Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку забіты кіраўнік мясцовай сеткі Аль-Каіды аз-Заркаўі (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Прага У Багдадзе сёньня было абвешчана пра сьмерць кіраўніка мясцовай сеткі Аль-Каіды Абу Масаба аз-Заркаўі, каардынатара дзеяньняў баевікоў, адказнага за шматлікія тэракты, забойствы і выкраданьні людзей. Ці зьменшыць гэта напружанасьць у Іраку?

Сябры новага ірацкага ўраду, прадстаўнікі парлямэнту і палітычных партыяў гучна віталі інфармацыю прэм’ера Іраку Нуры Аль-Малікі аб тым, што лідэр аль-Каіды ў Іраку Абу Масаб аз-Заркаўі быў забіты ўвечары ў сераду падчас сумеснай амэрыканска-ірацкай апэрацыі на поўнач ад Багдаду.

Прэм''ер-міністар Іраку сказаў пад воплескі:

(Аль-Малікі: ) “Аз-Заркаўі зьнішчаны!”

Камандзір сілаў ЗША ў Іраку генэрал Джордж Кэйсі заявіў, што цела аз-Заркаўі было ідэнтыфікаванае зьнешне і паводле адбіткаў пальцаў. Разам зь ім быў забіты адзін зь ягоных ключавых намесьнікаў.

Апэрацыя пошуку аз-Заркаўі доўжылася два тыдні, з дапамогай ярданскай выведкі амэрыканска-ірацкія сілы выявілі будынак, у якім той знаходзіўся, і зьнішчылі яго авіяўдарам.

За галаву аз-Заркаўі была абяцаная ўзнагарода ў 25 мільёнаў даляраў.

Ураджэнец Ярданіі 40-гадовы аз-Заркаўі быў кіраўніком паўстанцкага руху ў Іраку, у які ўваходзяць сябры Аль-Каіды, экстрэмісты зь ліку мясцовых сунітаў і прыхільнікі Садама Хусэйна. Менавіта аз-Заркаўі ўдавалася плянаваць самыя гучныя забойствы і выкраданьні, атакі на сілы бясьпекі Іраку. Нядаўна ён заклікаў ірацкіх сунітаў да грамадзянскай вайны з шыіцкай большасьцю краіны.

Многія назіральнікі зазначаюць, што сьмерць аз-Заркаўі стане моцным ударам па групоўках баевікоў у Іраку і ў прыватнасьці, у пляне каардынацыі іхных намаганьняў, але ніхто не разьлічвае, што гэта можа цалкам спыніць паўстанцкіх рух. Наадварот, у найбліжэйшай пэрспэктыве магчымыя атакі на знак помсты за аз-Заркаўі.

Швэдзкі экспэрт у справе тэрарызму Магнус Рангсторп мяркуе, што сьмерць лідэра Аль-Каіды ў Іраку можа таксама дэмаралізаваць ісламскіх баевікоў ва ўсім сьвеце, і што ў самім Іраку сілы кааліцыі змогуць перахапіць ініцыятыву.

(Рансторп: ) “Я спадзяюся, што гэта атрымаецца, што яны змогуць выкарыстаць гэта для дэмаралізацыі замежных элемэнтаў, якія прадстаўляў аз-Заркаўі, для згладжваньня суніцка-шыіцкіх рознагалосьяў у Іраку. Я спадзяюся таксама, што яны мудра скарыстаюцца гэтымі магчымасьцямі, каб пасеяць непаразуменьні паміж баевікамі. Але я ня думаю, што гэта спыніць паўстанцкі рух у Іраку ў цэлым, бо ён нашмат шырэйшы, чым толькі адзін аз-Заркаўі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG