Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод беларускіх мігрантаў найцяжэй у Польшчы — жанчынам і тым, хто прыехаў у 2020–2021 гадах, — дасьледаваньне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве

На сталае пражываньне ці на тэрмін большы за год у Польшчы сёлета хацелі застацца 68% мігрантаў зь Беларусі, паведамляе PAP з спасылкай на дасьледаваньне Нацыянальнага банку Польшчы (НБП).

У справаздачы НБП прадстаўленыя вынікі апытаньня беларускіх мігрантаў, праведзенага з 15 красавіка па 5 ліпеня 2024 году.

Паводле зьвестак Управы па справах замежнікаў (UdSC) на 30 чэрвеня 2024 году, 133 тысячы беларусаў мелі дазвол на знаходжаньне ў Польшчы.

Згодна з апытаньнем НБП, асноўнай прычынай масавай міграцыі зь Беларусі стала палітычная сытуацыя ў краіне. Амаль 84% апытаных прыехалі ў Польшчу ў 2020 годзе ці пазьней. Каля 60% назвалі прычынай ад’езду палітычную абстаноўку ў Беларусі і страх перад рэпрэсіямі. Другой важнай прычынай міграцыі сталі эканамічныя фактары.

Сярод мігрантаў зь Беларусі значную долю складаюць асобы з польскімі каранямі. Карту паляка ці польскае грамадзянства маюць 24% апытаных.

«Фактар, які адрозьнівае іх ад астатніх імігрантаў зь Беларусі, — гэта перш за ўсё лепшае веданьне польскай мовы, больш стабільны статус знаходжаньня ў Польшчы і больш выгаднае становішча на польскім рынку працы», — адзначаецца ў справаздачы.

Беларускія мігранты — гэта ў асноўным адукаваныя людзі, гаворыцца ў справаздачы.

«Каля 60% заяўляюць, што маюць вышэйшую адукацыю. Сярод апытаных прыкладна роўныя суадносіны мужчын і жанчын. Людзі маладзейшыя за 34 гады складаюць 50% рэспандэнтаў. Амаль палова апытаных знаходзяцца ў Польшчы з мужам ці жонкай», — паведамляе НБП.

Шанцы беларусаў на добрую працу ў Польшчы залежаць ад часу іх прыезду і полу. Беспрацоўнымі ў дасьледаванай выбарцы былі каля 16% рэспандэнтаў. Найлепш на польскім рынку працы адаптаваліся тыя, хто прыехаў да 2019 году і добра валодае польскай мовай. У складанай сытуацыі знаходзіліся тыя, хто прыбыў у 2020–2021 гадах і жанчыны ў цэлым.

Беларуская міграцыя вылучаецца высокім працэнтам работнікаў IT і людзей, якія адкрываюць у Польшчы ўласны бізнэс, адзначаецца ў дасьледаваньні.

Эканамічнае становішча беларускіх мігрантаў адрозьніваецца. Ключавы фактар, які на яго ўплывае, — пол рэспандэнта: жанчыны знаходзяцца ў больш складанай фінансавай сытуацыі.

Беларускія мігранты зьвязваюць сваю будучыню з Польшчай.

«Амаль 79% ацэньваюць сваю задаволенасьць жыцьцём у Польшчы як добрую або вельмі добрую, а 68% плянуюць застацца ў краіне на сталае пражываньне або больш як на год», — гаворыцца ў справаздачы НБП.

Асноўная форма дапамогі, якая магла б аблягчыць знаходжаньне і працу беларускіх мігрантаў у Польшчы, — гэта спрошчаная легалізацыя знаходжаньня (54%). Рэспандэнты з польскімі каранямі чакаюць перш за ўсё дапамогі ў пошуку працы (37%) і спрошчанай легалізацыі (36%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG