Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Работнікі і салдаты захапілі ў Расеі ўласьць”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 23 лістапада ў розныя гады мінулага.

"Гоман” у 1917 годзе піша: “Большэвікі заявілі нямецкім незалежным соцыял-дэмократам, што работнікі і салдаты захапілі ў Расеі ўласьць і прэдлагаюць ураз жэ пачаць перэгаворы аб міры без анексій і контрыбуцый — на аснове самаазначэньня нацыональнасьцей. Аднак проці гэтаго “міра народаў” паўстаюць капіталісты як у Расеі, так і заграніцай. Зь Нямеччыны, Францыі і Аўстрыі большэвікі атрымалі заверэньня, што соцыялістычны расейскі пралетарыат може лічыць на сільную паддзержку”.

“Звязда” ў 1937 годзе паведамляе зь Віцебску: “Гэтымі днямі дзесяцігадовы вучань 10-й сталінскай школы Додзя Берлін, накіроўваючыся ў цырк, прыкмеціў на вуліцы Бакуніна групу падазроных людзей, сарваўшых спісак, у якім значыліся вуліцы і дамы, што ўваходзяць у 7 выбарчы ўчастак. Додзя неадкладна пабег і паведаміў аб гэтым старшыню ўчастковай камісіі т.Юдовіча. З дапамогай міліцыянераў т.Юдовічу ўдалось затрымаць злачынцаў у колькасці пяці чалавек. Яны аказаліся сынамі арыштаваных за контррэвалюцыйныя справы і прыцягваюцца да адказнасці па 72-му артыкулу крымінальнага кодэкса”.

“На паліцах кніжных магазінаў і ў кіёсках “Саюздруку” паявіліся календары на 1958 год, — інфармуе ў 1957 годзе “ЛіМ”. — Яны выдадзены ў Маскве. А ці ёсць дзе беларускі каляндар? — часам пытаюцца пакупнікі. Нажаль, такога календара знайсці нельга, бо ён наогул не выдаецца ў нашай рэспубліцы... Былі добрыя беларускія календары перад Вялікай Айчыннай вайной, якія выдавалі ў Мінску. А вось цяпер чамусьці пра гэта забыліся... Было-б вельмі добра, калі-б нашы выдавецтвы, акрамя адрыўнога календара, падрыхтавалі і настольны беларускі каляндар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG