Украінская кампанія «АгроХімРесурс», якая набывала на беларускіх прадпрыемствах угнаеньні, з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ня можа вярнуць зь Беларусі 21 вагон і 6 кантэйнэраў.
Гэтыя вагоны перад вайной адправілі на «Гродна Азот» і Гомельскі хімічны завод па чарговую партыю прадукцыі. Цяпер беларускія прадпрыемствы адмаўляюцца вяртаць рухомы састаў ва Ўкраіну.
Як стала вядома з судовага рашэньня, вагоны належалі іншай украінскай кампаніі — ТАА «ТрансЕкспрес», якая на правах арэнды перадала іх у часовае карыстаньне ТАА «АгроХімРесурс». У канцы 2023 году час арэнды скончыўся, а кампанія не вярнула зь Беларусі арандаваную маёмасьць. Цяпер кампанія «АгроХімРесурс» вымушана сплачваць запазычанасьць за арэнду вагонаў, якімі не магла карыстацца.
У судовым рашэньні адзначаецца, што беларускія прадпрыемствы «Гродна Азот» і Гомельскі хімічны завод «незаконна ўтрымліваюць рухомы састаў» і адмаўляюцца перамяшчаць вагоны ў Латвію, як патрабаваў уласьнік маёмасьці. Усе запыты, якія накіроўвалі ўкраінскія прадпрыемствы, у Беларусі праігнаравалі.
Што папярэднічала
З пачатку расейскага ўварваньня, якое падтрымала Беларусь, ва Ўкраіне арыштавалі 17 800 чыгуначных вагонаў, якія належалі беларускім і расейскім кампаніям.
У Беларускай чыгунцы заяўлялі, што на тэрыторыі Ўкраіны з 24 лютага 2022 году засталося сем тысяч беларускіх вагонаў, зь іх пяць тысяч належаць Беларускай чыгунцы. Іх хацелі вярнуць і накіроўвалі адпаведныя запыты, але ўкраінскі бок нібыта адмаўляўся ад кантактаў.
Паводле зьвестак Беларускай чыгункі, на тэрыторыі Беларусі засталіся два ўкраінскія лякаматывы і каля 500 вагонаў, якія знаходзяцца нібыта на прадпрыемствах грузаатрымальнікаў або тых партнэраў, зь якімі працавалі кампаніі з Украіны.
Форум