Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца суд над рэдактарам “Барысаўскіх навінаў”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня ў Барысаве аднаўляецца разгляд мясцовым судом справы рэдактара недзяржаўнай газэты “Борисовские новости” Анатоля Букаса, якога абвінавачваюць ў парушэньні крымінальнага заканадаўства. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, спадару Букасу пагражае пазбаўленьне волі да 2 гадоў альбо абмежаваньне волі тэрмінам да 3-х гадоў.

Крымінальная справа на Анатоля Букаса была заведзена яшчэ летась. У лістападзе барысаўская пракуратура паінфармавала рэдактара “Барысаўскіх навінаў”, што напісаны ім у сакавіку 2004 году крытычны артыкул пра рэдактарку газэты Барысаўскага гарвыканкама “Адзінства” Веру Пратасэвіч трапляе пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу. Артыкул называўся па-расейску “Звезданутый пострел везде поспел, или Молчание ягнят”. У студзені пракуратура ўдакладніла, што рэдактар недзяржаўнай газэты ўзьвёў паклёп ды абразіў рэдактарку афіцыйнай газэты.

Сёньня чакаецца чацьвёртае паседжаньне суду. Напярэдадні спадарыня Пратасэвіч сказала мне, што яна па-ранейшаму лічыць Анатоля Букаса вінаватым:

(Пратасэвіч: ) “Канешне. А інакш навошта я б зьвярталася ў суд?! І на судзе, калі мне дадуць слова, скажу, што ёсьць такі газэтны жанр як газэтная палеміка. А Букас, відаць, лічыць, што лаянка таксама жанр. Але гэты жанр не прыгодны для годнага чалавека. Так лічу я”.

Між тым, Анатоль Букас цьвердзіць, што ягоная судовая справа мае палітычны характар. І што яе сапраўдным заказчыкам зьяўляецца не спадарыня Пратасэвіч, а Барысаўскі гарвыканкам. Рэч у тым, што недзяржаўнае выданьне рэгулярна друкуе крытычныя артыкулы пра дзейнасьць мясцовых уладаў. І існаваньне “Барысаўскіх навінаў”, як лічыць рэдактар гэтай газэты, вельмі замінае гарвыканкаму. Доказам надуманасьці гэтай крымінальнай справы, паводле Букаса, зьяўляецца ягоная няўдалая спроба ініцыяваць падобнае абвінавачаньне крымінальнага характару ў дачыненьні да спадарыні Пратасэвіч. І ня толькі артыкул з “Барысаўскіх навінаў” фігуруе ў судзе. Спадарыня Пратасэвіч, паводле ейнага апанэнта, таксама неаднаразова друкавала ў сваім выданьні матар’ялы, дзе крытыкаваўся Анатоль Букас. Аднак, барысаўская пракуратура да ініцыятывы спадара Букаса аднеслася адмоўна. Дарэчы, Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць, напрыклад, што барысаўскія журналісты Букас і Пратасэвіч, мусяць вырашаць свой “газэтны” канфлікт ў грамадзянскім парадку.

Ці будзе сёньняшняе паседжаньне ў барысаўскім судзе апошнім, пакуль невядома. Што тычыцца прагнозу, то вось якім меркаваньнем падзяліўся барысаўскі праваабаронца Алесь Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) “Я выказваю асьцярожны аптымізм. Перш за ўсё таму, што задаволена галоўнае хадайніцтва Анатоля Букаса– выклік у суд прафэсара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тычыны. Ягоная экспэртыза на карысьць Букаса. Гэта заключэньне сьцьвярджае, што ў спрэчным артыкуле спадара Букаса зьмешчана нэгатыўная інфармацыя пра Веру Пратасэвіч. Але гэтая нэгатыўная інфармацыя ня выкладзена ў зьневажальнай ці паклёпніцкай форме. Гэта – журналістыка, вострая, спрэчная, але ў межах закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG