Можна падабраць розныя кнігі да гэтага дня: патасныя і натхнёныя, гучныя дый ціхія, паэтычныя і празаічныя. Пра свабоду — ад пачатку беларускага руху — пісалі, бадай, усе значныя айчынныя творцы.
Я ж абраў кнігі тых, хто сёньня ў турме. Але іхнія словы прабіваюцца на волю, як трава праз асфальт.
«Люблю Беларусь» Паўла Севярынца — гэта паўторнае выданьне ягонай «Нацыянальнай ідэі», толькі пад іншаю — папулярнейшай назвай. Нацыянальная ідэя і ёсьць «люблю Беларусь». Кніга Севярынца — палкая энцыкляпэдыя свабоды, дзе гутарка ідзе і пра беларускую зямлю, і пра гаспадарку, пра культуру, пра спорт, пра асобаў — і беларускую духовасьць. Пра беларускую волю — імпэт і свабоду — сьведчаць «Нарач» і «Менск», «Няміга» і «Партызанка», «Слуцкія паясы», «Мірскі замак», «Мікола Гусоўскі», «Леў Сапега», «Крыж Эўфрасіньні», «Пагоня». Гэта годная кніга да Дня Волі.
Другі аўтар вольнае кнігі сёньня пад хатнім арыштам.
«Паэмы» Ўладзімера Някляева надрукаваныя менскім выдавецтвам «Лімарыус» у 2010 годзе. «Маланка», «Ложак для пчалы», «Вялікдзень», «Дарога дарог», «Даведка аб нараджэньні» — гэта ўсё пра свабоду. Бо вольнае слова — сапраўднае мастацкае слова — прасякнутае любоўю, адказнасьцю і майстэрствам, вее, дзе хоча. У кватэры Някляева цяпер добра пачуваюцца НКУСнікі. Яны лічаць, што гэтае назаўжды. Адкажам ім вольнымі словамі паэта:
Ня плакаў кат,
Ня кляў свой лёс,
Ня каяўся,
Але на ката
Ужо глядзеў, як брат на брата,
З нябёс сыходзячы,
Хрыстос.
Ня кляў свой лёс,
Ня каяўся,
Але на ката
Ужо глядзеў, як брат на брата,
З нябёс сыходзячы,
Хрыстос.
Аўтар трэцяе кнігі да Дня Волі — Аляксандр Фядута. Абраць нейкую адну ягоную кнігу — складана, бо менавіта Фядута — стваральнік Беларускага біяграфічнага альманаху, выдавец двухтомніка Ларысы Геніюш і збору твораў Уладзімера Дудзіцкага. Але я, рызыкуючы выклікаць абурэньне слухачоў Радыё Свабода, прапаную «Письма прошедшего времени. Материалы к истории литературы и литературного быта Российской империи» 2009 году. Гэта бліскучае навуковае выданьне, грунтоўнае й дасьціпнае, дзе Напалеон сустракаецца зь Янам Сьнядэцкім, Пушкін спрачаецца зь Лелявелем, а за сэрца прафэсара Сянкоўскага б’юцца найпрыгажэйшыя жанчыны. Мудры й вольны позірк на мінулае, калі Беларусь была часткай Расейскай імпэрыі, ад імпэрыі вызваляе. Кнігі Фядуты зачаравалі расейскіх гуманітарыяў, і яны цяпер б’юцца за ягонае вызваленьне. Беларускія інтэлектуалы ў гэтым імпэце ім саступаюць.
Нарэшце, ёсьць яшчэ два ўвязьненыя творцы. Яны даўно не ў турме — калі не лічыць турмою ўсю Беларусь — іхнія кнігі нават не выкідаюць з кнігарняў, як адбылося гэта з творамі Някляева. Але асабліва 25 сакавіка ім абяцаюць ланцугі.
Гутарка ідзе пра Янку Купалу й Якуба Коласа.
Да сёньняшняга Дня Волі найболей падыйдзе кніга Янкі Купалы «Жыве Беларусь!» — збор забароненых патрыятычных вершаў, выдадзеных у вольным 1993 годзе.
З твораў Якуба Коласа да Дня Волі пасуюць і «Новая зямля», і «Сымон музыка» і нават таўсьценная школьная кніжка «На ростанях», асабліва актуальная сваімі рэвалюцыйнымі падзеямі. Але я аддаю перавагу ціхмяным «Казкам жыцьця». Казкі з гэтае кніжкі — гэта іранічныя прароцтвы, што перакрэсліваюць любыя карныя акцыі на плошчы імя беларускага клясыка.