Савет Міністраў Беларусі дапоўніў пералік паслуг паштовай сувязі, тарыфы на якія рэгулюе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, «выплата (дастаўка) пэнсіі грамадзянам, якія жадаюць атрымліваць пэнсію праз аб’ект паштовай сувязі нацыянальнага апэратара паштовай сувязі», будзе ажыцьцяўляцца «за кошт уласных сродкаў аказанай ім паслугі».
Гэтая норма пастановы пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2025 году.
Цягам 2024 году ў Беларусі ўхвалілі шэраг рашэньняў, паводле якіх атрымальнікі сацыяльных выплат і пэнсій мусілі «перайсьці» у банкі.
Урад вызначыў 8 банкаў («Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белаграпрамбанк», «Сбер Банк», «Белгазпромбанк», «Белінвэстбанк», Банк «Дабрабыт», «Белзьнешэканомбанк»), у якіх атрымальнікі сацыяльных выплат мусілі адкрыць так званыя базавыя рахункі — на іх дзяржава будзе пералічваць усе сацыяльныя выплаты.
Для гэтага атрымальнікі пэнсій і сацыяльнай дапамогі мусілі зьвярнуцца з адпаведнымі заявамі ў банкі да 10 чэрвеня 2024 году. Тады ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі паведамлялі, што зьмены не закрануць атрымальнікаў пэнсій ва ўзросьце, старэйшым за 70 гадоў і інвалідаў I і II груп, атрымальнікаў дапамогі па выхаваньні дзяцей-інвалідаў, сямей, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў, а таксама атрымальнікаў, якія жывуць у сельскай мясцовасьці.
Цяпер вынікае, што ўсе катэгорыі гэтых грамадзян мусяць самі аплочваць паслугі пошты за атрыманьне пэнсій і дапамогі.
Форум