1995 годзе ў Эўразьвяз уступілі Фінляндыя, Аўстрыя, Швэцыя. Усходняя Эўропа вырашыла свае праблемы — эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя ды іншыя. Праблемы былі такога ж узроўню, напрыклад, у Чэхіі, Славакіі, Літве, Латвіі, Румыніі, як і ў Беларусі. Тое, што мы страцілі шмат часу, гэта сапраўды геапалітычная трагедыя. Беларусі трэба рабіць свой выбар”.

Вулічная акцыя 25 сакавіка будзе адбывацца пад знакам эўрапейскасьці. Разам зь бел-чырвона-белымі сьцягамі будуць сьцягі Эўразьвязу. Паводле ініцыятараў кампаніі, дата 25 сакавіка — асноўная дата на шляху вяртаньня Беларусі ў Эўропу. Асобная акцыя, прысьвечаная эўрапейскай тэматыцы, адбудзецца 1 траўня.

У рамках кампаніі “Эўрапейская Беларусь” грамадзяне краіны атрымаюць буклеты, паштоўкі, значкі, наклейкі ды іншыя агітацыйныя матэрыялы.


Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: Міхаіл Марыніч, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч і Віктар Івашкевіч


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG