Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Госьць на Свабодзе” – Аляксандар Фядута


Аляксандар Уліцёнак, Менск Напрыканцы мінулага тыдня чарговым “Госьцем на Свабодзе” быў публіцыст, паліттэхноляг Аляксандар Фядута. Цягам гадзіны ён размаўляў па тэлефоне са слухачамі Радыё Свабода, адказваў на SMS-пытаньні, аналізаваў электронную пошту і разважаньні, дасланыя на тэлефонны аўтаадказьнік. Сёньня мы друкуем фрагмэнты гэтага дыялёгу.

“Спадар Лябедзька, ня трэба рабіць тое, што вы зараз робіце!”

(Натальля, Менск: ) “Спадар Аляксандар, мяне цікавіць вашае стаўленьне – але менавіта жорсткае, канкрэтнае, да перадзелу палітычнай улады ў лягеры сёньняшняй дэмакратычнай апазыцыі. Больш дакладна – у “экс-камандзе” Аляксандра Мілінкевіча. Як вы ставіцеся да паводзінаў спадароў Казуліна, Лябедзькі and company?”

(Фядута: ) “Наконт паводзінаў спадара Казуліна я ня ведаю нічога, акрамя таго, што гэты палітык зараз у турме. І таму пры любых чутках да яго трэба ставіцца з павагай – гэта абавязковая грамадзянская норма. Яшчэ – са спачуваньнем.

Што тычыцца перадзелу. Існуе кааліцыя, існуе постаць, якую прызнае і апазыцыя, і ўлада нават... І калі цяпер нехта, зыходзячы з уласных амбіцыяў, пачынае рушыць гэтую сыстэму, такога, прабачце, нельга дапускаць. На два гады Мілінкевіч валодае імунітэтам, ён павінен заставацца. Праз два – мусіць адбыцца Кангрэс з нагоды ўваходу краіны ў новы электаральны цыкл. І альбо ён зноў дасьць Мілінкевічу паўнамоцтвы лідэра беларускай апазыцыі, альбо заявіць: “Не, ты зрабіў сваё, дзякуй, сыходзь – цяпер нас павядзе іншы!”

Але – толькі праз два гады. Зараз – рана! Зараз Мілінкевіч мацнейшы за ўсялякую іншую альтэрнатыву.

Спадар Лябедзька, зьвяртаюся да вас праз Радыё Свабода: ня трэба рабіць тое, што вы зараз робіце. Ня трэба рушыць кааліцыю”.

(Сяргей, Менск: ) “Аляксандар, добры дзень! Дык ці можна прызначыць лідэраў апазыцыі? Вы ня лічыце, што лідэрамі становяцца натуральным шляхам?”

(Фядута: ) “А я не прапаноўваю прызначаць іх! Я кажу: трэба памяняць тых, хто гадамі на сваіх месцах... Мусіць быць барацьба за іхныя пасады, хай прыходзяць іншыя.

Вы лічыце, што Казулін зь Мілінкевічам горшыя за тых партфункцыянэраў, якія за дзесяць гадоў праседзелі штаны ў палітычных кансультацыях? Ня горшыя! А тая моладзь, якая пайшла бяз гэтых палітычных лідэраў на плошчу, – яна горшая? Ня горшая – лепшая! Як пісаў спадар Чарнышэўскі, «наше дело – место расчистить»… А што на ім вырасьце? Спадзяюся, добрае дрэва...”

(Ірына, Горадня: ) “Вы раней былі камсамольскім дзеячам і, напэўна, арыентуецеся ў сёньняшняй моладзевай тэме. Як ставіцеся да юнацкай галадоўкі? Тых хлапцоў выкарыстоўваюць “старэйшыя таварышы”, або наадварот яны самі сваімі дзеяньнямі расчышчаюць дарогу да лідэрства?”

(Фядута: ) “У нас вельмі добрая, разумная моладзь. Якая сапраўды выклікае павагу. Не лічу галадоўку найлепшым мэтадам для дасягненьня пэўных мэтаў. На жаль, нават калі гэтыя мужныя, чэсныя людзі ў выніку загінуць, у нашай краіне нічога ня зьменіцца: і народ не паўстане, і ўлада не варухнецца...

Але! Яны паказваюць усяму грамадзтву, што ёсьць пэўны патэнцыял супраціўленьня вось гэтай недэмакратычнай уладзе. Іх не “выкарыстоўваюць”. Генэрацыю тых, хто выйшаў на Плошчу, ужо немагчыма “выкарыстаць”. Яны разумнейшыя, яны больш моцныя за нашу сыстэмную, несыстэмную, бессыстэмную – называйце як хочаце! – палітычную апазыцыю, якая існавала дагэтуль. І будучае Беларусі – за імі”.

“Казуліну Расея нічым не дапаможа. Ён – не “крамлёўскі праект”!

(Сп. Міхно Ліда: ) “Нядаўна ў Вільні адбылася міжнародная палітычная канфэрэнцыя, дзе вельмі востра абмяркоўвалася расейскае пытаньне, нэгатыўны ўплыў усходняй суседкі на беларускія падзеі. Сярод удзельнікаў значылася і жонка Аляксандра Казуліна. Няўжо не знайшлося разумных спагадлівых людзей, каб падказалі: праз такія неабачлівыя палітычныя паводзіны, нават са шчырых памкненьняў, муж-вязень адсякаецца бадай ад адзінай – расейскай дапамогі?”

(Фядута: ) “Ня ведаю, як бы паводзіў сябе я, каб у турму пасадзілі маю жонку... Таму цалкам разумею стан, у якім знаходзіцца Ірына Іванаўна Казуліна. Яна не палітык – проста жанчына, муж якой апынуўся за кратамі. І калі нават на першым этапе і рабіла пэўныя памылкі, гэта трэба зразумець. Але згодны з вамі ў тым, што ёй трэба дапамагаць.

Прашу ўсіх усьвядоміць: тым жанчынам, у якіх зьніклі сваякі, родныя, у каго пасадзілі кагосьці, – ім трэба дапамагаць, а не крытыкаваць, вучыць, а не павучаць.

І яшчэ адзін прынцыповы момант. Я ўпэўнены: Расея нічым Казуліну не дапамагла б. Ён – не “крамлёўскі праект”. Гэта шчыры чалавек, які паводзіў сябе так, як ён хацеў сябе паводзіць і як падказвала яму сумленьне. Ён – не “праект”, а чалавек і палітык”.

(Спадар: ) “У вас вялізны досьвед паліттэхноляга, аналітыка, аднак працуеце апошнім часам то ў Расеі, то ва Ўкраіне. У чым справа? Ня веру зласьліўцам, якія ківаюць толькі на грошы...”

(Фядута: ) “Я пагадзіўся з кіеўскімі прапановамі яшчэ да прызначэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. А як тое нечакана здарылася, прабачце, ужо немагчыма было зьехаць... Па-другое, шчыра пісаў перад выбарчай кампаніяй: быў адзін толькі кандыдат, у якога я верыў – гэта Васіль Лявонаў. Аднак ён катэгарычна адмовіўся ад удзелу ў выбарах, а некага іншага, хто бачыўся мне здольным перамагчы Аляксандра Лукашэнку, я ня бачыў. І не хацеў нікому перашкаджаць. Зараз усе зразумелі, хто чаго варты зь беларускіх аналітыкаў і паліттэхнолягаў. Вельмі рады, што грамадзкасьць нарэшце пачала даваць ацэнкі сапраўдным справам, а ня мітам, створаным вакол пэўных асобаў”.

(Лімарэнка, Бабруйск: ) “Гады два таму я адчуў вашую прыхільнасьць да Васіля Лявонава, былога міністра сельскай гаспадаркі. Што вы скажаце пра досьвед людзей, якія пабылі ў вышэйшай уладзе, а затым сталі праціўнікамі рэжыму. Напрыклад, пра Міхаіла Марыніча, Аляксандра Казуліна? Ці не дарэмныя ахвяры гэтай тройцы? Ці здольная дэмакратычная супольнасьць належным чынам ацаніць мужныя крокі кожнага зь іх? Па маіх назіраньнях, дык не...”

(Фядута: ) “Дэмакратычная супольнасьць ацэніць людзей тады, калі яна нарэшце прыйдзе да ўлады. Як гэта станецца, усе сапраўды атрымаюць належнае. Кожная з названых вамі асобаў мае калясальны досьвед савецкай работы ў вышэйшым кіраўніцтве, дапоўнены сучаснымі замежнымі тэхналёгіямі кіраваньня. Гэта бясцэнна”.

“Я ўступлю ў Саюз пісьменьнікаў, калі выйдзе мая кніжка пра беларускую літаратуру”

(Алесь Аркуш, Полацак: ) “Вы апошнім часам шмат выступаеце як літаратурны крытык. Ці маеце жаданьне ўступіць у літаратурны саюз?”

(Фядута: ) “Мая прафэсія – літаратуразнаўца. І ўступлю ў Саюз пісьменьнікаў, калі выйдзе мая кніжка пра беларускую літаратуру. Гэта будзе дастаткова хутка”.

(Зьміцер Панкавец: ) “Вы сябе лічыце чалавекам беларускай ці расейскай культуры?”

(Фядута: ) “Проста чалавекам культуры. Культурны чалавек павінен ведаць і расейскую, і беларускую, і польскую, і габрэйскую літаратуру...”

(Зьміцер: ) “Хацеў бы вам падзякаваць за цыкл паэтычных рэцэнзій у “Нашай Ніве”. Фантастычная праца!”

(Фядута: ) “Дзякуй. Зараз мы спрабуем выдаць іх асобнай кніжкай. Напэўна, у Менску будзе прэзэнтацыя, прыяжджайце!”

“Я не пракурор: як няма доказаў і судовага рашэньня – на што спасылацца?”

(Віктар Хурсік: ) “Шаноўны спадар Фядута, чаму вас ня бачна на мітынгах у падтрымку свабоды?”

(Фядута: ) “Хаджу толькі на карпаратыўныя мітынгі. Я ўжо не малады, дастаткова хворы чалавек, і зьбегчы ад амапаўца, які будзе ляцець за мной з дубінкай, папросту не пасьпею.

У мяне як у пішучага чалавека ёсьць свой пляц, на які выходжу амаль штодня – калі пішу газэтныя ці сайтавыя артыкулы альбо пэўныя аналітычныя матэрыялы для нашых палітыкаў”.

(Спадарыня: ) “Вам, спадар Фядута, я ня веру. Ды і як, скажыце, верыць усім тым, хто ў 1994-м пабеглі да Лукашэнкі дзеля сваёй выгады, кар’еры, а цяпер тлумачаць гэта лепшымі намерамі. Цяпер, калі вы з розных прычынаў заклікаеце не чапаць ППРБ, вы насамрэч кажаце: не чапайце мяне! Нездарма ж ходзіць пра вас пагалоска: “Сёньня там, а заўтра тута рамантычны наш Фядута...”

(Фядута: ) “Не пачуў ніякага пытаньня... Гм, няма веры! Ведаеце, я наагул лічу, што верыць ня трэба – трэба разумець... Калі ж вы, паважаная спадарыня, лічыце, што разумееце мяне, то гэта вашая справа. Гэта справа вашай біяграфіі, жыцьцёвага досьведу. Але не маёй. Справа маёй біяграфіі – тое, што я рабіў і раблю. Шмат вельмі паважаных і дастойных павагі людзей ставяцца да мяне па-іншаму”.

(Лідзія Дзьмітрыеўна, Менск: ) “Не падабаюцца мне некаторыя вашыя выказваньні з у цэлым дужа добрай кнігі пра Лукашэнку. Напрыклад, нібыта ў яго няма замежных банкаўскіх рахункаў. Дык пра тое ўсе гавораць, вы што, ня чулі?”

(Фядута: ) “Паважаная Лідзія Дзьмітрыеўна! Зразумейце, калі ласка: я не пракурор. Калі канкрэтных доказаў няма, гэтаксама як і судовага прыгавору, я не магу сьцьвярджаць, што чалавек мае за мяжой грошы. Нічога канкрэтнага нідзе пра тое не надрукавана – дык на што я буду спасылацца?”

(Лідзія Дзьмітрыеўна: ) “Тады пра іншае: вы нібыта пагаджаецеся, што ў беларусаў шмат праблемаў, аднак адначасова пішаце: насамрэч ня так усё й дрэнна – ёсьць і працоўныя месцы, і заробкі не жабрацкія...”

(Фядута: ) “Усё адносна. Мы жывем значна горш за палякаў. Але мая аднакурсьніца, кандыдат філязофскіх навук з Кіеву, атрымлівае менш, чым такі ж навуковец зь Менску ці Горадні. А ў Цьвяры, Пскове, Новасібірску людзі ўжо ў цэлым, а не па асобных катэгорыях, жывуць горш за нас”.

(Лідзія Дзьмітрыеўна: ) “Яшчэ горш? Ня можа быць!”

(Фядута: ) “Можа... І той рэйтынг, які там, у расейскай правінцыі, мае Аляксандар Лукашэнка, непараўнальны з нашым, унутраным. На яго папросту моляцца, цьвердзяць пра цуд, зьдзейсьнены прэзыдэнтам Беларусі...”

(Лідзія Дзьмітрыеўна: ) “Божухны! Ды я б яго... Ды я б яму... Што робіцца, га?! Проста жах! Ну ладна, зноўку пра іншае: ці могуць вызваліць Казуліна?”

(Фядута: ) “Не. На жаль, гэтаму ня быць. І мне вельмі шкада...”

(Лідзія Дзьмітрыеўна: ) “Тады зноў да Расеі: ці можа яна праглынуць нас?”

(Фядута: ) “Парадокс: сёньня апошняя перашкода гэтаму – Аляксандар Лукашэнка. Дай Бог, каб ён як мага болей разумеў: у якасьці галоўнага гаранта незалежнасьці Беларусі ён якраз і атрымлівае свой шанец застацца ў гісторыі. Ня толькі такім чалавекам, якім успрымаеце яго, напрыклад, вы, але й чалавекам, які абараніў незалежнасьць Бацькаўшчыны”.

“Апазыцыі трэба рэалістычна ацаніць “удручающую масштабность» фігуры Лукашэнкі...”

(Леанід Гарустовіч: ) “Калі мяне спытаюць – што далей?, то скажу: усё добра. Што нашыя кандыдаты на прэзыдэнта выканалі магчымае на 101 працэнт. На пляцы Каліноўскага было заяўлена: знойдуцца дзеці, якія скажуць: “Кароль – голы!” І гэта – цяпер. А што будзе, калі стан караля заўважаць у выбарчых камісіях?”

(Фядута: ) “На жаль, у выбарчых камісіях ня дзеці, а дарослыя. Якія думаюць пра тое, як карміць уласных дзяцей... Яны вельмі баяцца за сваю працу. І датуль, пакуль ня ўцямяць, што “кароль голы”, будзем жыць з “голым каралём”.

(Спадарыня: ) “Паважаны Аляксандар, хіба можна параўнаць умовы, у якіх працавала першая лукашэнкаўская каманда, з тым, што адбывалася на апошніх выбарах? Раней жа ні Кебіч, ні Шушкевіч, ні Грыб не прымалі аніякіх рэпрэсіўных мераў у адносінах да тых, хто хадзіў па праспэкту з чарпакамі ды талеркамі, хто перакрываў на ім рух, калі не было цыгарэт... А зараз робіцца такое, што людзей скаваў страх!”

(Фядута: ) “Падчас выбараў, калі спадара Казуліна зьбілі нагамі, я напісаў: чалавек, які ў першы раз перамог дэмакратычна, зараз стварыў ну зусім немагчымыя ўмовы: страх сапраўды авалодаў усімі... Тое, што Лукашэнка стварыў гэтую сыстэму, ёсьць ягонае галоўнае злачынства. Гэта злачынства – спроба кіраваць народам з дапамогай страху”.

(Зьміцер, Віцебск: ) “Вы аўтар кніжкі пра Лукашэнку, дзе кажаце пра “удручающую масштабность” гэтай фігуры. У якім маштабе вы бачыце нашу дэмакратычную супольнасьць і што ёй рабіць, каб нейкім чынам зьнізіць тую самую “масштабность” (я асабіста ўдакладніў бы – “масштабность” звычайнага паханства)?”

(Фядута: ) “Ведаеце, Зьміцер, беларускім дэмакратам трэба стаць больш тэхналягічнымі. Яны павінны зразумець: размова ідзе пра супрацьстаяньне дзяржаўнай машыне. А з машынай, як зь любым мэханізмам, і трэба змагацца менавіта альтэрнатыўным мэханізмам. Які працуе бяз збояў, без асабістых амбіцый, бяз страху... Калі апазыцыя здолее стварыць такую “антымашыну”, пачне рэалістычна ацэньваць “удручающую масштабность” фігуры Аляксандра Лукашэнкі, ня зьменшваць яе, тады й будзе вынік.

