Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальны працяг перамогі “апэльсіна” і “ружы”


Юры Дракахруст, Прага Як урокі “каляровых” рэвалюцыяў асэнсоўваюцца сёньня ва Ўкраіне і ў Грузіі ?

Два гады таму, калі дзесяткі тысячаў людзей, стоячы на марозным кіеўскім Майдане, скандавалі імя свайго лідэра , будучыня здавалася яснай – Украіна нарэшце вырвецца з постсавецкага балота, пазбавіцца ад залежнасьці ад Расеі і хутка далучыцца да сямьі эўрапэйскіх народаў. Далёка ня ўсе з гэтых надзеяў спраўдзіліся.

Гаворыць Рыгор Вахапаў, журналіст украінскага “Новага каналу” які два гады таму прастаяў на Майдане да перамогі.

(Вахапаў: ) “Усё пайшло ня так, як мы меркавалі. Мы чакалі, што наагул памяняецца лад, цалкам, уся палітычная эліта пазбавіцца ад неадназначных асобаў. Але гэтага не адбылося”.

Літаральна праз месяц наступае гадавіна яшчэ адной каляровай рэвалюцыі – рэвалюцыі ружаў у Грузіі. Назіральнікі адзначаюць, што расчараваньня там значна меньш, чым ва Ўкраіне. Па-першае, новае кіраўніцтва Грузіі на чале з Міхаілам Саакашвілі здолела дасягнуць заўважальных посьпехаў у эканоміцы, а таксама ў барацьбе з карупцыяй. Па-другое, у Грузіі ў адрозьненьні ад Украіны, не адбылося рэваншу тых сілаў, якія здаваліся назаўжды пахаванымі ў дні трыюмфу ружы і апэльсіну. На сёлетніх мясцовых выбарах у кастрычніку партыя прэзыдэнта Грузіі атрымала пераканаўчую перамогу, у той час як парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне пасьля месяцаў перамоваў і палітычных манэўраў прынесьлі перамогу партыі Віктара Януковіча.

Прэзыдэнт Юшчанка заклікае сваіх прыхільнікаў не паддавацца расчараваньню, нагадвае, што шлях і ня мог быць кароткім, і цяперашні адкат – не назаўжды.

(Юшчанка: ) “Яшчэ ня вечар. Калі Вы шануеце дэмакратычны працэс, калі Вы шануеце тое, што нацыя сьпее, фармуе супольныя погляды на працягу даўгога часу , дык давайце яе паважаць. Чамусьці занадта экплюатуецца тэма - за дзень і ўсё. Гэта не падыход”

Але ў любым выпадку парыў людзей, якія стаялі на Майдане, ня быў марным. Гаворыць Сьвятаслаў Вакарчук, кіраўнік рок-гурту “Акіян Эльзі” , якія граў на Майдане.

(Вакарчук: ) “Калі б сёньня мяне хтосьці запытаў - ці гатовы ты яшчэ раз гэта зрабіць, я б адказаў - так. Я б яшчэ раз выйшаў і стаяў бы на Майдане. Бо каштоўнасьці былі - свабода прыняцьця рашэньняў, свабода быць паўнацэнным чалавекам у сваёй краіне”.

Вынік рэвалюцыяў – ня ў перамозе рэвалюцыянэраў, а ў тым, што рэвалюцыя мяняе кантэкст , мяняе ўсіх – і пераможцаў, і пераможаных. Віктар Януковіч сёлета перамог на першых у гісторыі Украіны сапраўды свабодных выбарах, тыя, што былі праціўнікамі дэмакратыі, прынялі дэмакратычныя правілы гульні. Гаворыць прэмьер-міністар Украіны Віктар Януковіч.

(Януковіч: ) “Я вельмі хацеў бы, каб мы, вяртаючыся ў тыя "памаранчавыя" ці блакітна-белыя дні нашай гісторыі,адчувалі, што мы ўсё больш набліжаемся ў сваіх перакананьнях і сымпатыях да агульнага палітычнага колеру - колеру нашага дзяржаўнага сьцягу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG