Іх сумесная заява апублікаваная на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» і прымеркаваная да маючай адбыцца інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтары дакумэнту таксама заклікаюць «не дапускаць мер па падтрымцы і ўзмацненьню рэжыму» у Менску, «падтрымліваць сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь і беларускую грамадзянскую супольнасьць».
Заяўляецца, што электаральнае мерапрыемства, якое адбылося ў Беларусі 26 студзеня, «не адпавядала міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў», бо «праходзіла ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасфэры татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыя і апазыцыі.
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што «дзяржаўная ўлада ўтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам неканстытуцыйным шляхам». У той жа час, зазначаецца ў заяве, «нягледзячы на адсутнасьць дэмакратычнай легітымнасьці», рэжым «працягвае ажыцьцяўляць эфэктыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, уключаючы дзяржаўныя інстытуты, і, такім чынам, зьяўляецца дэ-факта ўладай на гэтай тэрыторыі». Адзначаецца, што «гэта накладае на прадстаўнікоў улады ўсю паўнату абавязацельстваў па выкананьні правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнародным правам».
«Фактычнае кіраўніцтва Беларусі нясе поўную адказнасьць за грубыя і масавыя парушэньні правоў чалавека, шэраг зь якіх кваліфікаваныя Групай незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі як злачынствы супраць чалавечнасьці, уключаючы крымінальны перасьлед грамадзян паводле палітычных матываў, ужываньне катаваньняў і іншага забароненага абыходжаньня, падаўленьне свабоды слова, сходаў і асацыяцый. Гэтыя злачынствы ня могуць заставацца беспакаранымі і павінныя стаць прадметам судовага разбору як у рамках міжнародных мэханізмаў, гэтак і на ўнутрыдзяржаўным узроўні», — гаворыцца ў заяве.
Заяву падпісалі Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, Human Constanta, «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Respect-Protect-Fulfill, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.
Сёмая інаўгурацыя Лукашэнкі пройдзе 25 сакавіка.
- Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што паводое стану на 24 сакавіка ў Беларусі 1202 палітвязень. Рэальная іх колькасьць можа быць большаю.
Форум