Зразумейце адно: Лукашэнка – гэта хвароба. Грамадзтва – хворае. І лячэньне ня мае сэнсу, пакуль увесь арганізм не сканцэнтруецца супраць пухліны, не пачне цалкам, усімі сваімі сіламі змагацца з гэтай аб’ектыўнай хваробай дзяржаўнага росту... Ведаеце, без таго прасьцей будзе забіць гэты арганізм, чым дапамагчы яму...”

“У Маскве ўжо ёсьць сацыяльная замова на недастойных кіраўнікоў, у Кіеве ўжо няма, у Менску...”

(Віктар, Менск: ) “У свой час вы сышлі з пасады кіраўніка ГУОПІ пасьля гучнай гісторыі зь “белымі плямамі” у газэтах. Хоць вас пэўны час за яе папракалі, усім было відавочна: вы ўсё зрабілі прыстойна. Чаму ж сёньня ва ўладзе амаль не засталося прыстойных людзей?

Гэта нейкае канцэптуальнае пажаданьне сыстэмы – набіраць выключна несумленных, недастойных людзей, ці наступствы палітычнай кан’юнктуры – таго, што ва ўсіх нармалёвых людзей алергія на мэтады цяперашняй улады. Ці ёсьць гэткая самая сацыяльная замова на несумленных выканаўцаў, скажам, у Кіеве ці Маскве? Або там геній і зладзейства – дзьве рэчы несумесныя?”

(Фядута: ) “У Маскве ўжо ёсьць запыт на такіх людзей, у Кіеве – ужо няма...

Альбо чалавек адчуе сябе чалавекам і зробіць пэўны ўчынак, альбо не. Не разумею, чаму Лукашэнка не зразумеў: абапірацца можна толькі на тых, хто здольны да супрацьстаяньня. Толькі на тых, хто мае ўласны погляд.

На жаль, найлепшы празаічны беларускі твор у ХХ стагодзьдзі так і называецца: “Людзі на балоце”. Мележ геній: мы ўсе – людзі на балоце...”

(Уліцёнак: ) “Яшчэ ёсьць адзін слынны твор, “Дрыгва” называецца...”

(Фядута: ) “Дрыгва-дрыгва – гэта наш хранатоп: “Дзе ты быў?” – “На дрыгве!” – “А калі?” – “А калі варухалася ўсё пад нагамі!..”

“Вэртыкаль шукае апору ў царкве. Бездухоўныя людзі не разумеюць: яна ня там. Яна – у Богу...”

(Тацяна, Наваполацк: ) “Паводле дзейнай канстытуцыі, мы – сьвецкая дзяржава. Тым ня менш, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя перагляду падобнага статусу. Маю на ўвазе гісторыю з карыкатурамі на прарока ў газэце “Згода”, якую пасьля таго закрылі, забарону дэманстрацыі фільму “Код Да Вінчы”, нарэшце, перанос па прапанове праваслаўнага кліру выпускных іспытаў у школах. І ўсё гэта робіцца людзьмі, якія яшчэ зусім нядаўна грамілі царкоўнікаў. Як вы можаце пракамэнтаваць такую сытуацыю?”

(Фядута: ) “Бездухоўныя людзі баяцца таго, чаго не разумеюць. Яны не разумеюць Бога. Таму што ў яго ня вераць, але адчуваюць пустату пад сваімі нагамі. Яны шукаюць апору менавіта ў царкве... Не разумеюць: апора ня там, яна – у Богу...

Інашая справа, што й рэдактар газэты павінен быў прадбачыць, як выкарыстаюць публікацыю карыкатур. Ад таго, што іх надрукавалі, больш галоснасьці ня стала. Яе наадварот паменела, бо “Згода” перастала існаваць”.

(Тацяна: ) “А тое, што ўлады палезьлі ў іспыты? У школу, дзе яны ніколі не прысутнічалі...”

(Фядута: ) “Бязбожная вэртыкаль спадзяецца, што заігрываючы такім чынам з царквой яна здолее стаць больш духоўнай – ня здолее...”

“Не пераемнік забясьпечыць Лукашэнку непадсуднасьць, а беларускі народ”

(Юрась Сьцяпан, Віцебск: ) “Часта можна пачуць, што перамогай на выбарах Лукашэнка абавязаны свайму малаадукаванаму электарату. Але ж на мой погляд, тут не абышлося ў нейкай ступені без Расеі...”

