Аляксандар Лукашэнка даручыў новаму дырэктару падсанкцыйнага прадпрыемства «Беларуськалій» Андрэю Рыбакову дамовіцца з Расеяй аб узаемным зьніжэньні здабычы калійных угнаеньняў, каб справакаваць іх нястачу на зьнешнім рынку і ў выніку павялічыць на іх цану.
«Я прасіў бы цябе адпрацаваць, я ня ставіў гэтую задачу раней, адпрацаваць гэтае пытаньне, з кім гэта патрэбна, асабліва з расейцамі, па здабычы белкалію. Такіх цэн я ўвогуле ня памятаю ў гісторыі, такія нізкія цэны на калійныя ўгнаеньні, хоць праца шахцёраў няпростая. Можа, нам з расейцамі перагаварыць, параіцца — і працэнтаў на 10, можа на 11 зьнізіць здабычу калійных угнаеньняў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў часе прызначэньня новага кіраўніка «Беларуськалію».
Відэазапіс гэтай размовы апублікавалі ў Telegram-канале «Пул первого», зьвязаным з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле яго, пасьля зьніжэньня аб’ёмаў здабычы «ня тое што дэфіцыт на рынку зьявіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі».
«Некалі, адзін раз у час маёй бытнасьці, мы ўжо да гэтага падыходзілі. Трэба перагаварыць з Расеяй, вытворцамі калійных угнаеньняў, аб зьніжэньні вытворчасьці. Ну чаго за бесцань, амаль па сабекошце, а то і ніжэй, прадаваць гэты прадукт? Парайся, потым даложыш, і ўхвалім рашэньне адпаведнае. Але я схільны да таго, што нам можна адсоткаў на 10, можа і больш, зьнізіць вытворчасьць. Галоўнае, каб не пацярпелі людзі, каб своечасова плацілі заработную плату і гэтак далей. Адпрацуй гэтае пытаньне», — даручыў Лукашэнка.
Пасьля ўвядзеньня санкцый беларускія прадпрыемствы спрабавалі захаваць аб'ём сваіх паставак праз розныя схемы, але атрымліваць ранейшыя аб'ёмы прыбыткаў пры гэтым не ўдаецца.
- Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
- У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
- Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
- Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
- 18 верасьня стала вядома, што суд Эўразьвязу адмовіў у задавальненьні пазоваў «Беларуськалію», ягонага гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЭЗ аб адмене санкцый. Юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпу недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў і інш.
Форум