Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч лічыць паскарэньне інтэграцыі з Расеяй беспэрспэктыўным


Радыё Свабода, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч працягвае візыт у Парыж. На сёньня ў яго заплянаваныя сустрэчы са старшынём камісіі замежных справаў Нацыянальнай асамблеі Францыі Эдуарам Баладзюрам і міністрам эўрапейскіх справаў ураду Францыі Катрын Калана, а таксама з экспэртамі і палітолягамі.

26 траўня Аляксандар Мілінкевіч выступіў на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі НАТО, якая працягвае працу ў Парыжы. Мілінкевіч даў ацэнку палітычнай сытуацыі ў Беларусі і пазнаёміў са стратэгіяй аб’яднанай апазыцыі. Ён падкрэсьліў, што самаізаляцыя беларускіх уладаў шкодзіць пэрспэктывам разьвіцьця краіны. Таксама спадар Мілінкевіч зьвярнуў увагу на пагрозу беларуска–расейскага саюзнага рэфэрэндуму.

(Мілінкевіч: ) “Захаваньне незалежнасьці – гэтае пытаньне сёньня можа стаць для нас больш важным, чым змаганьне за дэмакратыю. Дэмакратыя па законах прыроды ўсё роўна прыйдзе, а незалежнасьць можна страціць на стагодзьдзі. Сёньня на Беларусі практычна няма людзей, якія былі б за ліквідацыю дзяржаўнасьці і пазбаўленьне сувэрэнітэту. І гэта памылковая і беспэрспэктыўная палітыка – паскарэньня працэсаў палітычнай інтэграцыі. Я казаў, што ня можа быць праведзены рэфэрэндум сёньня на Беларусі па палітычнай інтэграцыі, па аб’яднаньню ў адну дзяржаву з Расеяй, таму што вядома якія ўмовы. І ўсе гэта разумелі, і размова ішла аб тым, што сёньня перарабляць мапу Эўропы немагчыма. Яна канчатковая, і ніякія спробы не прывядуць ні да чаго, акрамя напружаньня”.

Паводле спадара Мілінкевіча, цікавасьць да Беларусі ў Эўропе не спадае. Эўрапейскія дзяржавы гатовыя дапамагчы дэмакратычным пераменам ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG