Дзеля папулярызацыі гэтай графічнай сыстэмы беларускія блогеры абвясьцілі бягучы тыдзень тыднем беларускай лацінкі. Якія пэрспэктывы беларускай лацінкі?
Традыцыі і сучаснасьць
Першыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом зьявіліся яшчэ ў ХVІ стагодзьдзі. І да пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя лацінскае пісьмо на роўных суіснавала зь кірылічным. Лацінкаю пісалі Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газэту “Мужыцкая праўда". На пачатку ХХ стагодзьдзя на лацінцы выходзіла “Наша доля”, кірыліцай і лацінкай выдавалася “Наша Ніва”, на лацінцы выходзілі зборнікі вершаў Янкі Купалы, Цёткі.
У 1926 годзе на Беларускай Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе правапісу выказваліся прапановы разгледзець пераход на лацінскі альфабэт, але супраць гэтых прапановаў выступілі беларускія мовазнаўцы, у тым ліку і Вацлаў Ластоўскі.
Актыўным прапагандыстам лацінкі быў Ян Станкевіч, і менавіта ягоныя прапановы надалі беларускаму лацінскаму альфабэту яго сучасны выгляд.
Беларускую лацінку ў тапаніміі зацьвердзіў Міжнародны камітэт ААН
Цяпер ужываньне лацінкі ў Беларусі даволі абмежаванае. Але ёсьць вельмі важныя сфэры, дзе лацінка проста неабходная, да прыкладу, тапанімія, напісаньне ўласных імёнаў у дакумэнтах. Адмыслоўцы Інстытуту мовазнаўства распрацавалі лацінку для перадачы назваў беларускіх геаграфічных аб’ектаў. Летась беларуская лацінка ў тапаніміі зацьверджаная міжнароднай канфэрэнцыяй ААН па разьмеркаваньні геаграфічных назваў. Прафэсар Валянціна Лемцюгова ўсё жыцьцё займалася вывучэньнем назваў населеных пунктаў, перадачай напісаньня тапанімічных аб’ектаў лацінкай, але яе пастаянна ўпікалі, што гэта непатрэбна:
“Я адстойвала з усіх сіл, каб зацьвердзілі менавіта нацыянальную лацінку. Зь некаторымі нязначнымі папраўкамі прайшла наша лацінка, якая ўжывалася ў “Нашай Ніве”. І на практыцы яна працуе, і цяпер будзе працаваць ужо ў міжнародным маштабе. Мы не перакладаем назвы, і такая ўстаноўка Міжнароднага камітэта ААН. Дзякуй Богу, што яны ўзьнялі гэтае пытаньне, некаторыя праблемы абазначылі. І тут ўжо прасьцей стала даказваць, што гэта не ад мяне зыходзіць, а ад міжнароднай практыкі”.
Павінны быць адзіныя правілы напісаньня лацінкай
Цяпер вядзецца сур’ёзная праца для распрацоўкі лацінкі для дакумэнтаў, бо ў напісаньні прозьвішчаў, імёнаў у супрацоўнікаў ЗАГСаў, пашпартнай службы вельмі шмат складанасьцяў. Кандыдат філялягічных навук Ірына Гапоненка напісала навуковую працу “Перадача беларускіх прозьвішчаў лацінкай” і спадзяецца, што будуць прынятыя адзіныя нормы графічнай перадачы ўласных імёнаў. Але перайсьці цалкам на лацінку зараз нерэальна, лічыць Ірына Гапоненка, бо ўсе стануць непісьменнымі, нават тыя, хто ведае беларускую мову, але:
“Паколькі мы жывем у такім сьвеце, што ёсьць лацінкамоўныя краіны, ёсьць кірылічнамоўныя, і мы ўсе ўзаемазьвязаныя, у нас павінна быць выпрацаваная адзіная сыстэма, каб пры нагодзе мы маглі сваё перадаць лацінскімі літарамі. Павінны быць адзіныя правілы, інструкцыі, і яны ўжо фактычна ёсьць. Але ў цэлым перайсьці на лацінку – гэта нейкая фантастыка, утопія”.
У беларускім сеціве зараз ідзе вельмі вострая дыскусія прыхільнікаў і праціўнікаў лацінкі. Cур’ёзна абмяркоўваюцца спрэчныя пытаньні вакол “й” і “l”, ёсьць і неабгрунтаваныя “наезды” адной групоўкі на другую. Блогер Андрэй Нікалаеў выказаў такое меркаваньне:
“Справа палягае ня ў тым, каб цалкам перайсьці на лацінку. Не. Галоўнае – каб быў роўны статус кірыліцы і лацінкі. Хто хоча пісаць лацінкай, каб ў гэтым ім не заміналі. Хочаш – пішы кірыліцай”.
Прыхільнікі пераходу на беларускую лацінку прыводзяць ў прыклад Турцыю, некаторыя сярэднеазіяцкія рэспублікі, Азэрбайджан, якія ў розны час перайшлі на лацінку.
Зьміцер Саўка: “Лацінка стала б вакном у сьвет”
Навукоўцы ж пакуль больш памяркоўна ставяцца да такога пераходу.
Прафэсар Валянціна Лемцюгова кажа:
“Я думаю, гэта прагрэсіўная зьява, і нам трэба ганарыцца, што двухшрыфтовая мова ў нас. Гэта ж толькі на карысьць мове, і на яе імідж працуе. І на імідж нацыі. Я да гэтага стаўлюся і з увагай, і з павагай, і ўсё раблю ўсё, што толькі можна”.
Лінгвіст Зьміцер Саўка перакананы, што лацінка павінна выкарыстоўвацца нароўні з кірыліцай, і магчыма, зь цягам часу лацінка мае шанец стаць адзіным графічным выяўленьнем для беларускай мовы.
“Калі ўжо змагацца за гэта, калі ўжо класьці на алтар перамогі свае сілы, то хутчэй у справе адваяваньня беларускаю моваю як такою месца пад сонцам. А ўжо ці будзе гэта лацінка, ці будзе кірыліца – пытаньне нумар два. Хоць пэрспэктыву, несумненна, бачу за лацінкаю. Зьмена кірыліцы на лацінку зьмяніла б сьветапогляд беларуса, яна пераарыентоўвае чалавека на зусім іншае вонкавае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Гэта было б вакно ў сьвет”.