(Фядута: ) “Не Расея падлічвае галасы. Не Расея рэгіструе кандыдатаў у дэпутаты. Не Расея зьбірае подпісы і вылучае тых кандыдатаў у тыя дэпутаты, якія зараз сядзяць маўчком і толькі падымаюць рукі...

Усё гэта робяць беларусы. Беларусы з вышэйшай адукацыяй. Якія шмат пажылі, шмат чаго бачылі. Але – бе-ла-ру-сы! І беларусы павінны ўзяць на сябе адказнасьць за тое, што імі кіруе Лукашэнка. Вось гэта наша агульная адказнасьць, усяго беларускага народу!

І калі потым хто-небудзь устане і скажа: “Я ня ведаў!”, дык ня верце! Судзьдзя ня ведаў, што ён робіць?! Міліцыянт ня ведаў, што ён робіць?! Журналіст дзяржаўнага тэлебачаньня ня ведаў, што ён робіць?! Ведалі! Добра ведалі... Але – рабілі! Вось гэта важна зразумець...”

(Сьцяпан: ) “Апошнім часам назіраецца арыентацыя рэжыму Лукашэнкі на Пэкін. Што тут – рэальнае імкненьне вучыцца ў кітайскіх таварышаў?”

(Фядута: ) “Будзем спадзявацца, за гэтым няма спробы Аляксандра Рыгоравіча дачакацца таго часу, калі старшыня КНР будзе адначасова прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі...”

(Сьцяпан: ) “На палітычным небе квола, але ж неяк зазьзяла зорка Сяргея Сідорскага. Можа гэта пераемнік Лукашэнкі? Калі сытуацыя пагоршыцца і дыктатар сыдзе, прэм’ер стане гарантам ягонай непадсуднасьці...”

(Фядута: ) “Гарантам таго, што Аляксандра Лукашэнку не адправяць на лаву падсудных, зьяўляецца беларускі народ. Ніякі пераемнік тут ні пры чым. Бо, прабачце, сорам будзе, калі чалавек, якога першы раз у сваёй гісторыі беларусы сьвядома абіралі сваім кіраўніком, урэшце апынецца ў судзе. Гэта, на мой погляд, немагчыма.

Што да Сідорскага, цяпер яшчэ рана гаварыць наконт яго, як пераемніка. Сідорскага адправяць у адстаўку пасьля ці то падвышэньня газавых коштаў, ці то перадачы расейцам “Белтрансгазу” – у любым выпадку прэм’ер адыдзе.

Аднак я цалкам згодны з вамі, што каб Сідорскі вылучаўся кандыдатам на прэзыдэнта, беларуская апазыцыя мусіла б усё кінуць і зьбіраць подпісы за яго”.

“Улада зьменіцца не сілавым (ваенным), але сілавым – народным чынам. Калі на Плошчу выйдзе народ. Ня дзеці-героі, а іхныя бацькі...”

(Спадар: ) “Ці ведалі вы, што галоўны ваш герой мае складанасьці з псыхічнымі захворваньнямі? Калі ведалі, то чаму ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі?”

(Фядута: ) “Па-першае, ня ведаў. Па-другое, ня ведаю і зараз”.

(Спадар: ) “Калі абрушыцца царства Лукашэнкі? Ці сапраўды зьмяніць уладу можна толькі сілавым (ваенным) чынам?”

(Фядута: ) “Зьмяніць уладу магчыма толькі адным чынам – не сілавым (ваенным), а сілавым – народным. Калі народ выйдзе на Плошчу. Але калі выйдзе сапраўдны народ. Прабачце, ня дзеці-героі, а іхныя бацькі. Якія зразумеюць, што будучыню сваіх дзяцей павінны бараніць яны.

На жаль, беларусы на Плошчу, памятаецца, выйшлі ўсяго тройчы. У 1991, калі ўзьнялі кошт на каўбасу. У 1996 на Чарнобыльскі шлях, калі выйшлі і разышліся. І нарэшце – на пахаваньне Васіля Быкава. Усё...

І больш за ўсё стаялі, калі ўзьнялі кошт на каўбасу. Магчыма, нацыя такая – каўбасная...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG