Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія бровары церпяць страты з-за беларускай палітыкі ліцэнзаваньня


Ігар Карней, Менск Ад 1 кастрычніка пастановай Савету міністраў скасаваная працэдура абавязковага ліцэнзаваньня ўвозу ў Беларусь расейскага піва. Аднак расейскія вытворцы перакананыя, што моцна адкарэктаваны беларускім ўрадам двухбаковы пакет дакумэнтаў ня толькі не палегчыць працу пастаўшчыкам ды гандлярам, а, наадварот, зробіць расейскую прысутнасьць на піўным рынку Беларусі яшчэ больш праблематычнай.

Адмяніўшы абавязковае ліцэнзаваньне на ўвоз расейскага піва, беларускі ўрад захаваў склады часовага захоўваньня, маркіроўку ў падатковых органах таварна-транспартных накладных, увёў больш жорсткія ўмовы атрыманьня кантрольных марак і авансавы плацеж у памеры 100% сумы акцызаў. Але самае галоўнае — адкарэктаваныя памеры ўвозных партыяў: для гуртовых гандляроў ня меней 40 тысяч даляраў, для прыватнікаў на аб’ём болей за 50 літраў патрэбна мець дакумэнты, якія бы пацьвярджалі легальнасьць прадукцыі. Выканаўчы сакратар Расейскага Саюзу півавараў Вячаслаў Мамантаў кажа, што такія захады беларускага боку адкідваюць ранейшыя дамовы на пазыцыі двухгадовай даўніны, калі “піўная вайна” толькі пачыналася.

(Мамантаў: ) “Быццам скасоўваецца ліцэнзаваньне, але разам ужываюцца больш жорсткія захады, ажно да даго, што піва будзе развозіцца пад кантролем — 50 літраў да пункту розьнічнага продажу. Адны нетарыфныя мэтады замяняюць іншымі, нават больш жорсткімі дзеля распаўсюду, дзеля продажу расейскага піва на тэрыторыі Беларусі. Усе цяперашнія меры, якія набываюць моц, прынцыпова сытуацыі не зьмяняюць: па сутнасьці, датычна расейскага піва пакінуты рэжым стрымліваньня паставак з Расеі”.

Затое мясцовыя вытворцы піва такое рашэньне Саўміну вітаюць. Аляксандар Гарай, адзін з кіраўнікоў бровару ў Рэчыцы, перакананы: пускаць расейцаў у Беларусь небясьпечна для ўсёй галіны.

(Гарай: ) “Піўное лобі ў Расеі вельмі сур’ёзнае, бо ад галіны вельмі вялікія падатковыя паступленьні. Там яны ўжо выходзяць на 700 мільёнаў дал піва на год. Толькі ўявіце: у нас 20 мільёнаў, а ў іх 700 — у 35 разоў болей. Зразумела, што яны будуць усяляк імкнуцца атрымаць неабмежаваны доступ на беларускі рынак”.

Расейскі бок лічыць, што жаданьне абмежаваць расейкае піва ў Беларусі мае палітычны падтэкст. Гаворыць Вячаслаў Мамантаў:

(Мамантаў: ) “Сытуацыя, хутчэй, у тым, што ёсьць палітычная ўстаноўка адносна расейскага піва, і яна ў Беларусі выконваецца. Бо тут ніякія не эканамічныя, а палітычныя мэханізмы ўплываюць на стан гандлю”.

Гандляры півам кажуць, што з адменай ліцэнзаваньня на ўвоз расейскага піва кошт гэтага напою ніяк ня зьменіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG