Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Шаўцоў: "Вэктар будаўніцтва саюзнай дзяржавы застаецца ў сіле"


Валер Карбалевіч, Менск Фрагмэнты новай перадачы "Экспэртыза Свабоды".

(Карэспандэнт: ) “Забарона Беларусі на палёты ў сваёй паветранай прасторы самалётаў ЗША і Канады — гэта першыя беларускія санкцыі ў адказ на заходнія санкцыі.

Раней беларускі бок шмат пужаў Захад, абяцаў увесьці візавыя забароны, не пускаць у Беларусь нейкія замежныя тавары, прапускаць праз сваю мяжу мігрантаў у Эўропу. І вось жа цяпер упершыню ад словаў Менск перайшоў да справаў. Прычым, у дыпляматычных дачыненьнях звычайна існуе правіла сымэтрычнага адказу.

Калі, напрыклад, за краіны высылаюцца два дыпляматы, то іншая краіна ў адказ таксама высылае два дыпляматы. Калі б у адказ на візавыя санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў Менск увёў такія ж санкцыі адносна 36 іх чыноўнікаў, было б зразумела. У дадзеным выпадку беларускія санкцыі ў адказ апынуліся асымэтрычнымі.

Хачу зьвярнуць увагу таксама, што ЗША і Канада не забаранялі палёту беларускага самалёта з прэм’ерам Сідорскім праз сваю паветраную прастору, а толькі адмовіліся яго абслугоўваць у сваім аэрапорце. Таму і з гэтага гледзішча адказ Менску падаецца неадэкватным. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

(Шаўцоў: ) “Нагодай для санкцыяў можа стаць усё што заўгодна. Калі ж казаць пра прычыны, то ў гэтых дзеяньнях Беларусі я ня бачу нічога асаблівага. Мы даўно абмяжоўваем, ствараем праблемы замежнікам у аўтамабільным ці чыгуначным транзыце празь Беларусь. Чаму абмежаваньні ў авіятранзыце павінны стаць большай праблемай?

Здаецца, цяпер нашая сытуацыя і замежная палітыка залежыць ад выніку двух самітаў: Расея—Эўразьвяз і “вялікай васьмёркі”. Толькі пасьля гэтых самітаў будзе ясна, як будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў Расеі падчас выбарчай кампаніі, у якую фактычна яна ўжо ўступіла. Тады будзе ясна, якія працэсы будуць адбывацца ў Беларусі. Бо цяпер нейкай мэтанакіраванай барацьбы зь Беларусьсю Захад не вядзе”.

(Карэспандэнт: ) “Шырокі розгалас выклікаў тэзіс кіраўніка Беларусі, што “галоўным прыярытэтам усходняга вэктару зьяўляецца Кітай”. Яшчэ раз пра стратэгічнае партнэрства з Кітаем Лукашэнка згадаў, калі адказваў на пытаньне дэпутаткі Абрамавай.

У мінулыя гады, калі дачыненьні Беларусі з галоўным саюзьнікам, Расеяй, ускладняліся, то Лукашэнка пужаў Маскву тым, што абяцаў павярнуцца на Захад. Ці азначае гэты тэзіс у пасланьні, што беларускі лідэр знайшоў новую страшылку для Крамля? Наколькі ўвогуле сур’ёзна можна казаць пра стратэгічнае партнэрства з Кітаем? З аднаго боку, Кітай — гэта супэрдзяржава ХХІ стагодзьдзя, сябраваць зь якой было б пэрспэктыўна. А зь іншага боку — навошта Пэкіну Беларусь?”

(Юры Шаўцоў: ) “Думаю, заява Лукашэнкі была няправільна зразуметая. Камэнтатары, якія кажуць пра супрацьпастаўленьне Кітаю Расеі, сталі ахвярамі рытарычных прыёмаў, якія выкарыстаў кіраўнік Беларусі. Насамрэч Лукашэнка сказаў, што гістарычны выбар Беларусі — гэта Расея. Гэты вэктар – будаўніцтва саюзнай дзяржавы застаецца ў сіле. Калі Лукашэнка казаў пра Кітай як наш прыярытэт на Ўсходзе, то мелася на ўвазе — на ўсходзе Эўразіі. У такім разуменьні ніякай сэнсацыі тут няма. Падчас нядаўняга візыту Лукашэнкі ў Кітай было падпісана сямнаццаць пагадненьняў”.

(Чытаць увесь тэкст перадачы "Экспэртыза Свабоды")
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG