Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі А.Казуліна аднавілі пікеты ў ягоную абарону


Любоў Лунёва, Менск У менскім парку Дружбы народаў аднавіліся пікеты на знак салідарнасьці з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Пікетоўцы патрабуюць вызваленьня палітыка, якога ад 25 сакавіка трымаюць у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Аляксандра Казуліна абвінавачваюць у хуліганстве й арганізацыі вулічнай акцыі, падчас якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі.

Удзельнікі пікету стаяць на рагу вуліцаў Сурганава і Максіма Багдановіча з боку парку Дружбы народаў. Улады дазволілі правядзеньне пікетаў у абарону Аляксандра Казуліна ад 2 да 30 чэрвеня. Гэта другая сэрыя пікетаў у абарону былога кандыдата на прэзыдэнта. Раней, згодна з дазволам Менгарвыканкаму, паплечнікі Аляксандра Казуліна правялі пікетаваньні ў красавіку.

Сярод удзельнікаў акцыі актывісты штабу Аляксандра Казуліна, студэнты й школьнікі. Аляксей, студэнт эканамічнага унівэрсітэту, распавёў, што цяпер здае экзамэны, бо, калі адбывалася сэсія, ён быў на Кастрычніцкай плошчы ў намётавым лягеры.

(Аляксей: ) “Прыйшоў, каб выказаць сваю нязгоду з рэпрэсіямі, якія цяпер адбываюцца супраць апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і ўсіх тых, хто нязгодны зь існай патыкай. Мы спадзяемся, што людзі будуць спыняцца і глядзець, бо так і ёсьць, сапраўды”.

Школьніца Аксана дадала:

(Аксана: ) “Мы плянуем зьбіраць подпісы за вызваленьне Аляксандра Казуліна, але нам яшчэ не даставілі блянкі. Тут ужо людзі падыходзяць і запытваюць — калі, дзе ставіць подпісы. Спадзяемся, што, як толькі зьявяцца, людзі будуць падпісвацца, бо шмат ахвочых”.

Сяржук Мацкойць — адзін з арганізатараў пікету:

(Мацкойць: ) “Тое, што мы тут знаходзімся, можа камусьці падабацца, можа — не падабацца. Але ж і спадар Казулін, і актывісты моладзевых арганізацыяў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, не зьяўляюцца ні ў якім выпадку злачынцамі. Гэта людзі, якія папросту выказваюць свае меркаваньні. Сёньня сядзяць гэтыя людзі, заўтра можа быць хто-небудзь з нас. Мне хочацца, каб і за мяне, калі я траплю за краты, стаялі людзі”.

Удзельнікі пікету вырашылі ладзіць акцыю ў той час, калі на вуліцы шмат мінакоў: ад 13-й да 18-й гадзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG