Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра кнігі, якія дапамагаюць гадаваць дзяцей па-беларуску





Наша сёньняшняя экспэртка Тацяна Барысік шукала кнігі, якія дапамагаюць гадаваць дзяцей па-беларуску, з асабістым зацікаўленьнем, бо гадуе дачушку Міхалінку, але ейны прыватны рэйтынг, магчыма, прыдасца і іншым бацькам, якія хочуць бачыць будучыню сваіх дзяцей беларускай.





Н .С. Старжынская, Дз. М. Дубініна. Вучымся гаварыць на роднай мове.

Менск, «Новое знание», 2010

Гэты вучэбны дапаможнік прызначаны пэдагогам і бацькам для заняткаў зь дзецьмі 3-6 гадоў. У ім вы знойдзеце наглядныя матэрыялы па разьвіцьці беларускага маўленьня. Прыдатны як для беларускамоўных, так і для расейскамоўных дашкольнікаў. Спэцыяльных ведаў ад бацькоў не патрабуе. Пашырае слоўнікавы запас дзяцей, іх уяўленьні пра навакольны сьвет. Мае ілюстрацыі і малюнкі-фарбаванкі, што для такога ўзросту неабходна, гульнявыя заданьні, якія Міхалінка з ахвотай выконвае.




Аз+Букі.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2004

Укладальнікам пазначана — для малодшага школьнага ўзросту. Але можна выкарыстоўваць і для беларускамоўных ды дзьвюхмоўных дашкольнікаў, каторыя сьпярша вучаць літары беларускай азбукі, прынамсі, выданьне -найлепшае з тых, што ўдалося знайсьці для гэтага ўзросту. У кнігу ўвайшлі пазнавальныя і займальныя вершаваныя азбукі вядомых беларускіх паэтаў, складзеныя зь вясёлых вершаў, загадак, хуткагаворак, калямбураў. Менавіта ў варыятыўнасьці — вялікі плюс. Кожны можа абраць азбуку, якая падыходзіць менавіта вам. Бо калі дзіця запамінае новую літару, часам складана знайсьці адпаведнае ёй слова, вершык, малюнак, зразумелыя малому. Пагадзіцеся — назва гаспадарчай прылады 19 стагодзьдзя або абстрактная выява птушкі, вядомай толькі адмыслоўцам-заолягам, не зусім тое. А яшчэ некаторых зацікавіць разьдзел «Азбука для панурых у скарагаворках і калямбурах» аўтара Міколы Чарняўскага, прыдатны для заняткаў па карэкцыі гукавымаўленьня. Асобнай падзякі заслугоўвае мастацкае аздабленьне і ілюстрацыі.



Серж Мінскевіч. Прыгоды Какоса Маракоса.

Менск, «Логвінаў», 2006

Літаратурна-мастацкае выданьне. Вершаванка-забаўлянка-фарбаванка, у якой улічаныя псыхалягічныя асаблівасьці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Цікавая, зразумелая дзіцяці вершаваная казка аб складанай прыроднай з’яве, жыхарах акіяну. Але гэтую кніжку можна ня толькі чытаць, але й знаёміцца з марскімі рыбамі і жывёламі па малюнках, гуляць зь ёю, расфарбоўваць, разьвіваючы дробную маторыку рукі. Ня дзіўна, што мая дачка адразу яе ўпадабала, у трохгадовым узросьце запомніла і марскую зорку, і марскога вожыка, і нават каракаціцу, а цяпер мае асаблівую цікавасьць да ўсіх насельнікаў воднага сьвету.



Рыгор Барадулін. Выпаў грук у грома з рук.

Менск, «Радыёла-плюс», 2009

Гэтая вершаваная кніга не з’яўляецца мэтадычным дапаможнікам, але апроч чытаньня і завучваньня напамяць, будзе вельмі карыснай на лягапэдычных занятках па карэкцыі вымаўленьня гукаў, асабліва лапатушкі, цьвялілкі, бубнілкі, якія проста цудоўныя. Для шмат каго з 3-6 гадовых, а часам і старэйшых — гэта актуальна. А паспрабуйце падабраць хуткагаворкі і простагаворкі, каторыя б ня толькі дапамагалі навучыцца правільна вымаўляць шыпячыя ды сьвісьцячыя, а і выхоўвалі б мастацкі густ, былі зразумелыя. У мяне атрымлівалася не заўсёды. Часам у хуткагаворках, што трапляліся мне на вочы, адсутнічаў усялякі сэнс наогул, ці яны былі заскладаныя для дзіцяці, відавочна прызначаліся для старэйшых, якім яны ўжо як леташні сьнег, ці аўтар рыфмаваў словы — эдэльвайс-МТС. А вось- «каню не кажы, што канюшына ў кашы »- іншая справа!


Пятро Васючэнка. Піраміда Лінэя.

Менск, «Галіяфы», 2008

Кніга не прызначаная выключна для дзяцей, а разьлічаная на самага шырокага чытача, што робіць яе выдатным падарункам для любой бібліятэкі. Даступная для дзяцей і дарослых форма і зьмест выхоўвае павагу і любоў да ўсяго жывога. Дарэчы, напісаная ў жанры бэстыярыю (старажытны літаратурны жанр, у якім паўстаюць партрэты жывёлаў).

Што датычыць навучаньня малятак, дык для тых, хто ня так даўно пачаў гаварыць і яшчэ ня ходзіць у садок — проста знаходка. Справа ў тым, што вершыкаў для завучваньня напамяць, чытаньня дзеткам другога-трэцяга году жыцьця таксама бракуе. Аўтары часьцей пішуць для старэйшых. Для самых маленькіх чытаньне зводзіцца да народных забаўлянак, калыханак. Калі вам надакучыла зь дня ў дзень мармытаць: «Божая кароўка, ляці на небка…», а замест «Идёт бычок качается ..», хочацца свайго, роднага, тады паспрабуйце:

Дзеля чаго жыве мядуза?
Цягаць па моры сваё пуза.
Яна марская крапіва,
У яе пустая галава.
Паўна-паўнюткая вады,
Плыве туды, плыве сюды.

І сабе настрой уздымеце, і дзіця памяць ды маўленьне разьвівае, з жывёламі знаёміцца, бо тая мядуза намалявана тут жа, побач. Гэта першы вершык, што мая дачка вывучыла напамяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG