Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Савіч – новы кіраўнік Беларускага саюзу мастакоў


Ганна Соўсь, Менск Новым старшынём Беларускага саюзу мастакоў абраны Заслужаны дзеяч мастацтва Ўладзімер Савіч. Такое рашэньне прынялі дэлегаты 19-га зьезду гэтага творчага саюзу. Галасаваньне адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, і адразу па заканчэньні зьезду новы старшыня даў інтэрвію карэспандэнтцы “Свабоды”.

Соўсь: “Раскажыце, калі ласка, якім быў падзел галасоў і наколькі гарачым было абмеркаваньне?”

Савіч: “Вельмі гарачым. Галасаваньне было ў два туры. Атрымалася так. Cавіч атрымаў у першым туры 54 галасы, а Аляксандар Дранец (ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, аўтар помніку Францішку Скарыне) – 52 галасы. У другім туры Савіч атрымаў 104 галасы, а Дранец – 102. Бачыце, вырашыла пытаньне толькі два галасы”.

Соўсь: “Зь якой праграмай Вы прыходзіце кіраваць саюзам мастакоў?”

Савіч: “Праграма мая шырокая. Але аснова маёй праграмы – зьвярнуць увагу на творчую асобу і даць творчай асобе пашану. А ўсе гаспадарчыя справы павіны быць скіраваныя на творчую асобу”.

Соўсь: “Як Вы лічыце, такое амаль роўнае разьмеркаваньне галасоў ня будзе спрыяць падзелу сябраў творчага саюзу?”

Савіч: “Думаю, што ніколі ня будзе спрыяць. Справа ў многім будзе залежыць ад мяне, каб менавіта я мог цэмэнтаваць наша сяброўства і скіраваць яго на тое, што ўсе нашыя адносіны выбарчыя – нічога ня вартыя. Мы – мастакі, мы павінны займацца ў большасьці мастацтвам. Тут могуць толькі адпачкоўвацца, прабачце за такі выраз, людзі, якія думаюць пра капейчыну. Гэтыя людзі ніколі ня пойдуць з мастакамі”.

Соўсь: “Скажыце, калі ласка, хто ўвайшоў у кіроўныя органы саюзу?”

Савіч: “Пакуль толькі два чалавекі вядомыя. Гэта я і Сяржук Цімохаў. Ён будзе сакратаром па выставачнай дзейнасьці. Мы з Сяржуком ішлі ў адной зьвязцы. Гэта было абвешчана ўсім, што мы ідзем удвох, мы так і ішлі”.

Уладзімер Савіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Хатавічы Лагойскага раёну. Скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка, тэатральна-мастацкі інстытут, дзе потым выкладаў і быў загадчыкам катэдры графікі. Удзельнік мастацкіх выставаў ад 1972 году. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісу. Яго ілюстрацыі да «Пінскае шляхты» Дуніна-Марцінкевіча, створаныя яшчэ пад час навучаньня ў інстытуце, адразу сталі клясычнымі. Наступнымі крокамі сталі графічныя нізкі «Беларускія мадонны» й «Голас Купалы»... Аўтар ілюстрацыі да кнігаў Ніны Мацяш, Івана Чыгрынава, Ніла Гілевіча, Васіля Віткі. Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі. Ад 1996 году – прафэсар. Творы зьберагаюцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Фінляндыі, Расеі й Славаччыны.


Новаабраны старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўл.Савіч з групай гарадзенскіх мастакоў, Менск, 28.11.2007
Новаабраны старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўл.Савіч з групай гарадзенскіх мастакоў

Новаабраны старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўл.Савіч і Сяржук Цімохаў, Менск, 28.11.2007
Уладзімер Савіч і Сяржук Цімохаў

Хто стане новым старшынём Беларускага саюзу мастакоў?, 28.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG