Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую перадачу RTVі перакрываюць мультфільмамі


Ігар Карней, Менск Апэратар эфірна-кабэльнага тэлебачаньня “Космас ТV” перакрывае мультфільмамі праграмы міжнароднага расейскага каналу RTVi, на якім ад пачатку году выходзяць перадачы, прысьвечаныя Беларусі. Гэта ўжо ня першы выпадак “фільтрацыі” кабэльным апэратарам зьместу RTVi: ад сярэдзіны сакавіка на ўвесь пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі канал быў недаступны беларускім тэлегледачам. Тады ў офісе “Космас ТV” спасылаліся на тэхнічныя прычыны. Што замінае кабэльнаму апэратару цяпер?

Праграма “Акно ў Эўропу” на тэлеканале RTVi трансьлявалася штонядзелю (з двухтыднёвым перапынкам у сакавіку) з паўторамі ў панядзелак, аўторак, сераду і чацьвер.

У апошнія выходныя праграма, як звычайна, анансавалася па-беларуску бягучым радком, аднак у прызначаны час замест “Акна ў Эўропу” тэлегледачы ўбачылі мультфільмы.

Не зьявіліся абяцаная перадача і ўчора. Прадстаўнік “Космас ТV” Аляксандар Карнаўх тлумачыць:

(Карнаўх: ) “Можа, тэхнічна гэта адбываецца і праз нас, ня ведаю, ня буду гарантаваць, але падазраю, што гэта робіцца дзесьці на больш высокім узроўні. Хутчэй за ўсё, сама сытуацыя так склалася…”

Цікаўлюся, ці могуць да сытуацыі мець дачыненьне новыя расейскія суўладальнікі “Космас ТV”, якія, як было абвешчана, прэтэндуюць на сур’ёзную долю ў сумесным бізнэсе?

(Карнаўх: ) “Пакуль што інфармацыі, якую я мог бы агучыць, пэўна, няма. Прыяжджалі новыя сузаснавальнікі, агучвалі новыя пляны, але яны не зацьвердажныя. Пакуль на паперы нічога няма, не бяруся штосьці казаць”.

На пачатку году кансорцыюм на чале зь нямецкай кампаніяй “Мэдыя кансалта” стаў пераможцам тэндэру Эўракамісіі ў справе арганізацыі незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Цягам двух гадоў мусіць быць разьмеркавана 2 мільёны эўра паміж шэрагам СМІ дзеля арганізацыі тэматычных выпускаў пра падзеі ў Беларусі.

У лютым стартавалі адразу два праекты, арыентаваныя на беларускую аўдыторыю: пачало вяшчаньне “Эўрапейскае радыё для Беларусі” (штодзённая гадзінная перадача на расейскай і беларускай мовах). На тэлеканале RTVi 26 лютага выйшла першая перадача пад назвай “Акно ў Эўропу”. За выключэньнем некалькіх тыдняў прэзыдэнцкай кампаніі, яна трансьлявалася ў нядзелю з паўторамі ў будныя дні.

Дырэктар каналу RTVi Міхаіл Баршчэўскі расказаў, што ня ведае пра выпадкі замены праграмаў на іншыя, але зьвязвае гэта з прэцэдэнтам падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

(Баршчэўскі: ) “Адзін з буйнейшых кабэльных апэратараў, які з намі працуе ў Беларусі, паведаміў нам пра такую сытуацыю: маўляў, было тэлефанаваньне зь нейкага “верху” з жорсткім патрабаваньнем адключыць наш канал. Але ж у апэратараў ёсьць кантрактныя абавязацельствы, і калі адключыць назаўсёды, то фірма можа збанкрутаваць. Мне ня вельмі, праўда, зразумела, чаго баіцца ў дадзеным выпадку ўлада і тыя людзі, якія яе прадстаўляюць, адсякаючы тэлегледачоў ад аднаго з самых папулярных тэлеканалаў”.

Дырэктар каналу RTVi Міхаіл Баршчэўскі не выключае юрыдычных захадаў супраць апэратара, які не выконвае падпісаных дамоўленасьцяў. Аднак, паводле спадара Баршчэўскага, напачатку давядзецца разабрацца ў прычынах такіх паводзінаў “Космас ТV”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустракаючыся днямі ў Бэрліне з прадстаўнікамі кансорцыюму “Мэдыя кансалта”, наўпрост заявіў: праект “Акно ў Эўропу” як тэндэнцыя вартая ўвагі. Аднак з гледзішча эфэктыўнасьці яго значэньне роўнае нулю.

У прыватнасьці, палітык выказаў недавер цьверджаньню, што ў 25-хвіліннай перадачы на RTVi 750-тысячная аўдыторыя. Паводле Лябедзькі, перадусім беларусы ня маюць тэхнічных магчымасьцяў да таго, каб масава прымаць сыгнал RTVi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG