Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік – Зьміцер Бартосік


Зьміцер Бартосік, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе беларускі бард і журналіст, аўтар кнігі “Чорны пісталет” Зьміцер Бартосік.

Панядзелак, 13-га чэрвеня

Ніяк не магу прызвычаіць сябе да спакойнай рэакцыі на дэманстратыўнае неразуменьне маёй цудоўнай беларускай мовы з боку карэннага насельніцтва. Прычым ня ведаеш, дзе і калі чакаць непаразуменьня. Гэтым разам на аўтакірмашы, куды мяне занесла па звычайныя электрадраты. Нізенькая, тоўсьценькая, са злымі вочкамі з-за мінусовых акуляраў няпэўнага ўзросту прадавачка грэбліва перапытала: “Эта што, провода што лі?” Гідкая зьнешнасьць у спалучэньні з грэблівасьцю да беларушчыны – рэдкае мярзоцьце. Як у дзярмо ступіў. Ох, як хочацца вымацерыцца ад усёй душы. Але ж тым самым паказаць сваю слабасьць. Гэтым разам я быў не зусім на вышыні. Параіў гарадзкой мадам на мае крэўныя не разьлічваць, а чакаць сваіх кліентаў. Што выглядала сьмешна. Бо дачакаецца яна іх хутка. А вось ці сустрэнецца ёй яшчэ калі-небудзь аматар роднага слова, пытаньне…

А сапраўды цікава, наколькі нас тут шмат, у гэтай краіне? Можа мы, самі таго ня ведаючы, вялікая эканамічная сіла? Як гэта проста – не плаціць тым, хто цябе на разумее. Не хадзіць у іхныя рэстараны. Ня езьдзіць у іхных таксоўках. Не купляць у іх ніякіх шмотак і ніякай ежы. А тое, што яны ёсьць – лішні доказ таго, што нас ня проста мала. Нас – мізэр, які імкнецца да нуля.

У мэтро сустрэў старога знаёмага сьвядомага беларуса. І знаёмы сьвядомы беларус у размове рэзка перайшоў на паўшэпт. Вядома, не з-за сакрэтнасьці сваёй інфармацыі. А з-за беларускай мовы. Я магу яго зразумець. Быць белай варонай на працягу дзесяці гадоў – гэта подзьвіг, які ня сьніўся ні літоўскім саюдзістам, ні ўкраінскім унсоўцам. Бо нашаму чалавеку прыходзіцца лавіць цікаўныя, як у заапарку, позіркі з боку сваіх людзей.

Ці не таму так шмат сьвядомых апынулася за мяжою, што там можна размаўляць па-беларуску ўголас? Варта толькі пераехаць мяжу, і гавары, як хочаш. Кайф! Псыхалягічны расслабон для любога нармальнага чалавека. Не паварочваецца язык іх асудзіць за эміграцыю. Гэта ня здрада. Гэта патрэба псыха-лінгвістычнай разгрузкі. Каб не звар’яцець сярод родных людзей.

Нібы супакаеньне, што ня так усё змрочна, сустракаю ў цэнтры тры новыя беларускамоўныя рэклямныя бігборды. Разам з “Самсунгам” і “Панасонікам” па-беларуску загаварылі “Indesit” і “Renault”. Такім чынам, беларускіх фірмаў паболела. Калі тэндэнцыя захаваецца, можа хваля дойдзе і да “Атланту” з “Коммунаркой”.

Аўторак, 14 чэрвеня

Пайшоў на ВДНГ, дзе выставілі для агляду шырокай публікі ўсе чатыры праекты па адбудове гістарычнага цэнтру Менску. Божа, за што ты так караеш гэты ня самы горшы ў сьвеце горад? Надзяліўшы ўладай людзей, якія яго ня тое, што ня любяць. Ён ім проста замінае. Замінае нават тымі аскепкамі старасьвеччыны, якія не пасьпелі дабіць за саветамі. Гэта відаць па жаданьні зьдзівіць нас нечым новым і дагэтуль нябачаным. Зрэшты, адзін праект заслугоўвае ўвагі. Праект калектыву Анатоля Шабаліна. У якім максымальна аднаўляецца забудова Замчышча і зносіцца дом з магазынам “Алеся”.

Паслухаў спрэчку Рыгора Сітніцы з трасянкава-гальштучнымі чыноўнікамі ля макету праекта Дзьмітрыя Бубноўскага. Рыгор горача і, па-мойму, дарэмна ім усім даводзіў, што ніякім паркінгам і жалезабэтонам ня месца ў гістарычным цэнтры.

Чыноўнікаў зразумець таксама можна. Ім хочацца, “што бы была красіва і ўдобна”. Чым не высакародны матыў? Ну не вінаватыя ж яны, што цагляная скрыня з “Алесей” і Дом мод ім бачацца прыгожымі? Можа, гэта нам трэба вочы працерці? Хоць насамрэч, як мне здаецца, трэба забараніць любыя конкурсы, праекты і будаўніцтвы на гэтай тэрыторыі да тых часоў, пакуль прыйдуць новыя людзі, з новымі мазгамі, з новымі грашыма і новымі тэхналёгіямі. І, дай Бог, з новым адчуваньнем сваёй краіны.

Я спытаўся ў аднаго абаронцы Белпрампраекту і “Алесі”, ці ў курсе ён, што ў Маскве зносяць гатэль “Россия”, каб адбудаваць зьнявечанае Зарядье? “Расія – эта не Беларусь”, з патасам адказаў той. Цікава, што ён меў на ўвазе?

Увечары на Нямізе сустрэў знаёмага расейца ды падзяліўся сваімі думкамі. А той у мяне спытаўся, папіваючы піва, ці не плянавалі менскія архітэктары зносу Петрапаўлаўскага сабору? “Ды не, – кажу, – да такога, здаецца, не даходзілі.” “А дарма, – адказаў той. – Паглядзі, як ня ўпісваецца царква ў гэты мілы ансамбаль з гандлёвага дому, праектнага інстытуту і Дому мод. Дысананс і нонсэнс. На яе месца проста так і просіцца які бэтонны ўнівэрсам ці Дом быту з мазаікай. Хай бы мінчане парадаваліся. А так радасьць у іх няпоўная”.

І чым мне было крыць? Сапраўды, Менск будуецца, як упершыню. Людзьмі, якія пераехалі жыць на новае месца. Не адчуваючы ніякай сувязі са старым горадам. Адкуль жа ўзяцца любові да старых камяніц? У адно толькі паверыць не магу. Што калі-небудзь паркінг на Нямізе і промпраект будуць выклікаць настальгію і замілаваньне…

Серада, 15-га чэрвеня

Летняе расьпіцьцё піва на галоўным праспэкце – адна з найцікавейшых менскіх забаваў. Асабліва сярод горшай паловы чалавецтва. Бо дзе ж яшчэ пабачыш столькі найярчэйшых прадстаўніц лепшай паловы. Сядзі, як у журы на конкурсе прыгажосьці, і выстаўляй балы. А калі яшчэ пашанцуе з адпаведнай кампаніяй! Гэтым разам пашанцавала. Мастак Алесь Пушкін вяртаўся з Астравеччыны і частаваў мяне байкамі тамтэйшага жыцьця.

Ад п’янкі памёр мужык. Ягоныя сваякі, сябры і калегі па цяжкай долі, не прыходзячы ў працьверазеньне, наладзілі пахаваньне. П’яныя, ледзь уставілі абразок паміж мёртвых пальцаў. Напружваючы апошнія сілы, ледзь выкапалі магілу. Насілу апусьцілі ў яму труну – адзін з жалобнікаў нават страхаваў працэс апусканьня, стоячы ў магіле. І ледзь адтуль сам выбраўся. Пасьля было фэерычнае застольле. У працэсе памінаньня было вырашана адзначыць і дзявяты дзень. А паколькі прадукту і сілаў яшчэ хапала, дык заадно і справіць саракавіны. Пад заслону памінак сын спачылага зьбіў удаву, гэта значыць, маці. А адзін з гасьцёў ледзь ня згвалціў 70-гадовую старую. Пад час гэтага прыступу страсьці ў ахвяры, значыць у старой, вылецела шкляное вока. Якое дружна ўся кампанія шукала па хаце.

Адным словам, доля праўды ў БТ-шных рэпартажах ёсьць. Людзі на вёсцы не сумуюць. З аганьком, можна сказаць, жывуць і з фантазіяй. Напэўна, туды яшчэ не дабраліся лукашэнкаўскія бізьнесьмены. Але як гэтыя жахі дваццаць першага стагодзьдзя слухаюцца на праспэкце! Забітым дарагімі лімузынамі ды зьзяючым вітрынамі буцікаў і клюбаў. Сярод расфуфыранай публікі.

Чацьвер, 16-га чэрвеня

Якое гэта ўсё ж такі шчасьце – мець дом за межамі гораду. На лета мы з сям’ёю перабіраемся ў вёску пад Менскам. Зрэшты, клясычнай вёскай гэтае паселішча ўжо назваць нельга. Бо побач са старымі зрубамі ўжо ўзьняліся двух-трохпавярховыя мураванкі. З гаражамі, спадарожнікавымі антэнамі ды іншымі выгодамі новага часу. Адных толькі саматужных аўтасэрвісаў – ажно тры на невялікую вёску. Любімыя размовы вяскоўцаў – цэны на іхныя ўчасткі, што ўжо перасягнулі дваццацітысячную адзнаку і, падобна на тое, толькі пачынаюць свой разьбег.

Карцінкі колішняй ідыліі можна сустрэць у краме, дзе яшчэ захоўваецца непаўторны пахавы кактэйль з таннага тытуню, “чарніла” і галёшаў. Гэтым разам у краме мяне чакала даволі забаўная сцэнка. Некалькі маладых мужчынаў выстраіліся ў чаргу пасьля цяжкага працоўнага дня зь вельмі акрэсьленай на іхных тварах мэтаю. З алькаголем праблем няма. На паліцы пашыхтаваліся і гарэлкі, і малдаўскія партвэйны, і нават лікёры. Асабнячком трымаліся два напоі. Назва аднаго была “Волшебная флейта”, другі быў “Вишнёвый сад”. Адразу бачна, што назвы гэтаму пойлу прыдумляюць спэцыяльна абучаныя людзі. Адчуваецца рука прафэсіянала. “Волшебная флейта” – амброзія гідка-жоўтага колеру – карысталася большым за свайго малінавага канкурэнта попытам. Маладзёны з сур’ёзнымі тварамі, нібы пароль, вымаўлялі: “Тры “валшебныя флейты”, “Дзьве “валшебныя флейты”, “Пяць “валшебных флейтаў”. Прыхільнікаў Моцарта ў маёй вёсцы больш за аматараў Чэхава. Бо “Вишнёвый сад” каштаваў на пару соцень рублёў даражэй. Цікава, гэтыя нэктары весяляць ці наводзяць на філязофскія настроі? Як-небудзь трэба пакаштаваць…

Перад сном колькі эсэ Севярынца зь ягонай новай кнігі. Малайчына! Даўно так ніхто не зараджаў адкрытым аптымізмам.

Пятніца, 17 чэрвеня

Тэлефонная размова з Расеяй. Бацькі ў хаце не было. Пагаварыў зь ягонай жонкай. Гэта значыць, з мачахай. Колішняй гомельскай мастацтвазнаўкай. На яе пытаньне – як там мая дачка Яня, ці гаворыць, ці шмат словаў ведае, адказваю, як ёсьць. Словаў ведае мала. “Мама”, “тата”, “”цяля”, “цікава”. “О божа!”, – вырвалася ў той, – вы что с ней по-белорускі разговаріваете? Какой кошмар! Не іздевайтесь над ребёнком”. Карацей размовы з радзімай не атрымалася. Але гэта ніяк не паўплывала на добры настрой. Трэба часьцей спрабаваць зірнуць на гэты сьвет дзіцячымі вачыма. Маленькая Яня жыве ў лепшай у сьвеце краіне. Бо іншых не існуе. Гаворыць так, як гаворыць тата. І нават не здагадваецца, што над ёю “ізьдзяваюцца”. Самае цікавае месца на зямлі – гэта фэрма, дзе жывуць “цяля” і “конікі”. А ўчора яна вывучыла слова “месяц”. Мяркуючы па ўсім, гэтая лямпа ў небе ёй спадабалася. Любімая яе кніга – стары “Буквар” 1958-га году выданьня. Зроблены яшчэ ў часы, і гэта адчуваецца па малюнках, калі беларуская мова была запатрабаванаю і натуральнаю. Наклад кніжкі 200000. Усім раю рабіць дзетак і гаварыць зь імі на мове іхных прапрадзедаў. Эфэкт – фантастычны. Ніякія акторы і дыктары не дасягнуць такой прыроднай натуральнасьці ў вымаўленьні спрадвечных словаў. Гэта лепшы сродак, каб адцягнуць увагу ад усялякай дрэні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG