Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы 7 студзеня нанесьлі «высокадакладны ўдар» па камандным пункце 810-й асобнай брыгады марской пяхоты Ўзброеных сіл Расеі ў раёне населенага пункта Белая ў Курскай вобласьці.
Дэталяў апэрацыі ў Генштабе Ўкраіны не прыводзяць.
«Гэты ўдар і шэраг нядаўніх апэрацыяў супраць расейскіх фармаваньняў у Курскай вобласьці былі ўзгодненыя з украінскімі сухапутнымі войскамі, якія зараз пачынаюць новыя наступальныя дзеяньні супраць расейскіх узброеных сіл», — гаворыцца ў англамоўнай частцы паведамленьня ўкраінскага Генштабу.
Расея гэтыя заявы ўкраінскага боку пакуль не камэнтавала.
Раней 7 студзеня прадстаўнік Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны Руслан Музычук заявіў падчас тэлемаратону, што Расея вымушаная перакідаць у Курскую вобласьць свае падразьдзяленьні зь іншых напрамкаў фронту.
Паводле зьвестак «Вёрстки», расейская 810-я асобная брыгада панесла самыя вялікія страты ў баях з украінскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласьці.
У ноч на 25 сьнежня УСУ ўдарылі па горадзе Льгоў у Курскай вобласьці. Украінскія вайскоўцы тады заявілі, што цэльлю ўдару быў пункт кіраваньня 810-й брыгады. Выканаўца абавязкаў кіраўніка рэгіёну Аляксандар Хінштэйн пасьля атакі паведаміў пра 4 загінулых і 5 параненых.
30 сьнежня ўкраінскія войскі нанесьлі яшчэ адзін удар па Льгове. Astra пісала, што некалькі ракет трапілі ў будынак, які выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы, у выніку ўдару загінулі 8 вайскоўцаў, яшчэ 22 атрымалі раненьні.
- 5 студзеня 2025 году ў Мінабароны Расеі пацьвердзілі, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны пачалі новы штурм у Курскай вобласьці.
- Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны ў справаздачы ад 6 студзеня канстатаваў, што ўкраінскія сілы дасягнулі тактычных посьпехаў падчас наступальных апэрацыяў у Курскай вобласьці Расеі.
- Замежныя аглядальнікі пішуць, што наступ УСУ на Курскім напрамку — гэта спроба Кіева палепшыць свае пазыцыі на полі бою да 20 студзеня, калі Дональд Трамп прыйдзе да ўлады ў Злучаных Штатах. Новаабраны прэзыдэнт ЗША ў выбарчай кампаніі абяцаў хутка пакласьці канец расейскай вайне супраць Украіны.
- Узброеныя сілы Ўкраіны пачалі апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня 2024 году, заняўшы больш за 1 тысячу квадратных кілямэтраў тэрыторыі вобласьці. Потым расейскае войска з дапамогай войскаў КНДР змагло адбіць частку тэрыторыі.
Форум