Сама меней 1721 чалавек асуджаны паводле палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі за 2024 год, сьведчаць падлікі праваабаронцаў «Вясны», якія падсумавалі вынікі рэпрэсіяў за год у Беларусі.
Колькасьць асуджаных
За 2024 год па палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі асудзілі сама меней 1241 мужчыну і 480 жанчын. Сярод агульнай колькасьці асуджаных 21 — у пэнсійным веку (14 жанчын і 7 мужчын).
Таксама сёлета ў Беларусі працягвалася практыка завочных судоў, адзначаюць праваабаронцы. Так званае «спэцвядзеньне» адкрылі на 144 чалавек.
Віды пакараньняў
Самы распаўсюджаны від пакараньня па палітычна матываваных крымінальных артыкулах — пазбаўленьне волі. Так, да калёніі і турмы ўсіх відаў рэжымаў асудзілі агулам 55,4% беларусаў.
Другі распаўсюджаны від пакараньня — абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія») і без накіраваньня («хатняя хімія»). «Хатнюю хімію» прысудзілі 38,7% асуджаных, «хімію» — 4,3%.
Пакараньне ў выглядзе арышту атрымалі 0,6% з асуджаных, штраф — 0,3%. Да прымусовага лекаваньня асудзілі 0,7%.
Геаграфія прысудаў
Больш за ўсё палітычных крымінальных судоў прайшло ў Менску — 51,4%. На другім месцы па колькасьці палітычна матываваных крымінальных прысудаў стаіць Берасьцейская вобласьць — 18%. Менш за ўсё палітычных прысудаў вынесьлі ў Магілёўскай і Віцебскай вобласьці — 4,8% і 3% адпаведна.
Самыя распаўсюджаныя крымінальныя артыкулы
Беларусаў усё яшчэ працягваюць масава судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту чатырохгадовай даўнасьці. Самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту — паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэксу ў 2024 годзе асудзілі 1019 чалавек.
Таксама распаўсюджаныя дыфамацыйныя артыкулы, па якіх судзяць за камэнтары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Сярод іншага:
- 245 чалавек асудзілі за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК), 135 чалавек — за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК),
- 186 чалавек — за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК),
- 109 чалавек — за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК),
- 75 чалавек — за «заклікі да санкцыяў» (арт. 361 КК).
Каго судзілі «за палітыку»
Сёлета па палітычных крымінальных справах судзілі, сярод іншага, лекараў і комікаў, вайскоўцаў і праваабаронцаў, грамадзян Украіны і палітычных аналітыкаў, журналістаў і ілюстратараў.
У статыстычным аглядзе «Вясны» за 2024 год, апублікаваным 29 сьнежня, паведамлялася, што цяпер, сярод іншага, за кратамі знаходзяцца 175 культурных дзеячоў, 45 прадстаўнікоў СМІ, больш за 30 ІТ-спэцыялістаў, 20 вайскоўцаў, 17 лекараў, 10 сьвятароў і вернікаў, сем адвакатаў, шэсьць праваабаронцаў.
Таксама ўлады ўзмацнялі крымінальны ціск на палітвязьняў, выносячы ім новыя прысуды за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Судовыя прысуды выносілі за прадуктовыя перадачы сем’ям палітвязьняў і адпраўку лістоў зьняволеным — так, за атрыманьне прадуктовых перадач пры дапамозе ініцыятывы INeedHelpBY празь ператрусы, допыты і затрыманьні сёлета прайшлі сама меней 287 чалавек.
Палітвязьні ў Беларусі
Па стане на 30 сьнежня ў Беларусі сама меней 1265 палітычных вязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большай.
Паводле праваабаронцаў, сама меней 224 чалавекі «знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы», 46 палітвязьняў — старэйшыя за 60 гадоў, 29 — шматдзетныя бацькі.
Форум