Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэніта Фэрэра-Вальднэр: “Бар’еры паміж Беларусьсю і Эўразьвязам узводзяцца не з нашага боку”


Радыё Свабода “У Беларусі пануе апошні дыктатар Эўропы. Што робіць Эўразьвяз, каб дапамагчы гэтай краіне?” Так пачынае сваё інтэрвію са старшынёй Эўракамісіі ў вонкавых сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр журналіст нямецкага выданьня Stern

Паводле эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр, “найвялікшая складанасьць у дачыненьнях паміж ЭЗ і Беларусьсю ў тым, што беларускае кіраўніцтва само ізалюе сваю краіну”. “Мы хацелі б прапанаваць Беларусі значна болей, чым гэта ёсьць сёньня”, гаворыць яна. Эўракамісару добра вядомыя скептычныя настроі шэрагу беларусаў адносна плённасьці цяперашняй брусэльскай палітыкі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Не аднойчы чула яна і пра ўзьвядзеньне Брусэлем гэтак званай заслоны паміж Беларусьсю і ЭЗ.

“Лёгка зразумець, чаму некаторыя беларусы маюць памылковае ўяўленьне пра эўрапейскую палітыку, - адзначае Бэніта Фэрэра-Вальднэр- У іх няма шанцаў атрымліваць нейкія нэўтральныя паведамленьні пра Эўропу і з Эўропы. Таму ЭЗ фінансуе тыя тэле- і радыёпраграмы, якія даюць іншы, чым дзяржаўныя беларускія СМІ, погляд на сытуацыю”.

“Калі бар’еры ўзводзяцца, то ня з нашага боку”, падкрэсьлівае эўракамісар. “Мы б з задавальненьнем уключылі Беларусь у палітыку эўрапейскага суседзтва, аднак беларускі ўрад не падзяляе асноўных прынцыпаў такога партнэрства – павагі да правоў чалавека і дэмакратычнай волі народу”.

Паводле спадарыні Бэніта Фэрэры-Вальднэр, ЭЗ выпрацаваў агульную стратэгію адносна Беларусі, якая дазваляе сябрам арганізацыі апэратыўна і сінхронна рэагаваць на падзеі ў гэтай краіне. “Мы накіравалі Менску дакладнае пасланьне адносна абмежаваньня дачыненьняў на афіцыйным узроўні. Адначасна мы імкнемся разьвіваць супрацоўніцтва з усімі тымі ў Беларусі, хто выступае за дэмакратыю”. Як сьцьвярджае эўракамісар, Брусэль, такім чынам, імкнецца падтрымаць грамадзкую актыўнасьць беларускага насельніцтва і адначасна зрабіць ціск на беларускае кіраўніцтва,– з тым, каб тое ў канкрэтны тэрмін правяло адпаведныя рэформы ў краіне.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр зазначае, што большасьць фінансавых мэханізмаў ЭЗ у палітыцы суседзтва разьлічаныя на каапэрацыю з урадам партнэрскай краіны. “Гэта лягічна, - падкрэсьлівае яна. - Аднак мы знайшлі іншыя інструмэнты, якія даюць нам большую свабоду дзеяньняў без кантролю з боку беларускіх ўладных структураў… Летась мы выдаткавалі для Беларусі 17 мільёнаў эўра, у тым ліку 9 мільёнаў на падтрымку грамадзянскай супольнасьці . Гэта немалы ўнёсак пры цяперашніх складаных абставінах. І я мяркую, што падобная падтрымка ў такой форме будзе ажыцьцяўляцца і надалей”,– паведаміла ў размове са Stern эўракамісар Эўразьвязу ў вонкавых сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG