Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Легалізацыя 6-дзённага працоўнага тыдня», — прадстаўнік АПК доктар Салавей пра рашэньне ўраду аб платных мэдпаслугах у выходныя


Станіслаў Салавей. Ілюстрацыйны каляж.
Станіслаў Салавей. Ілюстрацыйны каляж.

Намесьнік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях доктар Станіслаў Салавей пракамэнтаваў для Свабоды рашэньне ўраду дазволіць усім дзяржаўным мэдустановам дазволілі аказваць платныя паслугі ў выходныя.

«Мы маем легалізацыю 6-дзённага працоўнага тыдня, у той час як у сьвеце ўжо задумваюцца аб 4-дзённым. А ў нас вяртаюцца да 6-дзённага працоўнага тыдня. Мэдыкі ўжо даўно забыліся пра 8-гадзінны працоўны дзень, зьмены досягаюць і 32 гадзін. Цяпер і 5-дзённы тыдзень для некаторых зь іх стаў недаступным. Пры гэтым каэфіцыэнт сумяшчальніцтва і так быў на ўзроўні 1,3 у сярэднім», — лічыць доктар Салавей.

Паводле яго, «па сутнасьці, гаворка ідзе пра вяртанне „паншчыны“: 5 дзён ты працуеш на пана (дзяржаву), а адзін дзень — на сябе».

Прадстаўнік АПК зьвяртае ўвагу на тое, што «няма прававога рэгуляваньня, каго прымаць бясплатна, а каго — на платныя паслугі (з тых, хто тэрытарыяльна адносіцца да гэтай бальніцы). Гэта стварае як карупцыйныя рызыкі, так і „вокны“ для сілавікоў для чарговай справы супраць лекараў. Бо ў адной бальніцы тымі ж самымі кадрамі трэба лячыць і бясплатна, і платна».

«Трэцяе і самае галоўнае — дзяржава пераклала сваю працу па павышэньні даступнасьці мэдыцынскай дапамогі і павышэньні аплаты працы медыкаў на звычайных людзей. Нагадаю, што ўсе яны плацяць падаткі, зь якіх аплачваюцца, у тым ліку, заробкі лекарам і мэдсёстрам. Цяпер, каб павысіць заробкі мэдыкам, пацыенты павінны заплаціць яшчэ раз, але ўжо наўпрост у бальніцу. Узьнікае пытаньне: а навошта тады тут дзяржава? І дзе лёгіка, што праца лекара ці мэдсястры мае розную каштоўнасьць у залежнасьці ад дня?», — пытаецца доктар.

  • Урад «удасканаліў парадак аказаньня платных мэдычных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя», паведамляе прэс-служба Саўміну. Адпаведнае распараджэньне падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
  • Ім дадзена права аказваць асобныя мэдычныя паслугі ў выходныя і сьвяточныя дні. Таксама пашыраны пералік платных мэдпаслуг «за кошт уключэньня ў яго найбольш запатрабаваных у грамадзян мэдычных умяшаньняў (у асноўным хірургічнага профілю) і дыягнастычных дасьледаваньняў».
  • Рэалізацыя пастановы, як сказана ў рэлізе, дазволіць «прапанаваць грамадзянам альтэрнатыву прыватным мэдычным цэнтрам, якія аказваюць платныя мэдычныя паслугі па высокіх цэнах, павысіць узровень заработнай платы мэдычных работнікаў, якія ўдзельнічаюць у аказаньні такіх паслуг, за кошт пашырэньня аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасьці, а таксама забясьпечыць эфэктыўнасьць выкарыстаньня мэдычнага абсталяваньня».
  • Падкрэсьліваецца, што аказаньне гарантаванага аб’ёму бясплатнай мэдычнай дапамогі ў выходныя будзе «забясьпечана бесьперашкодна, бясплатна ў поўным аб’ёме і на тых жа ўмовах, якія дзейнічалі да прыняцьця гэтай пастановы».
  • Платныя паслугі, пра якія ідзе размова, тычацца гінэкалягічнага, уралягічнага, афтальмалягічнага, нэўрахірургічнага, отарыналярынгалягічнага, рэнтгенахірургічнага, рэканструктыўнага, артапэдычнага, траўматалягічнага, сківічна-тварнага, агульнахірургічнага, практалягічнага і эндаскапічнага профілю.
  • Да гэтага часу ў рамках экспэрымэнту платныя паслугі ў выходныя дні аказвалі 265 дзяржустаноў аховы здароўя, сказана ў рэлізе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG