Свабода падлічыла, у колькі абыдзецца сьвяточная вячэра з традыцыйных страў у Менску, Варшаве і Вільні.
Для сьвяточнага стала мы выбралі некалькі асноўных страў на чатырох чалавек: салаты аліўе і з крабавымі палачкамі, селядзец пад шубай, бутэрброды з ікрой, мяса па-француску, мандарыны. З алькаголю — ігрыстае віно мясцовай вытворчасьці.
Каб закупіцца прадуктамі для іх, мы схадзілі ў мясцовыя крамы. У Менску — у супэрмаркет Green, у Вільні — у Maxima, у Варшаве — у Carrefour і Auchan.
Сярод інгрэдыентаў для страў на сьвяточны стол у прадуктовым кошыку аказаліся наступныя.
Для бутэрбродаў з ікрой узялі багет, пачак масла і бляшанку ікры (95 г).
Для «крабавай» салаты — два пачкі крабавых палачак, рыс (100 г), шэсьць яек, маянэз і бляшанку кансэрваванай кукурузы.
Для селядца пад шубай — 400 грамаў бульбы, дзьве морквіны, два буракі, цыбулю, маянэз, селядзец.
Для аліўе — бляшанку кансэрваванага гарошку, дзьве морквіны, салёныя агуркі, чатыры яйкі, бульбу, вараную каўбасу, маянэз.
Для мяса па-француску — 700 г сьвініны (карэйкі), сыр, таматы, маянэз, цыбулю і паўкілё бульбы.
А таксама ўзялі кілё мандарынаў на дэсэрт і бутэльку ігрыстага віна мясцовай вытворчасьці («Савецкае» шампанскае — у Менску, Alita Brut — у Вільні, Cin Cin — у Польшчы).
Пры выбары прадуктаў мы арыентаваліся на самыя нізкія з сэгмэнту цэны.
Аказалася, што ў Менску накрыць навагодні стол каштуе 129,26 рубля, або 38 даляраў (курс валюты ўзялі актуальны на 27 сьнежня 2024 году).
У Варшаве сума за прадукты для навагодняга стала агулам склала 229 злотых, або 55,87 даляра.
А ў Вільні за прадукты на сьвяткаваньне прыйдзецца аддаць 53,69 эўра, або 56 даляраў.
Сярэдні заробак у кастрычніку 2024-га склаў:
- у Менску склаў 3149,4 рубля ($962,31),
- у Варшаве — 10 171,67 злотага ($2481,90),
- у Вільні — 2237,9 эўра ($2334,58) да вылічэньня падаткаў.
Мінімальны заробак брута ў Беларусі ў 2024 складае 626 рублёў ($191), у Літве — 924 эўра ($962), у Польшчы — 4300 злотых ($1049).
Форум