«Ідзе перадзел сьвету: моцныя, багатыя краіны схапіліся ў гэтай сутычцы. Ідзе жорсткая барацьба за лідэрства сёньня, заўтра і ў будучыні. Ваша краіна як гіганцкая краіна, натуральна, уцягнутая ў гэты вір», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістану Шахбазам Шарыфам Лукашэнка заявіў, што мэты і шлях разьвіцьця Пакістану «не адпавядаюць жаданьню» гэтых вялікіх краін.
«Вы ведаеце, чаго хоча Пакістан. Але тое, чаго вы хочаце, не адпавядае жаданьню гэтых вялікіх краін, якія вядуць барацьбу за лідэрства. Вы ведаеце, што тут у рэгіёне Злучаныя Штаты Амэрыкі, Ангельшчына, ваш сусед Індыя, Аўстралія, хочуць стварыць нейкае „ціхаакіянскае NATO“. Натуральна, Пакістану, які хоча мірна разьвівацца, гэта, магчыма, нецікава. Таму вас будуць разгойдваць, у вас пастаянна будуць нагнятаць абстаноўку. І вось галоўнае — беражыце сваю краіну. Захаваеце — у вас будзе месца для жыцьця. Не захаваеце — будзе бяда. Сяброўская вам парада», — сказаў Лукашэнка.
«У сьвеце сёньня адбываюцца жахлівыя перамены, якіх не было апошнія некалькі стагодзьдзяў, сьвет вельмі турбулентны. І ў гэта складаны час выжывуць толькі тыя краіны, якія будуць адзіныя», — дадаў ён.
Пра рэакцыю пакістанскага боку на гэтыя словы Лукашэнкі пакуль невядома.
Аляксандар Лукашэнка прапанаваў кіраўніку ўраду Пакістану «манэтызаваць» палітычныя дачыненьні ў эканамічныя.
«Мы сёньня канстатавалі галоўны факт у нашых дачыненьнях: у нас бліскучыя дыпляматычныя дачыненьні, у палітыцы ўсё нармальна. Але мы значна адстаём у гандлёва-эканамічных адносінах ад магчымасьцяў, якія існуюць. Нам трэба абавязкова нашыя палітычныя дачыненьні манэтызаваць, трэба паглыбіць і разьвіць эканамічныя дачыненьні», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
26 лістапада ў часе візыту Лукашэнкі ў Пакістан прадстаўнікі ўраду Беларусі падпісалі «дарожную мапу» разьвіцьця ўсебаковага супрацоўніцтва на 2025–2027 гады, а таксама шэраг галіновых пагадненьняў: аб міжнародных аўтамабільных зносінах, аб абмене зьвесткамі мытнай статыстыкі ва ўзаемным гандлі, аб навукова-тэхнічнай супрацы і гэтак далей.
Згодна зь інфармацыяй Міністэрства замежных спраў Беларусі, цягам апошніх гадоў аб’ём гандлю паміж Беларусьсю і Пакістанам вагаецца ў межах ад 50 да 65 мільёнаў даляраў.
Візыт Аляксандра Лукашэнкі адбываецца на тле вострага палітычнага процістаяньня ў Пакістане пасьля зьняволеньня былога прэм’ер-міністра Імрана Хана. Улады пайшлі на моцныя захады бясьпекі цягам апошніх двух дзён пасьля таго, як Хан заклікаў правесьці марш у парлямэнт для сядзячай дэманстрацыі з патрабаваньнем яго вызваленьня, у той час як дарогі ў горад былі забарыкадаваныя.
Хан быў адхілены ад улады парлямэнтам у 2022 годзе пасьля таго, як пасварыўся з Узброенымі сіламі Пакістану. Яму выставілі розныя абвінавачаньні — ад карупцыі да падбухторваньня да гвалту, якія ён і яго партыя адмаўляюць.
Форум