Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія калёніі на беразе Балтыйскага мора – Інфляндзкае княства і Курляндыя


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 17 лютага 2005). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Другая частка перадачы пра беларускія калёніі. Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі:) “Старажытная беларуская дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае – мела калёніі. Гэтаксама, як і Вялікая Брытанія, Францыя, Гішпанія, Партугалія. У 16-м стагодзьдзі Вялікае Княства Літоўскае набыло адразу дзьве калёніі – Герцагства Курляндзкае і Герцагства Задзьвінскае. Набыцьцю гэтых земляў у якасьці калёніяў спрыяла жаданьне беларусаў выйсьці да мора і разьвіваць гандаль.

(Алег Трусаў: )” Тым болей, што ў 1581 годзе швэды адабралі ў Масковіі Нарву, і рускага канкурэнта на Балтыцы ўжо не стала”.

(Ракіцкі: ) “Мы гаворым, што прычынаю набыцьцю калёніяў было жаданьне гандляваць. Чым перадусім гандлявала ВКЛ з балтыйскім рэгіёнам?”

(Трусаў: ) “З Рыгі ў гарады і замкі ВКЛ везьлі соль, селядцы, палотны, шоўк, віно, піва, вострыя прыправы, жалеза, медзь, волава і сьвінец. З ВКЛ вывозілі ў Рыгу будаўнічыя бярвёны, дровы, скуры, смалу, збожжа, каноплі, лён, воск, сала, канапляны алей. Аднак, галоўны імпартны тавар – гэта соль і селядцы. Наш экспарт – гэта воск, лес і збожжа. Соль перавозілі ў мяхах. Зімой з Рыгі везьлі жалезныя вырабы: патэльні, сякеры і косы”.

(Ракіцкі: ) “Для таго, каб патрапіць у Балтыйскае мора, трэба было мець уласны рачны флёт”.

(Трусаў: ) “Так. Беларусы мелі свой рачны флёт. І немалы. Гэта – вялікія суды, якія называліся “ўчаны”, а таксама стругі, паўстругі, шкуты, лодкі і плыты. Існавалі і вялікія баркі, што бралі на борт да 12 тысячаў пудоў грузу. Былі і мясцовыя лёцманы, якія за вялікую плату (300 копаў грошаў) праводзілі стругі праз парогі на Дзьвіне.

(Ракіцкі: ) “Нарэшце вернемся да лёсу гэтых калёніяў. І давайце пачнем з Задзьвінскага герцагства”.

(Трусаў: ) “Задзьвінскае герцагства яшчэ мела назоў Інфляндзкае княства. Спачатку часовым губэрнатарам гэтай тэрыторыі быў былы магістар Кетлер. 26 сьнежня 1566 году Гарадзенскі сэйм уключыў Інфляндзкае княства ў склад ВКЛ. Кіраваў гэтай калёніяй губэрнатар, які прызначаўся Каралём і вялікім князем літоўскім. Сталіцай быў горад Дынабург, потым – Дзьвінск, зараз – Даўгаўпілс.

(Ракіцкі: ) “Пройдзе ўсяго некалькі дзесяцігодзьздзяў, і пачнецца вайна Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1600-1629 гг.). І першы ўдар прыпадзе менавіта на Задзьвінскае герцагства...”

(Трусаў: ) “Так, і яно практычна распалася. Пасьля 1629 году ў ВКЛ засталася толькі Латгалія, а паўдзённая Эстонія і паўночна-заходняя частка Латвіі разам з Рыгай адышлі да Швэцыі. Пасьля Паўночнай вайны ў 1721 годзе гэтыя землі забрала Расея. Латгалія ў складзе ВКЛ была падзеленая на чатыры староствы: Дынабурскае, Рэжыцкае, Люцынскае і Марыенгаўскае. У 1667 годзе Сойм ВКЛ аб''яднаў іх у Інфляндзкае ваяводзтва з цэнтрам у Дынабургу. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Латгалію захапіла Расея”.

(Ракіцкі: ) “Пасьля таго, як калёнія здабывае незалежнасьць ці пераходзіць у рукі іншай дзяржавы-ўладара, лёс калёніі складваецца па-рознаму. Часам ён шчасьлівы, а часам трагічны. Дык які ж лёс напаткаў гэтыя тэрыторыі пазьней?”

(Трусаў: ) “Ад 1772 да 1776 году гэта была Дзьвінская правінцыя Пскоўскай губэрні, наступныя тры гады яна была ў складзе Полацкай губэрніі, паьзней ўваходзіла ў Беларускую губэрню (1796-1802). Усё ХІХ стагодзьдзе і аж да 1917 году Латгалія належала Віцебскай губэрні.

11 жніўня 1920 года Ленін перадаў Латвіі тры паветы Віцебшчыны, часткова населеныя беларусамі – Дзьвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы, а таксама 4 мільёны рублёў золатам, каб выключыць Латвію зь ліку ворагаў.

Таксама ў 1921 годзе суседняя, новая краіна Літва перадала Латвіі 299 квадратных кілямэтраў у ваколіцах Дзьвінску (Ілуцкі павет) зь пераважна беларускім насельніцтвам. Такім чынам, Латгалія ўвайшла ў склад Латвіі”.

(Ракіцкі: ) “А што сталася з Курляндыяй?”

(Трусаў: ) “Курляндыя была аўтаномнай часткай ВКЛ. Ад 1617 да 1795 году дзяржаўны лад вызначала мясцовае заканадаўства – Курляндзкія статуты. Найбольшую магутнасьць яна дасягнула пры герцагу Якабу (1640-1682), які меў свой і даволі някепскі ваенны і гандлёвы флёт, з дапамогай якога ён захапіў дзьве калёніі ў Амэрыцы і Афрыцы”.

(Ракіцкі: ) “На пачатку перадачы мы гаварылі пра тое, што старажытная беларуская дзяржава мела дзьве калёніі. Цяпер даведваемся, што дзякуючы тым дзьвюм калёніям, беларусы набылі яшчэ дзьве?”

(Трусаў: ) “Так. І вельмі экзатычныя. У Афрыцы некалькі год, ад 1651 да 1655 году, Курляндыі належала краіна Гамбія. У 15 стагодзьдзі сюды прыйшлі партугальцы, потым у 16 стагодзьдзі тут зьявіліся англічане, французы і галяндцы. Пасьля, ад 1786 да 1965 году, тут уладарылі брытанцы. Мясцовыя плямёны здаўна вырошчваюць арахіс, рыс, сорга, бавоўну, зьбіраюць пальмавыя арэхі”.

(Ракіцкі: ) “А другая калёнія? Я чуў, што гэта недзе ў Амэрыцы...”

(Трусаў: ) “Так. Гэта – выспа Табага ў Вэст-Індыі. Яна належала Курляндыі даўжэй – ад 1645 да 1665 году. Выспа займала вельмі выгоднае стратэгічнае становішча. Яе плошча 300 квадратных кілямэтраў, яна пакрытая вечназялёнымі лясамі і мае высокія горы. Такім чынам, праз Курляндыю ВКЛ апынулася ў Афрыцы і Новым Сьвеце”.

(Ракіцкі: ) “Нават сёньня можна пачуць ад асобных расейскіх палітыкаў, гісторыкаў пэўныя прэтэнзіі на тыя тэрыторыі, якія мы называем Курляндыяй. Дык калі і як распачаліся дачыненьні паміж Курляндыяй і Расейскай імпэрыяй?”

(Трусаў: ) “У 1709 годзе герцагам стаў Фрыдрых Вільгельм Кетлер, які праз год ажаніўся са сваячкай Пятра І – Ганнай Іванаўнай. Неўзабаве, у 1711 годзе ён памёр, і за ўладу разгарнулася спрэчка паміж Ганнай Іванаўнай і дзядзькам Фрыдрыха – Фердынандам. Расейскі ўрад запатрабаваў ад Курляндыі плаціць штогод 40 тысячаў рублёў на ўтрыманьне Ганны Іванаўны, якая неўзабаве стала Расейскай імпэратрыцай.

У 1726 годзе ляндтаг Курляндыі абраў герцагам Морыца Саксонскага, пазашлюбнага сына караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага. Аднак, у верасьні 1727 году ў краіну ўвайшлі расейскія войскі і вярнулі ўладу Фердынанду.

У 1737 годзе герцагам абралі графа Эрнста Ёгана Бірана, які з 1730 году жыў пры двары Ганны Іванаўны і быў рэгентам Расеі. Некаранаваны муж Ганны Іванаўны Біран практычна кіраваў Расеяй”.

(Ракіцкі: ) “У расейскай літаратуры і гісторыі існуе такі тэрмін – "біронаўшчына". Ці не зьвязаны ён з гэтымі падзеямі, гэтымі асобамі?”

(Трусаў: ) “Так, зьвязаны. І гэтым гістарычным падзеям прысьвечаныя п’есы, раманы, хоць расейскія гісторыкі ня любяць гэты час, лічаць яго пэрыядам застою і ўпадку. Але менавіта ў гэты час быў абмежаваны тэрмін ваеннай і адміністратыўнай службы ў Расеі да 25 год, у 1731 г. заснаваны Кабінэт Міністраў, а ў 1734 годзе была падпісана Гандлёвая дамова з Брытаніяй. Расейскія войскі здолелі захапіць у турак горад Азоў. Расквітнела і Курляндыя, асабліва яе сталіца горад Мітава (зараз Елгава). Тут былі збудаваныя цудоўныя палацы сярод прыгожых паркаў.

Пасьля сьмерці рускай імпэратрыцы ў 1740 годзе Бірана арыштавалі і пазбавілі ўсіх пасад. Але ў 1763 годзе Кацярына ІІ вярнула Бірану ўладу ў Курляндыі. У 1769 годзе ён перадаў сваю пасаду сыну Пятру”.

(Ракіцкі: ) “Ці ня самым вызначальным у гісторыі Беларусі быў канец 18 стагодзьдзя калі адбыўся падзел Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Наколькі гэтыя даты сталі важнымі і ў сэнсе каляніяльнай палітыкі Беларусі?”

(Трусаў: ) “Трэба сказаць, што Вялікае Княства Літоўскае трымалася за свае калёніі да канца. Нават пасьля другога падзелу ў 1793 годзе, калі Расея захапіла нават Менск, Курляндыя была калёніяй Вялікага Княства. Аднак, праз год, у 1794 годзе, ландаг Курляндыі выступіў супраць паўстаньня Касьцюшкі, а 7 сакавіка 1795 году прагаласаваў аб добраахвотным далучэньні да Расеі. 17 сакавіка герцаг Пётр адрокся ад пасагу, і Курляндыя. Дарэчы, разам з ВКЛ і Польшчай, зьнікла з карты Эўропы. У 1796 годзе была ўтворана Курляндзкая губэрня Расіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG