Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Ляшкевічу пагражае арышт на 6 месяцаў за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў (фота)


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць 25 траўня на Гарадзеншчыне, ў Шчучынскім раённым судзе пачаўся разгляд справы Сяргея Ляшкевіча, якога вінавацяць у крымінальнай справе па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках). На судзе прысутнічаюць прадстаўнікі замежных амбасадаў, Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка, прадстаўнікі прэсы, у тым ліку здымачная група польскай тэлевізіі. Пракурор запатрабаваў пакараць Сяргея Ляшкевіча арыштам на тэрмін 6 месяцаў.

Крымінальная справа супраць былога сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча была заведзеная на падставе прызнаньня Аляксандра Бурдзея, які зьявіўся ў міліцыю з павіннай. Бурдзей прызнаўся, што хацеў зарабіць грошай і таму пайшоў удзельнічаць у выбарчай кампаніі. А потым, быццам, Ляшкевіч стаў намаўляць яго да ўдзелу ў масавых беспарадках, паказваў відэафільм, у якім дэманстраваліся сілавыя дзеяньні супраць міліцыі. Але калі ён пабачыў, што гэта пагражае крымінальнай справай, то пайшоў у міліцыю з павіннай.

Пасьля прагляду відэафільма ў судзе высьветлілася, што гэта ўсяго толькі відэакліпы пад назовам «Незвычайны канцэрт», у якіх беларускія выканаўцы сьпяваюць на фоне сучаснай дакумэнтальнай хронікі падчас масавых акцый пратэсту ў Менску.

У судзе высьветлілася, што Бурдзей ужо быў тройчы асуджаны за дробнае хуліганства (у 2004, 2005 і 2006 гадох). Бурдзей сказаў у судзе, што быццам бы нехта на вуліцы, чалавек, якога ён ня ведаў, сказаў яму, што ён можна зарабіць грошы, калі будзе працаваць на Мілінкевіча. Хто быў гэты незнаёмец – судзьдзя так і не змог высьветліць. Бурдзей сказаў, што праз гэтага чалавека ён пазнаёміўся зь Сяргеем Ляшкевічам, і той нібыта паказваў яму кінафільмы, у якіх паказвалася, як дзейнічаць на мітынгах і дэманстрацыях. Бурдзей сказаў, што ў адным зь фільмаў паказвалася, як падпальваць міліцэйскія машыны – напаўняць бутэльку бэнзінам і гаспадарчым мылам – рабіць кактэйль Молатава.

Фота: асноўны сьведка Аляксандр Бурдзей

Ляшкевіч узяў зь іх падпіску, што яны будуць працаваць бяз грошай (такая паперка сапраўды была прадстаўленая ў судзе). Але Бурдзей сказаў, што Сяргей Ляшкевіч усё-ткі даў па 10,000 рублёў кожнаму за тое, што яны раскідвалі агітацыйныя ўлёткі. Бурдзей сказаў, што насамрэч яны з ідэалягічных прычынаў не раскідалі ўлёткі па скрынях, але паведамілі Ляшкевічу, што раскідалі іх, і атрымалі за гэта 10 тысяч беларускіх рублёў.

Потым у судзе была прадстаўленая запісаная на дыктафоне стужка размовы, якую ў сакрэце зрабіў Бурдзей. Дыктафонную стужку не агучвалі, а судзьдзя зачытаў тэкст стужкі. На судзе выявілася, што на аўдыёстужцы практычна не чуваць ніводнага слова Сяргея Ляшкевіча, толькі абрыўкі ягоных словаў. Тады Бурдзей сам тлумачыў у судзе, што за размова была запісаная на гэтай стужцы. Паводле Бурдзея, ён прасіў у Сяргея Ляшкевіча грошы на білет у Менск, на 2 сакавіка, бо ў той дзень у Менску нібыта плянаваліся "масавыя беспарадкі". Сяргей Ляшкевіч яму грошай на квіток ня даў, але нібыта сказаў, што квіток могуць аплаціць пазьней. Бурдзей сказаў, што грошы за квіток у Менск так і не атрымаў.

Наагул, паказаньні Бурдзея былі няясныя -- гэта выявілася, калі адвакаты пачалі задаваць яму дадатковыя пытаньні. На пытаньні: "Дзе ён узяў дыктафон, і зь якой мэтай запісваў размову?" "Дзе пазнаёміўся зь Ляшкевічам?" "Канкрэтна, якія дзеяньні Сяргей Ляшкевіч загадаў яму рабіць?" "З кім загадаў сустрэцца ў Менску?", "Хто будзе даваць яму каманды ў Менску?" адвакаты так і не атрымалі адказаў.

Другі сьведка – Валер Шкурко наогул пачаў узгадваць новыя паказаньні, якіх не даваў на папярэднім сьледзтве, заявіўшы, што сьледчы аб гэтым яго не пытаўся. Ён казаў, што прысутнічаў пры размове, калі Бурдзея схілялі да ўдзелу ў масавых акцыях.

Толькі сёньня ў судзе зьявіліся паказаньні трэцяга сьведкі – нейкага Наваграна. Суддзя Сініла абвясьціў, што Навагран вызвалены ад дачы паказаньняў у судзе, маўляў ён даў іх пісьмова. У іх гаварылася, што Ляшкевіч кіраваў групай БНФ у Шчучыне, займаўся распаўсюдам забароненай літаратуры і атрымліваў за гэта грошы, а да ўсяго, хацеў зьмяніць існуючы ў краіне палітычны лад.

Ён таксама перадаў суду CD-дыск, на якім быў “Незвычайны канцэрт”, маўляў, Ляшкевіч гэта яму прапагандаваў. Цікава, што Сяргей Ляшкевіч наогул ня ведае чалавека з такім прозьвішчам – аб гэтым ён заявіў у судзе. На судзе таксама адбыўся прагляд відэастужак – былі паказаны дзьве стужкі – стары дакумэнтальны фільмы "Обыкновенный президент" Хашчавацкага і калекцыю відэакліпаў з разгону дэманстрацый у Менску пад музыку беларускіх выканаўцаў "Незвычайны канцэрт". У судзе быў прадэманстраваны фрагмэнт пад музыку гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча.

Аляксандар Мілінкевіч, які прысутнічае ў судзе, заявіў Радыё Свабода:

(Мілінкевіч: ) "Гэта працэс адназначна палітычны, і ўзьнік ён менавіта ў Шчучыне, бо я сам адсюль паходжу. Гэта паказальны працэс, які нагадвае 1930-я гады ў СССР. Калі судзьдзя мае сумленьне, то Ляшкевіч будзе апраўданы".

Аляксандр Мілінкевіч разьмаўляе з маці Сяргея Ляшкевіча

Пракурор Леско ў сваёй прамове зрабіў выснову, што Ляшкевіч парушыў закон, падтрымаў паказаньні Бурдзея і запрасіў для падсуднага 6 месяцаў арышту.

У той час абаронцы Ляшкевіча назвалі суд тэатральшчынай, паколькі ў крымінальнай справе, на іх погляд, не было выяўлена ніводнага пераканаўчага доказу супраць падсуднага. Адвакат Шчэпяткоў наогул падкрэсьліваў, што Бурдзей тройчы асуджаны. У той час, калі ён прыходзіў да Ляшкевіча,таксама быў пад сьледзтвам і чакаў прысуду. Адвакату не зразумела, як чалавек у такім стане раптам пайшоў шукаць сабе сумнеўны заробак, рыхтаваўся ехаць для ўдзелу ў масавых беспарадках. Адвакат Шчэпяткоў прапанаваў не прымаць да веры паказаньні Бурдзея.

Адвакат Аляксандар Галіеў са шкадаваньнем заўважыў, што не хацеў бы надаваць гэтаму працэсу палітычны характар, але калі за доказы ў судзе прымаюцца сьведчаньні відэафільма, які можа мець у хаце любы беларус, а таксама размовы паміж двума дарослымі людзьмі падчас якіх быццам адзін зь іх навучае тэрарызму, а другі нічога не разумее і паддаецца такому, гэта ня можа ўспрымацца сур’ёзна.

Апошняе слова Сяргея Ляшкевіча было зусім кароткім. Ён папрасіў разгледзяць ягоную справу аб’ектыўна і вынесьці справядлівы прысуд.

Канвой вядзе Сяргея Ляшкевіча з ізалятара ў суд

Журналісты і паплечнікі Ляшкевіча ля будынка суду

Гл.таксама • В.Вячорка: "Урэшце мы ўбачылі, якім чынам ён навучаў іх тэрарызму"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG