Праваабарончы цэнтар «Вясна» падсумаваў вынікі свайго дакумэнтаваньня за 2024 год.
Сярод 119 чалавек, якія расказалі свае гісторыі перасьледу праваабаронцам «Вясны», было 56 жанчын і 63 мужчыны ўзростам ад 20 да 70 гадоў. Большая частка задакумэнтаваных гісторый тычыцца падзей 2020–2021 гадоў. У асноўным сьведкі цяпер знаходзяцца ў Польшчы і Літве, а таксама ў іншых краінах Эўропы.
Падчас дакумэнтаваньня сьведкі паведамлялі пра пагрозы ім самім і іхным блізкім з боку сілавікоў. Таксама пацярпелыя сутыкнуліся зь фізычным гвалтам падчас затрыманьня, допытаў і зьняволеньня. Да некаторых ужывалі электрашокер. Рэспандэнты паведамлялі, што іх прымушалі запісваць так званыя «пакаяльныя» відэа. У гэтых відэа людзей пад пагрозамі пабіцьця прымушалі агаворваць сябе і прызнавацца ў тым, чаго яны не рабілі. На запісах некаторыя затрыманыя выглядалі пабітымі. Да нядаўняга часу падобныя відэа публікаваліся ў праўладных тэлеграм-каналах.
Апісваючы ўмовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня, пацярпелыя шмат сьведчылі аб тым, што ім даводзілася спаць з пастаянна ўключаным святлом у камэры. Затрыманым з розных прычынаў не давалі спаць і адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе. А таксама не выдавалі пасьцельнай бялізны і не вадзілі на шпацыр.
Важнай часткай сьведчаньняў беларусаў, пацярпелых ад дзеяньняў уладаў, зьяўляюцца наступствы рэпрэсій. Падчас дакумэнтаваньня апытаныя расказвалі пра пагаршэньне фізычнага і псыхічнага стану здароўя пасьля доўгага знаходжаньня ў зьняволеньні або пасьля пабіцьця сілавікамі. Сьведкі казалі, што моцна страчвалі вагу цела і ў іх зьяўляліся праблемы са сном. Па вызваленьні з калёніі людзей ставяць на прафіляктычны ўлік. Экс-палітвязьні сутыкаюцца з стратай працы і цяжкасьцю ў пошуках новай. Былых асуджаных паводле палітычна матываваных артыкулаў амаль не бяруць на працу.
Таксама беларусы расказвалі пра матэрыяльныя наступствы рэпрэсій. Падчас затрыманьняў і зьняволеньня шмат у каго вымаюць усю тэхніку, а ў некаторых арыштоўваюць маёмасьць.
Аддзел дакумэнтаваньня катаваньняў «Вясны» агучыў 24 самыя частотныя словы, якія сустракаліся ў 2024 годзе ў гісторыях беларусаў:
эміграцыя, ператрус, пагрозы, КДБ, Менск, няма пасьцельнай бялізны, ноч са сьвятлом, кайданкі, няма прагулак, аўтазак, зьбіцьцё, не вадзілі ў душ, крымінальная справа, затрыманьне, допыт, РУУС, холад, адміністрацыйны арышт, не было матрацаў, перапоўненая камэра, Сьледчы камітэт, суд, фізычны гвалт, «стакан», ГУБАЗіК, не было перадач, 2020 год, недахоп паветра.
Форум