Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, па краіне каля 50% прадпрымальнікаў падтрымала гэты страйк. Многія выказваюцца за тое, каб у лютым масава працягнуць страйк пад выглядам адпачынкаў. Асноўнае патрабаваньне ўдзельнікаў акцый пратэсту – адмена пункту 1.1 прэзыдэнцкага ўказу № 760, які ад 1 студзеня дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.
“Адбылося згуртаваньне ўсіх прадпрымальніцкіх структураў, – кажа Віктар Гарбачоў. – Усе разам, усе кансалідуюцца. Гэтыя акцыі нарадзілі сотні, тысячы новых актывістаў, новых лідэраў у маленькіх вёсачках і гарадах. Расплюшчылі людзям вочы на стаўленьне ўладаў да прадпрымальнікаў. Ня трэба зараз ні Гарбачоў, ні Шумчанка, ні Макаеў... У іх ёсьць свае гарбачовы, – тысячы гарбачовых, тысячы шумчанак”.
Ня трэба зараз ні Гарбачоў, ні Шумчанка, ні Макаеў... У іх ёсьць тысячы гарбачовых, тысячы шумчанак
У інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што 21 студзеня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца наступная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў.
“Я думаю, што народ прыняў рашэньне 10 студзеня. І ён гэтае рашэньне ўжо не адменіць, – кажа Віктар Гарбачоў. – Тыя людзі, якія былі там, прынялі для сябе рашэньне. Яны ўсе прагаласавалі за 21-е. Адпаведна, гэта трэба пытацца ў людзей і глядзець, чакаць 21 студзеня. Але пасадка лідэраў ні ў якім разе ня спыніць шараговых прадпрымальнікаў, каб яны адмянілі сваё рашэньне. Народ сказаў слова, народ яго трымае”.
Прадпрымальнікі праяўляюць салідарнасьць. Да прыкладу, яны сабралі неабходную суму грошай, каб выплаціць штраф у 20 базавых велічыняў, які наклаў суд на Віктара Гарбачова нібыта за дробнае хуліганства. Таксама на рынках распаўсюджваюцца лістоўкі ў падтрымку зьняволенага лідэра аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі ды іншых актывістаў.
Адносна акцыі 21 студзеня намесьніца лідэра “Пэрспэктывы” Вольга Круміна сказала:
“На ўсіх рынках ужо распаўсюджаны лістоўкі. І ўсе маюць намер выйсьці і падтрымаць. Калі раней яны патрабавалі ўсяго толькі адмены пункта 1.1 указа №760, то цяпер яны патрабуюць і свабоды Шумчанку. І тое, што акцыя адбудзецца – гэта бясспрэчна. І ніякіх пытаньняў тут быць ня можа”.
Старшыня савету рынку “ЦУМ” у Берасьці Алена Кустус сказала, што прадпрымальнікі настроены падтрымаць акцыю 21 студзеня:
“Мы пакуль прыпынілі сваю дзейнасьць. Ня ўсе прадпрымальнікі, праўда. Мы абсалютна салідарныя з арыштаванымі і з тымі людзьмі, якія былі на мітынгу 10 студзеня. Мы спадзяемся на тое, што будзем пачутыя”.