Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эма Удвін: санкцыі Менску ня зьменяць нашай пазыцыі


Радыё Свабода Прэсавая сакратарка Эўрапейскай камісіі Эма Удвін пракамэнтавала сёньня заявы афіцыйнага Менску пра тое, што беларускі бок зрабіў захады ў адказ на візавыя санкцыі Эўразьвязу, ЗША і іншых краінаў.

Эма Удвін, у прыватнасьці, сказала:

(Удвін: ) “Мы яшчэ высьвятляем, што азначае гэтая заява беларускіх уладаў. Я хачу сказаць, што нават, як акажацца, што інфармацыя, якую мы прачыталі ў прэсе, праўдзівая, гэта шмат ня зьменіць. Гэта ня зьменіць нашай заклапочанасьці сытуацыяй з захаваньнем дэмакратычных стандартаў і правоў чалавека ў Беларусі, ня зьменіць нашага імкненьня паглыбляць і памацняць нашыя кантакты зь беларусамі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю”.

Напярэдадні прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў завіў, што афіцыйны Менск падрыхтаваў сьпіс асобаў, адносна якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні на ўезд у Беларусь. Пры гэтым колькасьць і імёны асобаў, у адносінах да якіх беларускія ўлады ўводзяць санкцыі, не паведамляюцца.

Нагадаем, 10 красавіка Рада Эўрапейскага Зьвязу зацьвердзіла сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за ўдзел у фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэтым людзям забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У сьпісе 31 чалавек на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. У траўні Эўразьвяз увёў фінансавыя санкцыі адносна 36 беларускіх чыноўнікаў. Санкцыі прадугледжваюць арышт банкаўскіх рахункаў і нерухомасьці беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Абмежавальныя санкцыі ў адносінах да беларускіх службовых асобаў падтрымалі краіны-сатэліты Эўразьвязу, а таксама ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG