Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча падоўжыла рэжым спрошчанага атрыманьня праязнога дакумэнту замежніка для беларусаў


Польскі праязны дакумэнт іншаземца
Польскі праязны дакумэнт іншаземца

Польшча падоўжыла для беларусаў рэжым спрошчанага атрыманьня праязнога дакумэнту замежніка да 30 чэрвеня 2025 году. На адпаведнае паведамленьне Ўправы па справах замежнікаў Польшчы зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Беларусы в Польше».

Польскі праязны дакумэнт іншаземца (polski dokument podróży dla cudzoziemca) — гэта пасьведчаньне асобы іншаземца ў Польшчы, які ня мае пашпарта ці аналягічных дакумэнтаў, выдадзеных краінай яго паходжаньня. Беларусы могуць карыстацца гэтым дакумэнтам замест пашпарта для пацьвярджэньня асобы (у адміністрацыйных органах, у банках, у іншых выпадках, калі неабходна засьведчыць сваю асобу). Таксама дакумэнт дазваляе беларусам падарожнічаць — перасякаць мяжу Польшчы і вяртацца ў краіну.

Спрошчаны парадак атрыманьня гэтага дакумэнта для беларусаў увялі ў 2023 годзе.

Паводле спрошчанай схемы праязны дакумэнт іншаземца ў Польшчы можа атрымаць беларус зь любым часовым дазволам на жыхарства, незалежна ад падставаў яго атрыманьня. Дакумэнт могуць атрымаць нават беларусы, у якіх няма ці наагул не было беларускага пашпарта (у першую чаргу гэта тычыцца дзяцей, народжаных у Польшчы, бацькі якіх ня могуць аформіць ім дакумэнты ў Беларусі). Беларусаў вызвалілі ад абавязку даводзіць, што яны ня могуць атрымаць новы пашпарт у Беларусі.

Таксама беларусаў вызвалілі ад сплаты збору за афармленьне праязнога дакумэнту іншаземца (цяпер памер збору складае 350 злотых) — гэтая мера будзе дзейнічаць бестэрмінова да яе адмены.

  • У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб тым, што беларускія дыпляматычныя місіі больш ня будуць выдаваць новыя пашпарты грамадзянам краіны, якія знаходзяцца за мяжой. З таго часу грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой, могуць атрымліваць і абменьваць пашпарты толькі ў органе МУС па месцы апошняй рэгістрацыі або па месцы жыхарства ў Беларусі. Як вынік, тысячы беларускіх грамадзян, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь з палітычных прычынаў, праз пагрозу перасьледу, страцілі магчымасьць абмяняць ці атрымаць новы беларускі пашпарт.
  • Пасьля рашэньня беларускіх уладаў не выдаваць беларускія пашпарты за мяжой для беларусаў актуальным стала пытаньне пашпарта замежнага грамадзяніна. Гэта трэвэл-дакумэнт, які выдаецца на падставе часовага дазволу на жыхарства на час тэрміну яго дзеяньня. Пасьля адпаведных заклікаў беларускіх дэмакратычных сілаў шэраг краін Эўразьвязу пачалі выдаваць такія дакумэнты беларусам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG