Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў: хроніка тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Працэс над сябрамі арганізацыі “Партнэрства” пачнецца не раней як праз месяц, мяркуюць сваякі арыштаваных актывістаў. Чым запомніўся Міколе Статкевічу судзьдзя Леанід Ясіновіч, які будзе разглядаць справу “Партнэрства”? Брата Аляксандра Казуліна пасадзілі ў турму на Акрэсьціна, іншым сваякам палітыка забаранілі зь ім сустракацца. Напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе Андрэю Клімаву дазволілі ўсталяваць у пакоі тэлевізар.

На гэтым тыдні зрушылася справа актывістаў незарэгістраванай арганізацыі“Партнэрства”, якія чакаюць суду яшчэ зь лютага. Іх справу перадалі ў Цэнтральны суд Менска, ужо вызначаны і судзьдзя, які будзе весьці працэс. Гэта Леанід Ясіновіч. Судзьдзя Ясіновіч вядомы тым, што летась судзіў вядомых палітыкаў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца. Нагадаю, абодва атрымалі “хімію” за арганізацыю акцый пратэсту супроць рэфэрэндуму 2004 года. Вось што лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч кажа пра судзьдзю Леаніда Ясіновіча:

(Статкевіч: ) “Наколькі я ведаю, ён з таго тыпу чыноўнікаў, якія, магчыма, маюць пра сябе добрае меркаваньне, але ён прывык падпарадкоўвацца”.

Мікола Статкевіч нагадаў, што адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе, паколькі не лічыў суд незалежным, у той час як Павал Севярынец спрабаваў абараніць сябе на судзе. Аднак вынік быў аднолькавым. “Гэты судзьдзя дасьць тое, што загадаюць”, – мяркуе Мікола Статкевіч.

Між тым невядома, калі пачнецца працэс. Як сказалі бацькі актывістаў “Партнэрства”, у судзе ім паведамілі, што наступныя два тыдні судзьдзя Ясіновіч будзе падвышаць кваліфікацыю, потым ідзе на два тыдні ў адпачынак, а потым плянуецца пераезд суду ў новы будынак. Маці Эніры Браніцкай занепакоеная ўмовамі, у якіх прыйдзецца чакаць суду яе дачцэ – у аўторак яе перавялі з ізалятару КДБ у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Маці пакуль не далі спатканьня з Энірай, але ўжо адмовілі ў перадачы некаторых харчоў, якія ў ізалятары КДБ прымалі без праблемаў. Кажа Віялета Браніцкая:

(Браніцкая: ) “Мінэральную ваду, сок, сухое малако, сыр плаўлены не бяруць. Яна хварэе на страўнік і асабліва просіць гэтыя харчы, але мне сказалі, што ўсё гэта перадаваць нельга”.

Яшчэ адной навіной тыдня сталі чарговыя рэпрэсіі супроць сям''і Аляксандра Казуліна. Пяцідзённым адміністрацыйным арыштам пакаралі брата палітыка, былога міліцыянта Ўладзімера Казуліна. Яго прызналі вінаватым у парушэньні парадку падчас падзеяў 2 сакавіка, калі людзі дамагаліся зьвестак пра лёс затрыманага Аляксандра Казуліна. Потым быў чарговы раз затрыманы пляменьнік палітыка, студэнт Аляксей Казулін, прычым ён кажа, што амапаўцы спрабавалі падкінуць яму наркотыкі. А скончыўся тыдзень навіной пра тое, што сьледчы забараніў Казуліну сустрэчы са сваякамі. Адвакат Ігар Рынкевіч выказвае сваё меркаваньне наконт прычынаў гэтай забароны:

(Рынкевіч: ) “Прычына, як яе разумее абарона, у тым, што ідзе інфармацыя ў сьвет, акрамя таго, яны падмацоўваюць адзін аднаго, а перад судом моцны Казулін ім не патрэбны”.

У Нямеччыне ўчора пачаўся чэмпіянат сьвету па футболе, і, як высьветлілася, гэтая падзея закранула і беларускіх палітычных вязьняў. Адмыслова да чэмпіянату сябры перадалі Андрэю Клімаву тэлевізар, які дазволіць назіраць за ўсімі гульнямі лепшых майстроў скуранога мяча. Адміністрацыя папраўчай установы, дзе адбывае “хімію” вядомы палітык, ня стала гэтаму перашкаджаць. “Дзякуй ім і за гэта”, – падсумаваў навіну Андрэй Клімаў. Прагноз на залатыя мэдалі ад Клімава наступны:

(Клімаў: ) “Мяркую, чэмпіёнамі стануць гішпанцы. У іх самая моцная зборная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG